Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПЯЦЬ ВІЦЕБСКІХ ПІКЕТАЎ ДА МІЖНАРОДНАГА ДНЯ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА


Браніслава Станкевіч, Віцебск

“Чаму ў Беларусі зьнікаюць палітыкі?” — гэтае пытаньне ўдзельнікі несанкцыянаванага пікету задавалі ўсім віцебскім мінакам. Большасьць віцяблянаў зышлася на думцы, што зьніклыя Захаранка, Ганчар, Красоўскі ды Завадзкі нечым заміналі цяперашняй дзяржаўнай уладзе, а, магчыма, і асабіста Аляксандру Лукашэнку.

З асаблівым спачуваньнем людзі паставіліся да Ніны Корбан, якая прыйшла на гэты пікет, каб яшчэ раз запытацца ў сьледчых органаў пра лёс свайго зьніклага сына Юрася, сябра БНФ “Адраджэньне” ды кіраўніка моладзевага цэнтру “Контур”. Сьледзтва па справе зьніклага 19 студзеня гэтага году Юрася Корбана было прыпыненае ў красавіку з-за адсутнасьці зьвестак, і дагэтуль пра ягоны далейшы лёс нічога невядома.

Міліцыянты з Кастрычніцкага райаддзелу памкнуліся былі затрымаць удзельнікаў пікету, аднак пікетоўцы на чале з кіраўніком віцебскай філіі праваабарончага цэнтру “Вясна” Міхасём Паўлавым не пагадзіліся сесьці ў міліцэйскую машыну, каб паехаць у пастарунак. І, як было заплянавана, пікет скончыўся роўна праз гадзіну.

А сёньня ўвечары ў Віцебску адбыліся яшчэ чатыры акцыі тутэйшых апазыцыянэраў: а 17-й гадзіне ў мікрараёне “Поўдзень-7”прайшлі адразу тры пікеты прадстаўнікоў сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”, і а 18-й гадзіне на Прывакзальнай плошчы адбылася акцыя сяброў Аб’яднанай грамадзянскай партыі пад лёзунгам “Хочам ведаць праўду”.
XS
SM
MD
LG