Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭПУТАТЫ З “РЭСПУБЛІКІ” ЛІЧАЦЬ СПРАВУ МАРЫНІЧА ПАЛІТЫЧНАЙ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Дэпутаты групы “Рэспубліка” Валеры Фралоў, Уладзімер Парфяновіч і Сяргей Скрабец правялі прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой выказалі сваё стаўленьне да затрыманьня Міхаіла Марыніча. Усе яны перакананыя, што прычыны перасьледу экс-міністра і амбасадара — палітычныя. Гаворыць Сяргей Скрабец:

(Скрабец: ) “На маю думку, гэта чыста палітычны перасьлед. Баяцца яго, як палітычнага лідэра, які можа скласьці канкурэнцыю на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году”.

Cяргей Скрабец таксама паведаміў, што сустракаўся зь Міхаілам Марынічам у нядзелю перад затрыманьнем. Спадар Марыніч распавёў дэпутату, што цэлую ноч правёў у міліцыі. Міліцыянты забралі ў яго валізку з 90000 даляраў. У панядзелак Міхаіл Марыніч зьбіраўся прынесьці міліцыянтам дакумэнты, якія сьведчылі, што гэта — законныя грошы. Але ў панядзелак Марыніча ўжо выклікалі на допыт у КГБ, пасьля чаго ён трапіў у сьледчы ізалятар “амэрыканку”. На думку Сяргея Скрабца, тое, што справай Марыніча заняўся КГБ, яшчэ раз сьведчыць пра яе палітычную матываванасьць.

Валеры Фралоў лічыць, што, зьмясьціўшы Міхаіла Марыніча ў турму, улады хочуць застрашыць сяброў дэпутацкай групы “Рэспубліка”:

(Фралоў: ) “Хочуць аказаць псыхалягічны ціск на людзей, якія працуюць разам зь ім. Мне здаецца, хочуць аказаць ціск на нас, каб мы сябе паводзілі памяркоўней. Але кожны для сябе задачу паставіў і мне здаецца, што гэта ніяк не паўплывае на нашыя паводзіны”.

Уладзімер Парфяновіч тасама лічыць, што палітычны перасьлед Міхаіла Марыніча мае на мэце застрашэньне дэпутатаў “Рэспублікі” ды іншых калегаў экс-міністра.

У часе прэсавай канфэрэнцыі адна з журналістак сказала, што падчас допыту Марыніч быццам бы прызнаўся, што грошы атрымаў ад грамадзяніна Расеі для правядзеньня выбарчай кампаніі сябраў ягонай арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”. Журналістка сьцьвярджала, што гэтую інфармацыю атрымала ад аднаго з сыноў спадара Марыніча. На што дэпутаты адказалі, што, пакуль не пачуюць гэтай інфармацыі ад самога спадара Марыніча, камэнтаваць яе ня будуць.

Сябры групы “Рэспубліка” паведамілі, што будуць рабіць усё магчымае, каб Міхаіл Марыніч быў вызвалены. Яны агучылі свой зварот да парлямэнтаў і кіраўнікоў іншых дзяржаваў, а таксама да міжнароднай супольнасьці з заклікам дамагчыся ад беларускіх уладаў вызваленьня Міхаіла Марыніча.

Гл. таксама
КГБ ЗАТРЫМАЎ МІХАІЛА МАРЫНІЧА, БЫЛОГА ПРЭТЭНДЭНТА НА ПАСАДУ ПРЭЗЫДЭНТА БЕЛАРУСІ
АФІЦЫЙНАЕ АБВІНАВАЧАНЬНЕ МІХАІЛУ МАРЫНІЧУ ДАГЭТУЛЬ НЕ ПРАД’ЯЎЛЕНАЕ
XS
SM
MD
LG