Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СВАЯКІ ЗЬНІКЛЫХ АПАЗЫЦЫЯНЭРАЎ І ПРАВААБАРОНЦЫ ПРАВЯЛІ АКЦЫЮ ПРАТЭСТУ СУПРАЦЬ ЗЬНІКНЕНЬНЯ ЛЮДЗЕЙ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Больш як 200 чалавек адгукнуліся на зварот сваякоў зьніклых апазыцыянэраў і прыйшлі апоўдні на Кастрычніцкую плошчу Менску. “Я далучаюся да пратэсту супраць зьнікненьня Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага”, “Трэба спыніць палітычныя рэпрэсіі”, “Мне не падабаецца, што ў Беларусі паўсюдна парушаюцца правы людзей”, — казалі мне людзі на плошчы.

Сярод іх было шмат вядомых у краіне асобаў — палітыкі, грамадзкія дзеячы, пісьменьнікі й артысты. Былая дыктарка Беларускага тэлебачаньня Зінаіда Бандарэнка таксама стаяла на плошчы з партрэтам Віктара Ганчара ў руках. Вось як яна патлумачыла свой удзел у акцыі:

(Бандарэнка: ) “Каб падтрымаць гэтых няшчасных жанчын. Мне вельмі баліць, што ў нас такое адбываецца, што зьнікаюць вядомыя палітыкі, у мяне сьлёзы зьяўляюцца, калі я згадваю гэтых людзей. Таму я тут”.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Ганчарык днямі прыехаў з Масквы і палічыў неабходным сёньня таксама прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу. Нагадаю, больш за год таму з ініцыятывы ягонага выбарчага штабу ў друку зьявіліся раней сакрэтныя рапарты генэрала міліцыі Лапаціка і палкоўніка Алкаева, у якіх выказваліся вэрсіі пра тое, што да зьнікненьняў маюць дачыненьне найвышэйшыя кіраўнікі краіны.

Я спытаўся ва Ўладзіміра Ганчарыка, чаму, на ягоную думку, расьсьледаваньне не пайшло шляхам, які быў пазначаны ў тых дакумэнтах.

(Ганчарык: ) “У гэтым была зацікаўленая ўлада, каб справа не пайшла далей. А галоўнае, што Аляксандар Лукашэнка не зрабіў тое, што павінен быў зрабіць як гарант правоў чалавека і грамадзяніна. Ён мусіў зрабіць усё, каб знайсьці праўду пра зьнікненьні й прадухіліць падобныя злачынствы ў будучыні. А тыя адказы, якія сёньня ідуць, у тым ліку апошні адказ у парлямэнце, гэта фармальныя, нават цынічныя адказы”.

Нагадаю, месяц таму пракуратура краіны на запыт групы дэпутатаў на чале з генэралам Валерыем Фраловым адказала, што расьсьледаваньне ня высьветліла датычнасьці спэцслужбаў і найвышэйшых службовых асобаў да зьнікненьняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.

Між тым, у сваіх рапартах міліцыянты Лапацік і Алкаеў наўпрост называлі прозьвішчы Шэймана, Сівакова, Навумава, Паўлічэнкі ды іншых сілавікоў як падазраваных у гэтай справе. Пры гэтым ёсьць зьвесткі, што згаданыя кіраўнікі нават не былі дапытаныя сьледчымі, ці матэрыялы іхных допытаў, прыкладам, камандзіра СОБРу Паўлічэнкі, хаваюць ад грамадзкасьці.

Пастаяўшы на Кастрычніцкай плошчы з партрэтамі зьніклых, удзельнікі акцыі калёнай рушылі да КГБ, Міністэрства ўнутраных справаў і пракуратуры. Зінаіда Ганчар, Ірына Красоўская, Сьвятлана і Вольга Завадзкія аднесьлі ў гэтыя ўстановы тэксты адмысловага звароту да праваахоўчых органаў. У гэтым дакумэнце — патрабаваньне правесьці сумленнае расьсьледаваньне і даць грамадзкасьці адказ на пытаньне, хто і чаму зьнішчае апазыцыйных палітыкаў.

У звароце таксама выкладзенае патрабаваньне далучыць да расьсьледаваньня незалежных адмыслоўцаў, у тым ліку замежных. Зінаіда Ганчар з гэтай нагоды заявіла журналістам:

(Ганчар: ) “Паводле Лукашэнкі выходзіць, што яны ўсё робяць, але нічога не атрымліваецца. Таму мы даем ім магчымасьць зьвярнуцца па дапамогу”.

Сваякі зьніклых першымі паставілі свае подпісы пад гэтым зваротам і заклікалі падпісвацца пад ім усіх грамадзянаў Беларусі. Міліцыя не перашкаджала ўдзельнікам акцыі ні ў іхным знаходжаньні на плошчы, ні ў калектыўных візытах да сілавых ведамстваў.

Аднак калі калёна, зрабіўшы круг па цэнтральных вуліцах, вярнулася на плошчу, стала вядома, што адзін з удзельнікаў акцыі — вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі — ужо атрымаў позву зьявіцца ў міліцыю. Паводле зьвестак, яго зьбіраюцца прыцягнуць да адказнасьці за прамову да Дня правоў чалавека.
XS
SM
MD
LG