Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАСІЛЬ ЛЯВОНАЎ СПАДЗЯЕЦЦА, ШТО СПРАВЫ ЗЬНІКЛЫХ ПАЛІТЫКАЎ РАСЬСЬЛЕДУЮЦЬ


Уладзімер Глод, Менск

Прадстаўнік фонду “За новую Беларусь” зьвярнуў увагу на тое, што дакумэнт, у якім наўпрост гаворыцца пра тое, што дачыненьне да гучнай справы маглі мець высокія службовыя асобы Беларусі, падтрымалі на пленарным паседжаньні й галасаваньні амаль 100% эўрапейскіх парлямэнтароў. А спробы зьмякчыць рэзалюцыю на паседжаньні юрыдычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі з боку дэпутацыі Літвы і расейскага парлямэнтара Заўгаева посьпеху ня мелі.

Паводле Васіля Лявонава, наступныя крокі эўрапейцаў будуць шмат у чым залежаць ад таго, як павядуць сябе цяпер беларускія ўлады:

(Лявонаў: ) “Калі там прысутнічаеш, на гэтым высокім сходзе, сорамна чуць, што ты прыехаў з той краіны, якая з гэтага сьпісу (сябраў ПАРЭ) выкрасьленая. Вось гэта самае цяжкае. Разам з тым, добра тое, што прынятая такая пастанова, якая ня можа быць праігнараваная беларускай уладай”.

Васіль Лявонаў сказаў журналістам, што Сьвятлана Завадзкая і Ірына Красоўская выступілі ў Страсбуры вельмі эмацыйна і зьмястоўна. Пасьля паседжаньня і адмысловай прэсавай канфэрэнцыі да іх падыходзілі дэпутаты з розных краінаў, якія захапляліся іх мужнасьцю і абяцалі давесьці гэтую справу да канца.

Пра арышт у Менску Міхаіла Марыніча Васіль Лявонаў даведаўся ў Страсбуры. Для яго гэта ня стала нечаканасьцю:

(Лявонаў: ) “Думаю, што магчымыя і новыя арышты, перасьлед. І думаю, усё гэта будзе цягнуцца да таго часу, пакуль сваё слова ня скажа ня толькі Захад, але і Ўсход”.
XS
SM
MD
LG