Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што прынес 2002 год у справы зьніклых?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёлета працягвалася змаганьне за тое, каб стала вядомая праўда пра лёсы зьніклых апазыцыянэраў. Да актыўнасьці грамадзтва Беларусі далучыліся шматлікія міжнародныя структуры, і палітыка ўладаў Беларусі па замоўчваньню праблемы зьніклых зайшла ў тупік.

Падзеі 2002 году абверглі папярэднія заявы беларускага кіраўніцтва пра тое, што апазыцыю насамрэч нібыта не хвалююць лёсы зьніклых людзей, а гэтую тэму яна выкарыстоўвае толькі каб прыйсьці да ўлады. Цэлы год па ўсёй Беларусі й адначасова за мяжой, у тым ліку ў Расеі, Польшчы, Бэльгіі, Нямеччыне ды іншых краінах праводзіліся акцыі-напаміны пра справы Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.

У акцыях бралі ўдзел тысячы грамадзянаў Беларусі й замежнікаў. Гэта былі традыцыйныя “ланцугі неабыякавых людзей”, пікеты на месцах зьнікненьня, акцыі па збору подпісаў супраць палітычных рэпрэсіяў. Цікава, што гэтая праца не была ініцыятывай нейкага аднаго палітычнага цэнтру.

Прыкладам, калі звычайна “ланцугі неабыякавых людзей” арганізоўвала Аб’яднаная грамадзянская партыя, то нядаўнюю акцыю-напамін пра зьніклых у дзень правоў чалавека наладзілі жонкі зьніклых. Тады, 10 сьнежня, на Кастрычніцкай плошчы Менску сабралася больш трох соцень чалавек. Да іх з прамовай зьвярнулася Зінаіда Ганчар, і паказальна, што ўлады не рызыкнулі абвінаваціць яе ў правядзеньні несанкцыянаванага мітынгу.

(Ганчар: ) “Вы памятаеце, як напярэдадні леташніх выбараў Лукашэнка казаў, што пройдуць выбары і ўсё забудзецца. Не, не забылася, сёньня нас сабралася на плошчы вельмі шмат. Перакананая, што такія акцыі будуць працягвацца, мы будзем зьбіраць подпісы грамадзянаў ды зноў і зноў зьвяртацца ў сілавыя ведамствы, у міліцыю, КГБ, пракуратуру і да кіраўніцтва краіны. А калі яны ня могуць вырашыць праблему, калі кажуць, што ўсё робяць, але знайсьці вінаватых цяжка, то мы патрабуем, каб зьвярнуліся па дапамогу замежных адмыслоўцаў”, — казала Зінаіда Ганчар.

Дагэтуль беларускія ўлады не адказалі на яе зварот, хаця магчыма прадбачыць, якім будзе адказ. Ужо ня раз гучалі заявы афіцыйных асобаў, што расьсьледаваньне зьнікненьняў апазыцыянэраў ёсьць унутранай справай, у якую нельга ўмешвацца звонку. Але падобна, што такія заявы ў Эўропе ўжо ўспрымаюцца як доказ вінаватасьці.

Урэшце мінулай восеньню на паседжаньні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы было прапанавана стварыць адмысловую камісію паводле праблемы зьніклых палітыкаў у Беларусі, і гэтую прапанову падтрымалі нават прадстаўнікі Расеі, якая звычайна абараняе афіцыйны Менск у эўрапейскіх структурах. Камісію ўзначаліў вядомы расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў. Чакаецца, што на пачатку году Сяргей Кавалёў наведае Менск і перадасьць афіцыйнаму сьледзтву істотныя дакумэнты, датычныя справаў зьніклых. У прыватнасьці, кнігу выдачы адмысловага пісталета, якім у менскім сьледчым ізалятары выконвалі сьмяротныя прысуды.

Нагадаю, пра гэты пісталет сьледчым па справе Захаранкі распавёў былы начальнік менскага ізалятара Алег Алкаеў. Палкоўнік сьцьвярджаў, што паводле загаду міністра ўнутраных справаў Навумава ён двойчы перадаваў гэты пісталет камандзіру СОБРу ўнутраных войскаў Паўлічэнку. І было гэта якраз у тыя дні, калі зьнік спачатку Юры Захаранка, а потым Ганчар і Красоўскі. Вядома, што пратакол допыту Алкаева са справы быў выдалены, і дзе цяпер гэты пратакол, ніхто ня ведае — магчыма і зьнішчаны, а вось кнігу выдачы пісталета як галоўны доказ сваіх словаў Алкаеў зьвез у Нямеччыну і гатовы яе перадаць камісіі Сяргея Кавалёва.

