Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА СЭСІЮ ПАРЭ ПАЕДЗЕ ВАСІЛЬ ЛЯВОНАЎ І ЖОНКІ ЗЬНІКЛЫХ ПАЛІТЫКАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Жонкі зьніклых палітыкаў і старшыня апякунскай рады фонду “За новую Беларусь” возьмуць удзел у прэсавай канфэрэнцыі, якую мяркуе даць у Страсбуры сябра ПАРЭ, дэпутат парлямэнту Кіпру Хрыстас Пургурыдэс.

Летась спадар Пургурыдэс двойчы наведаў Беларусь і падрыхтаваў дзьве справаздачы — пра ўціск сродкаў масавай інфармацыі ў краіне ды пра зьніклых Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. Апошні дакумэнт зьмяшчаў шэраг сур’ёзных прапановаў — ад патрабаваньня адстаўкі Генэральнага пракурора Беларусі Віктара Шэймана да правядзеньня міжнародных судоў у справах зьніклых. На папярэдняй сэсіі ПАРЭ, у студзені 2004 году, юрыдычны камітэт асамблеі аднагалосна зацьвердзіў мэмарандум аб зьніклых.

Цяпер яго абмяркуе ўвесь дэпутацкі корпус Парлямэнцкай асамблеі, а гэта аж 600 парлямэнтароў з усяе Эўропы. Беларускае пытаньне ўключана ў парадак дня паседжаньня, якое адбудзецца 28 красавіка. Ня выключана, што Сьвятлана Завадзкая альбо Ірына Красоўская атрымаюць права выступіць перад дэпутатамі. З гэтай нагоды, спадарыня Завадзкая сказала пра тое, што яна будзе дзякаваць дэпутатаў за ўвагу да яе і іншых родных зьніклых, а таксама засяродзіць увагу парлямэнтароў на тое, што беларускія ўлады нічога ня робяць для пошуку зьніклых. Больш таго, на пачатку красавіка, яны чарговым разам прыпынілі справу Зьмітра Завадзкага, да якой праваахоўныя органы вярнуліся тады, калі Хрыстас Пургурыдэс рыхтаваў сваю справаздачу.

(Завадзкая: ) “Я чамусьці зьвязваю гэта са справаздачай Пургурыдэса. Справаздача даволі жорсткая, і можа ўлады спадзяваліся на тое, што ў сувязі з тым, што яны ўзнавілі справу мужа, справаздача будзе трохі мякчэйшай. Цяпер, калі галасаваньне ўжо вось-вось адбудзецца, і, зразумела, што ніякіх саступак не зроблена, і за справаздачу дэпутаты Асамблеі будуць галасаваць у поўным аб’ёме, яны справу Зьмітра і прыкрылі”.

Акрамя названых мной асобаў запрашэньне наведаць Страсбур атрымалі таксама Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Яраслаў Раманчук, Мікола Статкевіч і Станіслаў Шушкевіч. Але ўсе яны застаюцца ў Беларусі. Чаму? Анатоль Лябедзька, да якога я зьвярнуўся з пытаньнем, адказвае так:

(Лябедзька: ) “Але зь лідэраў партыяў ніхто не паедзе. Прычынаў тут дзьве. Па-першае, тут накладецца Чарнобыль. А каб паездка ў Страсбур была больш таннай, трэба ехаць туды на выходныя дні. Па-другое, калі ехаць на некалькі дзён, то гэта запатрабуе занадта вялікіх выдаткаў”.
XS
SM
MD
LG