Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ПРАВА НА ЖЫТЛО


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Слова Ўладзімеру Лабковічу:

(Лабковіч: ) “Нядаўна да нас зьвярнулася жанчына, у якой ня топяць у кватэры. Яна кансультавалася, як ёй адмовіцца ад платы камунальным службам за ацяпленьне кватэры”.

Сярод іншага юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Ўладзімер Лабковіч шчыльна займаецца і жыльлёвым пытаньнем. Ён дапамагае грамадзянам, якія сталі ахвярамі гэтай нявырашанай праблемы. Тым, каго незаконна выштурхнулі з чаргі на жыльлё, хто пацярепеў ад свавольства дзяржаўных чыноўнікаў ці заводзкай адміністрацыі, альбо ад махляроў і прайдзісьветаў.

Прыкладам, Уладзімер Лабковіч згадвае, як давялося ў судзе бараніць людзей, чыя кватэра была па-махлярску прададзеная ўсяго за 5 тысяч рублёў. Дарэчы, суд кропку ў гэтай гісторыі яшчэ не паставіў, працэс цягнецца ўжо больш за год, і Ўладзімер Лабковіч цяпер лічыць, што ў гэтым вінаватыя ня судзьдзі, а недасканалае заканадаўства.

(Лабковіч: ) “Нашае жыльлёвае заканадаўства вельмі нягнуткае. Безумоўна, трэба пашырыць правы ўласьнікаў, зрабіць так, каб кватэры сапраўды сталі аб’ектам куплі-продажу, але адначасова трэба наладзіць кантроль за ўгодамі з маёмасьцю, каб людзі не траплялі ў сытуацыі, калі іх падманваюць і потым высяляюць. За гэта патрэбна больш жорсткае пакараньне”, — лічыць Ўладзімер Лабковіч.

І ўсё ж ён адзначае, што часьцей яму даводзіцца разьбірацца са скаргамі ўладальнікаў жыльля на мясцовыя ўлады ды камунальныя службы. На думку Ўладзімера Лабковіча, тут ужо галоўная прычына ня ў нейкім законе ці ягонай адсутнасьці.

Амаль стоадсоткавая манаполія дзяржавы на камунальнае абслугоўваньне жыльля і на будаўніцтва новага, адсутнасьць рынкавай канкурэнцыі прыводзяць да выпадкаў, калі чыноўнікі беспакарана парушаюць правы людзей і не выконваюць сваіх службовых абавязкаў.

Гэтак адбылося ў гісторыі, пра якую распавядзе наш карэспандэнт з Баранавічаў Алесь Горбач:

(Горбач: ) “Марыя Анойкіна ўжо больш за сорак гадоў жыве ў адным з баракаў, якія ў горадзе называюць не інакш як “царскія стайні”. Ці сапраўды былі ў мінулым гэтыя будынкі конскім жытлом, дакладных зьвестак няма, але пэўна тое, што пабудаваныя яны ў дарэвалюцыйны час.

Яшчэ дзесяць гадоў таму гэтак званы дом па вуліцы Камарова, 10, у якім і жыве спадарыня Анойкіна, быў прызнаны гарвыканкамам не прыгодным для пражываньня, бо быў ужо тады зношаны на 82%. Як ні дзіўна, але менавіта гэтая акалічнасьць аказалася не на карысьць пэнсіянэркі-праўдашукальніцы: суд адхіліў яе пазоў аб прымусовым капітальным рамонце будынку з тае прычыны, што памяшканьне аварыйнае і ніякм рамонт не магчымы.

Такое рашэньне давала Марыі Анойкінай поўнае права патрабаваць, каб яе тэрмінова выселілі з аварыйнага будынку і далі прыстойнае жытло. Менавіта з такім пазовам яна зьвярнулася ў суд другі раз. Аднак судзьдзя Васіль Петрыў прызначыў новую экспэртызу барака. На гэты раз адмысловая камісія Баранавіцкага гарвыканкаму, агледзеўшы помнік драўлянай архітэктуры канца ХІХ стагодзьдзя, прызнала яго не такім ўжо і аварыйным, а кватэру №7, дзе жыве пэнсіянэрка, і ўвогуле прыгоднай для пражываньня. Сама Марыя Анойкіна дзівіцца з такога рашэньня:

(Анойкіна: ) “Мая кватэра для далейшага пражываньня прыгодная... Памаладзела! Дык хоць дакажыце, на якой падставе памаладзеў барак, бо ніхто нават ня плюнуў, ніхто нічога не рабіў! А чаму памаладзеў на 76%?”

Такім чынам, справа пайшла па замкнутым коле. У Баранавіцкім аддзяленьні Беларускага Гельсынскага камітэту прычыну найперш бачаць у тым, што ўлада баіцца стварыць прэцэдэнт: побач са спадарыняй Анойкінай у чатырнаццаці такіх жа бараках жыве яшчэ 180 сем’яў, і натуральна, што калі задаволяць патрабаваньні пэнсіянэркі, прыйдзецца вырашаць жыльлёвыя праблемы астатніх. А даведзеная круцельствам чыноўнікаў да адчаю Марыя Анойкіна, усё ж ня мае намеру мірыцца з такім становішчам:

(Анойкіна: ) “Я і судзьдзі казала: калі ў вас не зарэгістраваны тэрарыст, то можаце мяне першай зарэгістраваць. Я ўжо вам ня здамся! Я іду на таран! Усё!”

Гэта была пэнсіянэрка з Баранавічаў Марыя Анойкіна, якой даводзіцца жыць у бараку, бо мясцовыя ўлады не выконваюць свае ж рашэньні аб паляпшэньні жыльлёвых умоваў. Да гэтага варта дадаць, што паводле афіцыйнай статыстыкі дзяржаўнага жыльля ў Беларусі цяпер будуецца ўдвая менш, чым яшчэ пяць гадоў таму, а патрэба ня стала меншай.

Простыя людзі сталі ахвярамі палітыкі, пры якой рэзка пагоршылася эканамічнае становішча. Што да камэрцыйнага жытла, якое цяпер будуецца ў большых,чым раней, памерах, то для тых, хто ня мае сваёй кватэры і зарабляе сярэднестатыстычныя сто даляраў на месяц, яно яўна не па кішэні”
.


* * *
Пры канцы нагадаю, што на гэтым тыдні ў расейскай дзяржаўнай Думе адбыліся слуханьні пытаньня аб інтэграцыі Беларусі й Расеі. Прысутная на слуханьнях Ірына Красоўская ў прыватнасьці заявіла, што, на яе думку, палітычная інтэграцыя немагчымая без высьвятленьня, што сталася зь Юрыем Захаранкам, Віктарам Ганчаром, Анатолем Красоўскім ды Зьмітром Завадзкім і заклікала расейскіх палітыкаў аказаць ціск на беларускія ўлады з мэтай завяршыць расьсьледаваньні палітычных зьнікненьняў.

XS
SM
MD
LG