Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗАЧЫСТКА” НЕЛЯЯЛЬНЫХ ДАЙШЛА ДА ВЭРТЫКАЛЬНЫХ СТРУКТУРАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Валянцін Баранаў працаваў у Камітэце працы і сацыяльнай абароны Менскага аблвыканкаму галоўным спэцыялістам аддзелу інфармацыйных тэхналёгіяў і кампутарных сыстэмаў. Сёньня яму паведамілі, што ў сувязі з заканчэньнем тэрміну кантракту ён будзе звольнены. Заключыць новы кантракт адміністрацыя не прапанавала. На думку Валянціна Баранава, звальненьне цалкам зьвязанае зь ягонай грамадзкай дзейнасьцю.

(Баранаў: ) “Першы раз мяне скарацілі з працы ў 1991 годзе. Я працаваў у арганізацыйна-інструктарскім аддзеле, які займаўся падрыхтоўкай і правядзеньнем выбарчай кампаніі ў Вярхоўны Савет. Тады ў склад Савету па Менскай вобласьці трапілі некалькі дэпутатаў дэмакратычнага кірунку. Зараз з увядзеньнем кантрактаў дзяржаўны службоўца можа быць звольнены з працы ў сувязі з заканчэньнем тэрміну кантракту без усялякай матывацыі. Людзі фактычна пазбаўленыя юрыдычнай і любой абароны, каб адстойваць свае правы. Неабароненасьць супрацоўніка ставіць яго ў рабскае становішча. Першы намесьнік старшыні камітэту так і казаў мне, што кіраўніцтва ня любіць тых, хто мае сваю думку”.

Намесьнік старшыні камітэту Іван Карчэўскі паведаміў Радыё Свабода, што насамрэч ня можа патлумачыць прычыну звальненьня свайго падначаленага.

(Карчэўскі: ) “У яго папросту закончыўся тэрмін кантракту. Кіраўнік не абавязаны матываваць прычыну, па якой звальняюць супрацоўніка і не прапануюць падпісаць новы кантракт. Ведаеце, калі раней, каб звольніць падначаленага, трэба было мець дзеля гэтага падставы, то цяпер — не. Гэта вельмі зручна найперш для адміністрацыі. Казаць пра тое, што яго звальняюць за палітычную дзейнасьць? Цяжкае пытаньне. Я не скажу”.

Валянцін Баранаў ня першы, каго пазбавілі працы за апазыцыйную дзейнасьць. Дагэтуль так званая “зачыстка” праходзіла ў навучальных установах, сярод выкладчыкаў, якіх улада лічыла недастаткова ляяльнымі.

XS
SM
MD
LG