Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВА НА ПЕРАКЛАДЧЫКА


Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Гадоў 5 таму тут, у ЗША, я была сьведкай камічнай гутаркі двох знаёмых: для яе роднай мовай была беларуская, а для яго – расейская. Дык вось, сябра кажа сяброўцы: “Яны мне адказалі”, а сяброўка перапытвае: “Што адказалі?” “Ну, я ж і кажу, што адказалі”, – нэрваваўся сябра. Нарэшце, пасьля інтэрвэнцыі іншых, хто ведаў абедзьве мовы больш дасканала, яны паразумеліся ў розьніцы паміж “адказалі” і “адмовілі”.

Але ўявіце гэткую самую сытуацыю, калі гаворка ідзе пра вашае здароўе ці свабоду.

Паводле цэнзу 2000 году, у ЗША з 280 мільёнаў насельніцтва каля 18% слаба або зусім не гавораць па-ангельску. Адмовіць гэтым людзям у кампэтэнтнай мэдычнай абслузе толькі таму, што яны не валодаюць ангельскай мовай, было б парушэньнем іх грамадзянскіх правоў. Таму Дэпартамэнт здароўя ЗША 2 гады таму прыняў пастанову: бальшыня мэдычных ўстаноў, якія атрымліваюць дзяржаўныя грошы, абавязаныя бясплатна прадастаўляць кампэтэнтных перакладчыкаў сваім пацыентам.

І тут узьнікла праблема. Да прыняцьця гэтай пастановы лекары пераважна карысталіся перакладчыцкімі паслугамі сваякоў пацыентаў. Аднак аматарскі пераклад або адсутнасьць перакладу можа прывесьці да вельмі небясьпечных наступстваў, такіх як памылковая дыягностыка і лекаваньне. Зь іншага боку, кошт прафэсійнага перакладу досыць высокі і кладзецца на плечы медычных устаноў. Таму некаторыя лекары і арганізацыі, як Амэрыканская мэдычная асацыяцыя, выступілі супраць абавязковасьці прафэсійных перакладчыкаў.

У адказ адміністрацыя Джорджа Буша прапанавала больш мяккі падыход: калі чалавек, які не гаворыць па-ангельску, больш давярае перакладу сваяка ці знаёмага, дык гэта яго права выбіраць. Цяпер слова за Дэпартамэнтам здароўя – вызначыць нормы і стандарты дастатковага перакладу. Аднак ані дзяржава, ані прафэсіяналы ў ЗША не сумняюцца, што перакладчыцкія паслугі – гэта абавязак дзяржавы ў абароне грамадзянкіх правоў людзей.
XS
SM
MD
LG