Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЭНТАЦЫЯ “АГЛЯДУ-КРОНІКІ ПАРУШЭНЬНЯ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ Ў 2002 ГОДЗЕ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Агляд-кроніку парушэньня правоў чалавека ў Беларусі праваабарончы цэнтар “Вясна” выдае ўжо пяты год. У чым адрозьненьне маніторынгу 2002 году ад падобных аглядаў папярэдніх гадоў, — распавядае старшыня рады “Вясны” Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) “Кардынальных, карэнных адрозьненьняў няма. Безумоўна, летась у нас не было такіх вялікіх, драматычных кампаніяў, як пазалетась. Я маю на ўвазе прэзыдэнцкую кампанію, калі каля 1000 асобаў пацярпелі за ўдзел у гэтай кампаніі. Але тым ня менш, перагледзеўшы і скампанаваўшы тыя факты й падзеі, якія ў нас адбыліся ў мінулым годзе, трэба сказаць, што яны не выклікаюць вялікай радасьці й захапленьня ў справе зьмены сытуацыі ў лепшы бок”.

(Карэспандэнт: ) “Калі вы гаворыце, што такіх яўных парушэньняў правоў чалавека было менш, ці не азначае гэта, што беларускія ўлады сталі больш дэмакратычнымі?”

(Бяляцкі: ) “Не, не азначае. Гэта азначае, што проста няма такіх вялікіх кампаніяў па дэмакратызацыі краіны, якая была пазалетась падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Але тым ня менш, такія моманты, якія трэба абавязкова адзначыць: перасьлед прэсы, зьяўленьне зьняволеных журналістаў, прыняцьце закону аб рэлігіях — гэта новыя нюансы, якія пагаршаюць сытуацыю з правамі чалавека у гэтых кірунках. І мы бачым, што ўлады не пакідаюць свайго імкненьня кантраляваць усе сфэры грамадзкага жыцьця нашага народу”.

Аўтары справаздачы таксама адзначаюць, што летась у Беларусі ня зьменшылася колькасьць палітычна матываваных крымінальных справаў — асабліва паводле артыкулаў за паклёп ды зьнявагу прэзыдэнта. Па-ранейшаму беларускія ўлады перасьледуюць удзельнікаў акцыяў пратэсту, а таксама парушаюць правы беларускамоўных грамадзянаў. Таму аб’ём “Агляду-кронікі-2002” застаўся такім жа, як і ў папярэднія гады.

Агляд-кроніка выдадзены на беларускай, ангельскай і расейскай мовах і будзе перададзены ўрадам дэмакратычных краінаў Захаду, міжнародным і праваабарончым арганізацыям. На падставе гэтага агляду рыхтуецца адмысловы даклад, які будзе заслуханы сябрамі Камітэту па правах чалавека ААН.
XS
SM
MD
LG