Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правы чалавека: хто абароніць дзіця?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Карнейчык: ) “У самым горшым становішчы, безумоўна, тыя дзеткі, якія пацярпелі ад наступстваў Чарнобыльскай аварыі ды дзеці-інваліды, дзеці з асаблівасьцямі фізычнага разьвіцьця. Гэтых і вельмі шмат, і ўмовы, у якіх яны знаходзяцца, самыя горшыя”, — гэтак Алеся Карнейчык, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытуту адукацыі адказала на маё пытаньне пра групы беларускіх дзяцей, якія сёньня сутыкаюцца з найбольшымі цяжкасьцямі.

Пры гэтым Алеся Карнейчык падкрэсьліла, што і ў іншых групах сытуацыя не нашмат лепшая. Дзеці-сіроты, альбо юныя правапарушальнікі знаходзяцца ў вельмі дрэнных умовах з гледзішча правоў чалавека. 31 тысяча сіротаў ня ведаюць бацькоўскай пяшчоты, многія зь іх галадаюць і не атрымліваюць належнай адукацыі. 9 тысяч дзяцей і падлеткаў, якія зьдзейсьнілі правапарушэньні, часткова альбо поўнасьцю абмежаваныя ў волі.

Але, калі лічыць, што няма больш важнага для дзяцей права, як права на адукацыю і на здароўе, то тут, лічыць наш экспэрт, найбольшыя праблемы ў чарнобыльцаў і дзяцей-інвалідаў. Прычым гэтыя праблемы ў пэрспэктыве больш небясьпечныя для грамадзтва, чым яно пакуль уяўляе.

Прыкладам, Алеся Карнейчык спаслалася на вынікі нацыянальнага дасьледаваньня, паводле якога дзеці, якія пацярпелі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, значна адстаюць ад ставіх аднагодкаў ва ўзроўні адукацыі. Бо часта прапускаюць школьныя заняткі з-за лячэньня ў мэдыцынскіх установах альбо адпачынкаў за мяжой, зрабілі высновы адмыслоўцы.

(Карнейчык: ) “Яны амаль усе ведаюць некалькі словаў па-нямецку, але часта зусім непісьменныя ў беларускай мове ці расейскай. І такіх дзяцей сёньня 415 тысяч. Ім далі льготы для паступленьня ў ВНУ, але выкладчыкі адзначаюць, што нават “тройку” паставіць такім абітурыентам праблематычна. У такіх падлеткаў таксама адзначаецца комплекс утрыманства. Такім чынам, хутка ўступіць у сталае жыцьцё пакаленьне, якое не да лепшага зьмяніць выгляд грамадзтва”, — мяркуе Алеся Карнейчык.

Паводле афіцыйных зьвестак, якімі яна падзялілася, усяго ў Беларусі цяпер 2 мільёны 332 тысячы дзяцей, альбо менш за 23% ад усяго насельніцтва. Яшчэ тры гады таму было болей за 25%. Праз тры гады будзе каля 20%, прагназуюць адмыслоўцы. Між тым, паводле міжнароднай нормы, грамадзтва, дзе дзяцей менш за чвэрць насельніцтва, пачынае рэгрэсаваць ва ўсіх галінах — і ў эканоміцы, і ў культурным разьвіцьці.

Што да самаабароны сваіх правоў, то навукоўка заўважае, што беларускія дзеці бяруць тут прыклад з бацькоў і ня вельмі актыўныя, але ёсьць ужо і выключэньні, якія могуць стаць правілам. Прыклад таму — у рэпартажы нашай карэспандэнткі з Магілёва Марыі Ўсьціновіч.

(Усьціновіч: ) “У Магілёве затрымалі непаўнагадовага падлетка, і з падазрэньня ў крадзяжы зьнялі адбіткі пальцаў. Такія дзеяньні міліцыі праваабаронцы лічаць незаконнымі, і справай цяпер займаецца абласное аддзяленьне Беларускага Гельсынскага камітэту.

Ягоны кіраўнік Уладзімер Краўчанка гаворыць, што гэта тыповая справа, і абаронай правоў дзяцей магілёўскія правабаронцы займаюцца пастаянна. Гэта звычайна датычыцца незаконных затрыманьняў падлеткаў, адабраньня рэчаў (гэта было вельмі распаўсюджана ў апошнюю выбарчую кампанію), абразаў і зьбіцьця.

