Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЯВЫ КОЗІКА ПРА ТЭНДЭНЦЫЙНАСЬЦЬ ГАЗЭТЫ РЭДАКЦЫЙНЫ КАЛЕКТЫЎ “НАРОДНАЙ ВОЛІ” НАЗЫВАЕ БЕСПАДСТАЎНЫМІ


Галіна Абакунчык, Менск

Абмеркаваць патрабаваньні Леаніда Козіка рэдакцыі “Народнай Волі” прапанавала Міністэрства інфармацыі. Паводле вынікаў гэтага абмеркаваньня, тэкст ліста на імя міністра Падгайнага быў зацьверджаны на агульным сходзе рэдакцыйнага калектыву. У лісьце, у прыватнасьці, гаворыцца, што заява новага кіраўніка прафсаюзаў надуманая й беспадстаўная.

Гэткага ж меркаваньня прытрымліваюцца й незалежныя юрысты. Прафэсар Міхаіл Пастухоў кажа, што ў ягонай шматгадовай практыцы гэта першы выпадак, калі найвышэйшыя дзяржаўныя органы краіны так рэагуць на неабрунтаваныя прэтэнзіі грамадзкіх арганізацыяў. Гаворыць Міхаіл Пастухоў:

(Пастухоў: ) “Дзіўна, што Міністэрства інфармацыі адрэагавала на зварот грамадзкай арганізацыі. Не было падставаў для афіцыйнай рэакцыі. Гэта проста новая форма ціску на незалежны друк”.

Паводле рэдактара “Народнай Волі”, адзін з артыкулаў, які выклікаў абурэньне Леаніда Козіка, надрукаваны пад псэўданімам. Ягоны аўтар прафсаюзны работнік з атачэньня кіраўніка фэдэрацыі. Таму Іосіф Сярэдзіч перакананы, што гэты інцыдэнт вычарпаны. Аднак ён не выключае, што ціск на незалежнае выданьне можа працягвацца й надалей, бо, магчыма, Леанід Козік асьцерагаецца новых публікацыяў, якія могуць мець наступствы асабіста для яго. Гаворыць Іосіф Сярэдзіч:

(Сярэдзіч: ) “Спадар Козік баіцца вось чаго. Газэта “Барысаўскія навіны” апублікавала вельмі сур’ёзныя матэрыялы, якія датычаць Козіка, калі ён яшчэ кіраваў фабрыкай. Паколькі гэтыя факты не былі абвергнутыя, ён цяпер баіцца, каб за іх ня ўчапілася “Народная Воля”. Таму ідзе такое запалохваньне журналістаў і рэдактарскага корпусу: вось, маўляў, напалохаем Сярэдзіча, і ён перастане нас крытыкаваць. Ды ня будзе такога”.

Паводле Іосіфа Сярэдзіча, матэрыялы, апублікаваныя ў “Барысаўскіх навінах”, хутка зьявяцца й у рэдакцыі “Народнай Волі”. Рэдактар намерваецца неадкладна накіраваць іх у друк.

XS
SM
MD
LG