Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРАТУРА МЕНСКУ ЗЬБІРАЕЦЦА ПРЫПЫНІЦЬ РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЕ СПРАВЫ АБ ЗЬНІКНЕНЬНІ В.ГАНЧАРА І А.КРАСОЎСКАГА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сьледчы менскай гарадзкой пракуратуры Ўладзімер Чумачэнка заявіў Радыё Свабода, што мае намер прыпыніць расьсьледаваньне справы пра зьнікненьне Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Гэтае рашэньне пакуль не прынятае, аднак адпаведныя дакумэнты рыхтуюццца, — паведаміў Уладзімер Чумачэнка. Сваё рашэньне ён тлумачыць марнасьцю спробаў пасьпяхова завершыць справу ў найбліжэйшы час.

(Чумачэнка: ) “Мае магчымасьці закончыліся. Няма вялікага жаданьня ў людзей мне нешта распавядаць. Нават калі допыты праводжу, пытаюся ў чалавека: “Што ж ты хлусіш, заўтрашні дзень абавязкова настане”, а ён усё роўна... Так, прыпыняю справу”.

16 верасьня 1999 году невядомыя захапілі намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету, аднаго зь лідэраў апазыцыі Віктара Ганчара і ягонага сябра і аднадумца, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. З таго часу пракуратура гораду бесьперапынна вяла расьсьледаваньне гэтай справы. На сёньняшні дзень адзіны вынік гэтага расьсьледаваньня — прызнаньне таго, што Ганчар з Красоўскім ня самі зьніклі, а былі скрадзеныя ў выніку гвалтоўных дзеяньняў.

За час расьсьледаваньня пракуратура двойчы мяняла сьледчых, аднак і гэта выніку не дало. Адвакат сваякоў зьніклых Гары Паганяйла гэтаму не зьдзіўляецца. Ён лічыць, што асобы пры ўладзе, якія маюць дачыненьне да зьнікненьняў, ніколі не дазволяць Ўладзімеру Чумачэнку нават пры ягоным жаданьні высьветліць праўду у гэтай справе.

(Паганяйла: ) “Яны, канечне, кантралююць расьсьледаваньне, яны не дазваляюць Чумачэнку дзейнічаць адпаведна зь ягонымі паўнамоцтвамі. Ды і сам ён ведае, што як толькі выйдзе за пазначаныя межы, атрымае па руках”.

Ірына Красоўская заявіла, што жонкі зьніклых не пагодзяцца з рашэньнем прыпыніць расьсьледаваньне. Разам зь Зінаідай Ганчар яна будзе дамагацца аднаўленьня сьледчых дзеяньняў у поўным аб’ёме. Ірына Красоўская кажа, што паводле меркаваньня дасьведчаных людзей з пракуратуры, пры жаданьні дастаткова месяца, каб завершыць справу і высьветліць праўду пра зьнікненьні. “Але гэта магчыма толькі пры іншай уладзе”, — лічыць Ірына Красоўская.

Тым часам міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty Іnternational даслала на імя Аляксандра Лукашэнкі чарговы зварот з патрабаваньнем высьветліць праўду пра лёсы зьніклых апазыцыянэраў. Зварот падпісалі больш як 450 грамадзянаў Галяндыі. Гэта не палітыкі, а звычайныя жыхары невялікіх галяндзкіх гарадоў і вёсак. Для іх незразумела, як у наш час бясьсьледна могуць зьнікнуць лідэры апазыцыі, і чаму ўлады краіны ня могуць іх знайсьці.
XS
SM
MD
LG