Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ У СПРАВАЗДАЧЫ “HUMAN RIGHTS WATCH”


Юры Дракахруст, Прага

Апанэнт Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах, кандадат ад аб’яднанай апазыцыі Ўладзімер Ганчарык быў вымушаны пакінуць пасаду старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў. З кіруючай пасады ў Фэдэрацыі сышла таксама кіраўнічка перадвыбарчага штабу Ганчарыка Валянціна Палевікова.

Адзін з вядомых апанэнтаў Лукашэнкі, былы прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір быў летась асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі ўмоўна – прыгадваецца ў справаздачы “Human Rights Watch”.

Па абвінавачаньні ў паклёпе на прэзыдэнта – гаворыцца далей у дакумэнце – у ліпені быў прыцягнуты да адказнасьці старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Прычынаю стаў апублікаваны артыкул Лябедзькі з абвінавачаньнямі на адрас уладаў у гандлі зброяй з краінамі-ізгоямі.

На працягу году па абвінавачаньні ў паклёпе на кіраўніка дзяржавы былі асуджаныя да абмежаваньня волі тры журналісты: рэдактар зачыненай газэты “Пагоня” Мікола Маркевіч, супрацоўнік гэтага выданьня Павал Мажэйка і рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч.

Летась паводле пазову аб абароне гонару і годнасьці з боку старшыні камітэту дзяржаўнага кантролю Анатоля Тозіка газэта “Наша свабода” была аштрафаваная на суму, эквівалентную 55 тысячам даляраў, рахуткі выданьня былі замарожаныя, у жніўні яно было вымушанае спыніць выхад.

На працягу году ўлады істотна абмяжоўвалі свабоду маніфэстацыяў, жорстка караючы за правядзеньне несанкцыянаваных масавых акцыяў. У сакавіку за арганізацыю маршу ў гадавіну кастытуцыі быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту лідэр сацыял-дэмакратычнай партыі Мікола Статкевіч, дзясяткі людзей былі асуджаныя да адміністрацыйных арыштаў і штрафаў за ўдзел у Дні Волі 25 сакавіка і ў красавіцкім маршы пратэсту супраць умоваў жыцьця.

Імкнучыся кантраляваць усе сфэры грамадзкага жыцьця – адзначаецца ў справаздачы “Human Rights Watch”, – беларускія ўлады ўвялі жорсткія абмежаваньні рэлігійнай свабоды. Прыкладам такога абмежаваньня стаў новы закон аб свабодзе веравызнаньня, прыняты ў кастрычніку. Акрамя таго, на Гарадзеншчыне быў разбураны новы храм, пабудаваны вернікамі Беларускай аўтакефальнай царквы, вернікі, што абаранялі храм, былі арыштаваныя і асуджаныя да штрафаў. Такі ж лёс спасьціг сябраў крышнаіцкіх і індуісцкіх груповак.

Летась адбыўся суд над асобамі, абвінавачванымі ў выкраданьні журналіста Зьміцера Завадзкага. Аднак родныя журналіста былі незадаволеныя прысудам, паводле іх меркаваньня, асуджаныя сталі выканаўцамі загадаў больш высокіх асобаў.

Летась другі год запар Дзярждэпартамэнт ЗША ацаніў палітыку Беларусі ў змаганьні з гандлем людзьмі як найгоршую ў сьвеце. Летась працягваліся рэпрэсіі супраць недзяржаўных арганізацыяў, пры гэтым улады ўжывалі прэзыдэнцкі дэкрэт, які забараняе выкарыстаньне замежнай дапамогі ў палітычных мэтах. На падставе дэкрэту было канфіскаванае абсталяваньне гомельскай філіі арганізацыі “Грамадзянскія ініцыятывы”, а кіраўнік філіі Віктар Карніенка быў аштрафаваны. Улады практыкавалі таксама ліквідацыю грамадзкіх арганізацыяў, як тое адбылося з арганізацыяй “Вежа”, і адмову ў іх рэгістрацыі, як гэта было зроблена адносна арганізацыі “Асацыяцыя ХХІ”.

Палітыка беларускага ўраду ў 2002 годзе была скіраваная на падаўленьне палітычнай апазыцыі і прывяла да больш глыбокай міжнароднай ізаляцыі краіны – такую выснову робіць у сваёй штогадовай справаздачы міжнародная праваабарончая арганізацыя “Human Rights Watch”.
XS
SM
MD
LG