Вядомы праваабаронца Гары Паганяйла, які сустракаўся з Алкаевым у Бэрліне і бачыў кнігу выдачы расстрэльнага пісталета, гэтак ацэньвае яе значэньне для сьледзтва:

(Паганяйла: ) “Істотна, што ёсьць такі дакумэнт, такі доказ, прычым прамы доказ. Ён сьведчыць пра дзеяньні пэўных службовых асобаў, і гэтыя службовыя асобы абавязаныя патлумачыць становішча сьледзтву, даць паказаньні, а сьледзтва абавязанае рабіць далейшыя захады, каб завершыць расьсьледаваньне”.

Варта адзначыць і яшчэ адну падзею, што дапамагла замацаваць дагэтуль спрэчныя матэрыялы ў якасьці дакумэнтаў. Падчас грамадзянскіх працэсаў аб прызнаньні бязь вестак адсутнымі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага адвакаты дамагліся ўключэньня ў справы рапарту генэрала міліцыі Мікалая Лапаціка. Нагадаю, гэты міліцыянт выклаў свае падазрэньні аб датычнасьці да зьнікненьняў шэрагу высокіх кіраўнікоў, сярод іх Юры Сівакоў, Віктар Шэйман ды іншыя.

Прычым ягоныя падазрэньні былі падмацаваныя пэўнымі фактамі й шмат у чым пацьвярджалі высновы Алега Алкаева. Лёс рапарту Мікалая Лапаціка падобны на лёс рапарту Алкаева — ён таксама быў вылучаны з крымінальных справаў і цяпер невядома дзе. У беларускіх мэдыях зьяўляліся перадрукоўкі толькі зь ягоных копіяў, і сьледзтва адмаўлялася прымаць іх да разгляду. Але цяпер гэтыя копіі набылі статус юрыдычнага дакумэнта, што ў будучыні пашырыць базу доказаў, лічаць адвакаты.

Адзначым актыўнасьць ня толькі сваякоў зьніклых, беларускай апазыцыі й праваабаронцаў. У 2002 годзе беларуская Тэміда паспрабавала закрыць хаця б адну з чатырох справаў аб палітычна матываваных зьнікненьнях. Гаворка пра суд над групоўкай Ігнатовіча, абвінавачанай у выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.

Працэс гэты цягнуўся амаль паўгоду, праходзіў за зачыненымі дзьвярыма і ўрэшце закончыўся ў адпаведнасьці з самымі пэсымістычнымі прагнозамі. Дзе знаходзіцца Зьміцер Завадскі й што зь ім сталася, суд гэтак і ня высьветліў, хаця прызнаў вінаватымі ў ягоным выкраданьні былога байца спэцатраду КГБ “Алмаз” Валерыя Ігнатовіча з саўдзельнікамі. Ігнатовіч і Малік атрымалі пажыцьцёвае зьняволеньне, але шмат хто з назіральнікаў лічыць, што гэтае пакараньне — насамрэч узнагарода за маўчаньне пра датычнасьць да гэтых падзеяў нейкіх вельмі ўплывовых асобаў.

Адвакат Сяргей Цурко, які ўдзельнічаў у працэсе, зьвяртае ўвагу на дзіўныя вынікі працэсу:

(Цурко: ) “Гэткі вынік суду я лічу памылковым. Таму што не было ў суду ніякай падставы лічыць, што гэта зрабілі Ігнатовіч і ягоная групоўка. Магчыма, я памыляюся, і гэта сапраўды яны зрабілі, але сьледзтва не прадставіла гэтаму яўных доказаў, што было добра бачна на судзе”.

Чым кіраваўся суд, калі пры гэтым прызнаў Ігнатовіча зь ягонай бандай выкрадальнікамі Завадзкага, адвакат камэнтаваць ня ўзяўся.

Дарэчы, толькі праз паўгоду пасьля завяршэньня працэсу крымінальная справа адносна Зьмітра Завадзкага была адноўленая, і сьледчы гарадзкой пракуратуры Чумачэнка паведаміў сваякам, што зноў будуць праведзеныя допыты падазраваных. Сьвятлана Завадзкая і яе адвакат настойваюць, каб паўторна дапыталі Ігнатовіча, але сьледзтва на гэтае хадайніцтва ніяк не адказвае. Такім чынам, сымбалічны двубой сьледзтва і сваякоў зьніклых працягваецца.
XS
SM
MD
LG