Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ЯК СПЫНІЦЬ СВАВОЛЬСТВА СЕЛЬСКІХ НАЧАЛЬНІКАЎ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Гуляеў: ) “Мне было тады, мусіць, гадоў чатырнаццаць. Аднойчы на танцы ў клюб прыйшлі дзьве суседзкія дзяўчынкі, вельмі засмучаныя. А справа ў тым, што гэтай ноччу яны зь сям’ёй меліся зьяжджаць у Літву, а ў клюб прыйшлі, каб паказаць, што нікуды ня едуць. Такая была кансьпірацыя. Але нехта паведаміў, дайшло да старшыні калгасу і парторга, быў у нас такі Кругалевіч, усё хадзіў у галіфэ. Тыя прыбеглі, выклікалі міліцыю, і я памятаю, як рэчы з машыны выкідалі. Цяжкае было відовішча. А справа ў тым, што калгасьнік, ды ўвогуле селянін быў для начальнікаў як тое быдла, якое ня мела ніякіх правоў”.

Анатоль Гуляеў больш за 20 гадоў як журналіст дасьледуе вясковыя праблемы. Згаданы выпадак — зь ягонага дзяцінства, якое прайшло на паўночным захадзе Віцебшчыны. Ягоная сям’я, як і многія з роднай вёскі, урэшце ўсё ж уцякла ў суседнюю Літву, дзе калгасьнікам і плацілі больш, і ставіліся да іх па-людзку. Іначай зьмяніць долю было немагчыма, бо да пачатку 1960-х гадоў калгасьнікі нават пашпартаў ня мелі і не маглі па сваёй волі зьехаць з галотнага калгасу ў горад.

Гэткае бяспраўнае становішча, фактычнае прыгоннае права лічыць Анатоль Гуляеў першапрычынай брыдкіх зьяваў, што і цяпер назіраюцца ў беларускіх вёсках. Гаворка пра тое, як некаторыя калгасныя кіраўнікі паводзяць сябе з падначаленымі: парушаюць іхныя правы, зьневажаюць, а то й парушаюць закон. Паводле статыстыкі, вельмі рэдка свавольніцтвы мясцовых князькоў сканчаюцца прыцягненьнем іх да суду, тым больш абвінаваўчым прысудам. І ўсё ж менавіта пра такі выпадак распавядзе наш віцебскі карэспандэнт Алег Жукоўскі.

(Жукоўскі: ) “З розных куткоў Віцебшчыны прыходзяць зьвесткі: на Ўшаччыне старшыня зьбіў кіроўцу, на Рассоншчыне ад старшыні пацярпеў ільнавод. Цягацца з калгаснымі панамі сабе даражэй, бо вельмі шмат у вёсцы залежыць ад іхнай прыхільнасьці. А калі і дойдзе справа да суду, то пацярпелы хутчэй імкнецца да міравой. Як гэта здарылася ў аршанскім калгасе “Барацьбіт”, дзе старшыня амаль адкусіў нос мясцоваму пастуху. У выніку крымінальная справа закончылася толькі кампэнсацыяй маральных стратаў і пакрыцьцём выдаткаў на лячэньне.

Тое, што дазволена гаспадару, лічыцца дазволеным і ягоным родным. У Шаркоўшчынскім раёне старшыня калгасу “Іскра” Багуслаў Паўлоўскі ўчыніў расправу над мясцовымі хлопцамі, а ягоная нецьвярозая жонка Ірына зьбіла на горкі яблык непаўнагадовую Натальлю Савельеву. Цягала яе за валасы, душыла шалікам, лупцавала нагамі. І ўсё за тое, што моладзь не падпарадкавалася загаду іхнага сына скончыць дыскатэку і сыходзіць з клюбу, які, маўляў, знаходзіцца на тэрыторыі бацькавага калгасу. Нецьвярозага дзецюка выштурхнулі за дзьверы і, узрушаныя такой непавагай да прадстаўніка сямейнай намэнклятуры, старэйшыя Паўлоўскія хутка зрабілі захады. У выніку школьніца болей за два тыдні не падымалася з ложка.

Намаганьнямі настаўнікаў і сябра мясцовай філіі Гельсынскага камітэту Сафіі Таболы справу давялі да раённага суду. Але там здарэньне палічылі неістотным, і спадарыня Паўлоўская атрымала толькі сьціплы штраф на 30 тысяч беларускіх рублёў.

Абласны суд не пагадзіўся з гэткім дзіўным рашэньнем, і справа была перакваліфікаваная з адміністрацыйнай у крымінальную паводле артыкула аб хуліганстве. Цяпер Ірына Паўлоўская вымушаная будзе заплаціць 1 мільён рублёў на карысьць дзяржавы, 200 тысяч пацярпелай і 55 тысяч судовых выдаткаў. Мясцовыя жыхары ўзрушаныя такім нечаканым паваротам падзеяў — маўляў, простая дзяўчынка зь беднай сям’і перамагла саміх Паўлоўскіх. Але яны разумеюць, што галоўнае яшчэ наперадзе. Бацькі Натальлі працы ў гаспадарцы хутчэй за ўсё ўжо ня знойдуць, а тады і з калгаснай хаты сям’я будзе выселеная”.


Як вынікае з расповеду Алег Жукоўскага, помста застаецца стылем паводзінаў некаторых людзей, чые ўчынкі асудзіў суд. Наш экспэрт Анатоль Гуляеў не зьдзіўляецца, што пацярпелай дзяўчыне даводзіцца і цяпер цярпець крыўду ад несумленных людзей на высокіх пасадах.

Паводле назіраньняў журналіста, ня толькі прафэсійны, але і культурны, маральны ўзровень кіраўнікоў калгасаў і саўгасаў за апошнія гады значна панізіўся. Прычына — загадны стыль кіраўніцтва, які навязаны зьверху, сумленныя людзі не прымаюць і сыходзяць. А ім на замену ідуць прыстасаванцы бяз пэўных маральных прынцыпаў. Але галоўная прычына свавольства старшыняў ды бездапаможнасьці простых сялянаў перад гэтым сввольствам, на думку Анатоля Гуляева, іншая. Гэта састарэлыя эканамічныя адносіны ў вёсцы, сяляне дагэтуль не гаспадары на сваёй зямлі.

(Гуляеў: ) “Свабода немагчымая, пакуль няма ўласнасьці на сродкі вытворчасьці, у дадзеным выпадку на зямлю. Калі ў мяне ёсьць уласнасьць, я сплачваю падаткі й сам вырашаю, што мне рабіць, каму прадаваць і за які кошт. А пакуль за мяне гэта вырашаюць нейкія чыноўнікі, пакуль я ня бачу плёну сваёй працы, бо за ўсё сваё жыцьцё на зямлі нічога не зарабляю наогул, а з чым прыйшоў у той калгас, з тым, страціўшы сілы і паклаўшы жыцьцё, і выходжу на пэнсію ды маю толькі прысядзібны ўчастак. Да таго часу, пакуль так будзе, становішча ня зьменіцца”.
XS
SM
MD
LG