Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗА РАСПАЎСЮД АДКРЫТАГА ЛІСТА СУПРАЦЬ ЛУКАШЭНКІ АКСАНУ НОВІКАВУ АШТРАФАВАЛІ


Любоў Лунёва, Менск

Адміністрацыйная камісія абвінаваціла Аксану Новікаву ў распаўсюдзе друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак. Насамрэч летась 7 кастрычніка Аксана раздавала мінакам адкрыты ліст да Лукашэнкі побач з будынкам прэзыдэнцкай адміністрацыі. Аксану Новікаву затрымалі й справу перадалі ў Фрунзенскі райвыканкам.

Сёньня адміністрацыйная камісія зьбіралася з гэтай нагоды ўжо другі раз. Першае рашэньне (штраф пяць мінімальных заробкаў) Аксана абскардзіла ў судзе. Яна лічыць, што й сёньняшняе рашэньне камісіі — штраф адзін мінімальны заробак — таксама несправядлівае.

(Новікава: ) “Я раздавала гэты ліст, бо гэта мая пазыцыя. Я раздавала яго, каб паведаміць народу пра злачынствы, якія зьдзейсьніў прэзыдэнт. Мяне затрымалі. У выніку я не змагу нешта купіць сваёй маленькай дачцэ — соку ці садавіны. Гэты штраф — несправядлівае пакараньне. Сябры камісіі нават ня здолелі мне патлумачыць, у чым мая віна. Яны прычапіліся да таго, што гэта надрукаваныя ўлёткі, таму й друкаваная прадукцыя. І гэта, нягледзячы на закон аб друку, у якім усё добра прапісана”.

Нагадаем, супраць Аксаны Новікавай летась пракуратура распачала крымінальную справу за паклёп на Лукашэнку. Нагодаю стаў зьмест улётак, якія распаўсюджвала Аксана і якія з выгляду нагадвалі міліцэйскія абвесткі пра вышук небясьпечнага злачынцы.

Аксана адна выхоўвае маленькую дачку, але яе, як і Міколу Маркевіча, Паўла Мажэйку і Віктара Івашкевіча, суд можа пакараць “хіміяй”.
XS
SM
MD
LG