Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД АДМОВІЎ У РЭГІСТРАЦЫІ ЦЭНТРУ СЬВЯДОМАСЬЦІ КРЫШНЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Разгляд гэтай справы цягнуўся паўтара месяцы. Лідэры крышнаіцкіх грамадаў прасілі суд абавязаць Камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў зарэгістраваць іхны цэнтар, бо папярэднія звароты крышнаітаў да камітэту ніякага плёну ня далі. Чыноўнікі знаходзілі розныя падставы, каб не рэгістраваць Цэнтар сьвядомасьці Крышны.

Судзьдзя Вера Грабоўская-Дайнэка пачала раглядаць пазоў крышнаітаў яшчэ на пачатку верасьня. Але адразу ж адклала справу на два тыдні, бо прадстаўнік камітэту Аляксандар Калінаў быў у адпачынку. Пасьля чыноўнікі Камітэту ў справах рэлігіяў запатрабавалі правядзеньня пракурорскай праверкі, якая мела высьветліць, на якой падставе раённыя ўлады зарэгістравалі юрыдычны адрас Цэнтру крышнаіцкіх грамадаў.

Працэс быў перанесены яшчэ на месяц. Пракуратура ніякай праверкі не праводзіла, але судзьдзя на гэта не зьвярнула ўвагі. Вера Грабоўская-Дайнэка прыслухалася да аргумэнтаў чыноўнікаў, якія сьцьвярджалі, што юрыдычны адрас крышнаіты атрымалі незаконна, і адмовіла крышнаітам у рэгістрацыі. Нават прадстаўнік камітэту Аляксандар Калінаў быў зьдзіўлены гэтым, амаль нічым не аргумэнтаваным, судовым рашэньнем, і сказаў, што не гатовы яго пракамэнтаваць.

Лідэры ж крышнаітаў не сумняюцца, што рашэньне было палітычна матываваным. Гаворыць адзін з кіраўнікоў незарэгістраванага Цэнтру сьвядомасьці Крышны Сяргей Малахоўскі:

(Малахоўскі: ) “Мы й не чакалі іншага рашэньня, бо вы ж ведаеце стан нашага заканадаўства. Там можна знайсьці любыя нормы ў падтрымку сваёй пазыцыі, а тым больш пазыцыі дзяржаўнага органу. Мы лічым, што рашэньне суду было палітычным. І спадзявацца на станоўчае рашэньне суду, калі неўзабаве павінен быць прыняты новы закон аб веравызнаньнях — гэта было б неразважліва”.

Паводле новага закону, крышнаіты маюць нязначныя шанцы на рэгістрацыю свайго цэнтру. Бо гэтая канфэсія дзейнічае ў Беларусі менш за 20 гадоў. Сяргей Малахоўскі гаворыць, што, хутчэй за ўсё, ня будзе падаваць судовую апэляцыю — ня бачыць у гэтым сэнсу. Крышнаіты рыхтуюцца да дзейнасьці ў паўпадпольных умовах.
XS
SM
MD
LG