Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДМЫСЛОВАЯ КАМІСІЯ МІЖНАРОДНАЙ АРГАНІЗАЦЫІ ПРАЦЫ ПАКІНУЛА БЕЛАРУСЬ


Галіна Абакунчык, Менск

Ніякіх заяваў альбо камэнтароў, пакідаючы Менск, сябры камісіі не рабілі, паколькі канфідэнцыйнасьці й незалежнасьці патрабуе ад іх у гэтай справе Статут Міжнароднай арганізацыі працы. Камісія была створаная на падставе скаргаў з боку беларускіх прафсаюзаў і паводле хадайніцтва Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў. Прадстаўнік гэтай арганізацыі Вадзім Барысаў кажа, што сябрам незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі ўдалося давесьці прадстаўнікам МАП праўдзівасьць сваіх заяваў. Вось што ён паведаміў у інтэрвію Радыё Свабода:

(Барысаў: ) “Заявы прафсаюзаў Беларусі наконт таго, што іхныя правы парушаюцца і што гэтыя зьявы маюць масавы і сыстэматычны характар, пацьвердзілі сьведкі, яны рэпрэзэнтавалі грунтоўную фактычную базу”.

Праз тры дні адмысловая камісія МАП распачне другую частку працы ў Жэнэве. Калі ў Беларусі галоўнай задачай быў збор інфармацыі, то ў Швайцарыі гэта будуць судовыя слуханьні, — кажа спадар Барысаў.

(Барысаў: ) “У ролі суду будзе выступаць камісія Міжнароднай арганізацыі працы, з боку абвінаваўцаў будзе Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў, з боку абвінавачанага — урад Беларусі. Таксама будуць запрошаныя і сьведкі”.

Сьведкамі ад ураду Беларусі у Швайцарыю адбывае дэлегацыя з шэрагу кіраўнічага складу міністэрстваў працы і юстыцыі. Ад незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі — Аляксандар Ярашук, Аляксандар Бухвостаў, Аляксандар Старыкевіч, Генадзь Фядыніч і Юры Мігуцкі.

Якія спадзяваньні на суд у Жэнэве ўскладае незалежная прафсаюзная дэлегацыя, у інтэрвію нашаму радыё паведаміў Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Мы зыходзім з таго, што ўрад хутчэй за ўсё нічога прызнаваць ня будзе. Бо ўсе паводзіны і падчас працы місіі, і перад тым сьведчаць, што ўлады нічога не прызнаюць аб парушэньні правоў прафсаюзаў у Беларусі. Але, як мне падаецца, гэтыя відавочныя і яскравыя факты нельга адмовіць, і прадстаўнікам ураду прыйдзецца гэта прызнаць. А будуць яны прызнаваць ці не — гэта ўжо іхная асабістая справа”.

Выніковая рэзалюцыя, якую камісія Міжнароднай арганізацыі працы падрыхтуе да восені, будзе апублікаваная ў СМІ, накіраваная ўраду Беларусі, а таксама міжнародным арганізацыям.
XS
SM
MD
LG