Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖОНКІ ЗЬНІКЛЫХ АПАЗЫЦЫЯНЭРАЎ ЗЬБІРАЮЦЦА ПАДАЦЬ У СУД НА НАЙВЫШЭЙШАЕ КІРАЎНІЦТВА БЕЛАРУСІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ірына Красоўская і Зінаіда Ганчар правялі прэсавую канфэрэнцыю з прычыны прыпыненьня расьсьледаваньня справаў аб зьнікненьні іх мужоў. У сваёй заяве для сродкаў масавай інфармацыі яны выказалі нязгоду з рашэньнем менскай гарадзкой пракуратуры і паведамілі пра свае далейшыя намеры. Ірына Красоўская заявіла Радыё Свабода:

(Красоўская: ) “Мы будзем працягваць, па-першае, ціснуць на беларускія ўлады з тым, каб яны аднавілі расьсьледаваньне і правялі менавіта тыя сьледчыя дзеяньні, пра якія мы раней хадайнічалі. А па-другое, маем намер зьвярнуцца да міжнародных арганізацыяў, у тым ліку міжнароднага суду. Плянуем вылучыць судовыя пазовы да пэўных службовых асобаў Беларусі, якія, верагодна, маюць дачыненьне да выкраданьня вядомых апазыцыянэраў. Іхныя прозьвішчы вядомыя з мэдыяў і з дакумэнтаў справы”.

У заяве для мэдыяў, якую распаўсюдзілі Ірына Красоўская і Зінаіда Ганчар, у якасьці падазроных названыя генэральны пракурор Віктар Шэйман, міністар ўнутраных справаў у часе зьнікненьня апазыцыянэраў Юры Сівакоў, камандзір атраду спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў Зьміцер Паўлічэнка ды іншыя.

Жонкі зьніклых не выключаюць, што пададуць у суд і на дзейнага міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава. Асноўная прэтэнзія да яго — не жадае дзяліцца са сьледзтвам тымі зьвесткамі пра зьнікненьні, якія нібыта ведае. Гаворка пра ролю ў справе СОБРаўца Паўлічэнкі і ягоных падначаленых, а таксама сьведкаў Чванкіна, Дзіка і Калесьніка, якія атрымлівалі пісталет бесшумавой стральбы, зь якога нібыта былі застрэленыя Ганчар і Красоўскі.

Паводле пастановы аб прыпыненьні расьсьледаваньня, сьведкі не патлумачылі сьледчаму, што яны рабілі з гэтым пісталетам. Тое, што міністар Уладзімер Навумаў не правёў адпаведнага службовага расьсьледаваньня, альбо не паведаміў ягоных вынікаў, адвакат Ірыны Красоўскай і Зінаіды Ганчар Гары Паганяйла кваліфікуе паводле 116 артыкулу Крымінальнага кодэксу — як суўдзел у злачынстве.

Пры гэтым абаронца не выключае, што пастанова гарадзкой пракуратуры аб прыпыненьні расьсьледаваньня ў рэспубліканскай пракуратуры будзе пераробленая. “Сьледзтва сутыкнулася з пэўнымі высокімі асобамі, якія ня хочуць казаць праўды, і гэта добра бачна з пастановы сьледчага Чумачэнкі. Таму я не выключаю, што ягоную пастанову адменяць, адновяць сьледзтва тыдні на два ці крыху больш, а потым зноў прыпыняць ужо пасьля такой пастановы, у якой ніводны начальнк фігураваць ня будзе”, — кажа Гары Паганяйла.
XS
SM
MD
LG