Для вырашэньня надзённых пытаньняў у справе абароны правоў дзяцей, у Магілёве зараз ідзе стварэньне дзіцячай правабарончай арганізацыі. Будучыя стваральнікі дзіцячай праваабарончай арганізацыі — у асноўным вучні 11-й сярэдняй школы Магілёва і машынабудаўнічага прафэсійна-тэхнічнага каледжу. Яны вучацца і друкуюць у мясцовай недзяржаўнай моладзевай газэце “Зэбра” паведамленьні аб парушэньні правоў шкаляроў і навучэнцаў. У асноўным інфармацыя датычыцца заўвагаў з нагоды зьнешняга выгляду ды недахопу падручнікаў.

Вучаніца Вольга Гарошка ніколі не лічыла абарону сваіх правоў і правоў аднаклясьнікаў глупствам:

(Гарошка: ) “Мне падабаецца, каб былі абароненыя правы дзіцяці, каб не было свавольства ўлады, якая стаіць вышэй за нас”.

Пад уладай юныя правабаронцы разумеюць сёньня міліцыю, зь якой кантактуюць з нагоды так званай “камэнданцкай гадзіны” для дзяцей і падлеткаў (ім забаронена без дарослых зьяўляцца на вуліцы позна ўвечары), пэдагогаў і адміністрацыю навучальных установаў.

Алена Дварцова распавядае, як настаўнікі штодня парушаюць правы сваіх вучняў.

(Дварцова: ) “Яны могуць перад усімі вучнямі школы сказаць, зьняславіць: зь якой фрызурай, які выгляд у яго. А калі ў вучня недастаткова грошай, каб набыць сабе нейкія рэчы? І валасы — крычаць на хлопцаў, што яны ходзяць “з косамі”. Гэта іхная справа, зь якой фрызурай хадзіць у школу!”

Аляксандар Каштанаў лічыць самым несправядлівым у сваім школьным жыцьці, што вучні ня маюць магчымасьці нармальна харчавацца.

(Каштанаў: ) “Цяпер кажуць, што ў дзяржавы пакуль няма грошай нас карміць. Дык хаця б дадому адпускалі, каб там паесьці. Прадоўжылі б перамену на гадзінку”.

Прэтэнзіі Аляксандра падтрымала Вольга Гарошка. Дзяўчына лічыць права падсілкавацца сярод доўгіх заняткаў гарантаваным законам:

(Гарошка: ) “Дзяржава павінная ўсё рабіць для разумовага і духоўнага разьвіцьця дзяцей. Калі дзяржава пакуль ня можа нам даць грошы, дык няхай зробіць больш доўгай перамену, каб дзеці маглі схадзіць дадому”.

Ёсьць у падлеткаў пытаньні да міліцыі. Алена Дварцова настойвае на тым, што ахоўнікі парадку не дакладна прытрымліваюцца інструкцыі, якая рэглямэнтуе знаходжаньне дзяцей на вуліцы ўвечары.

(Дварцова: ) “Нам чыталі ў школе, што дзеці, якія не дасягнулі 18 гадоў, маюць права хадзіць з тымі асобамі, якім 18 гадоў ужо споўнілася. Аднак чамусьці гэтага не прытрымліваюцца. Іх затрымліваюць разам: адпускаюць старэйшых, а малодшых трымаюць”.

Навучэнец машынабудаўнічага прафэсійнага каледжу Яўген Вярхоўскі парушэньнем сваіх правоў называе хібы ў ахове працы і здароўя, а таксама прымус да нейкай неабавязковай для навучальнага працэсу працай. Юнак мяркуе, што дзецям і падлеткам трэба імкнуцца абараніць свае правы, як бы гэта ні было цяжка.

(Вярхоўскі: ) “Аднаму гэта складана. Таму трэба ствараць арганізацыі, якія б здолелі абараніць правы дзяцей”.

Гэтую думку падтрымліваюць магілёўскія праваабаронцы. Яны апякуюцца сваімі юнымі калегамі і лічаць, што чым больш у нас будзе праваабарончых арганізацыяў, у тым ліку і дзіцячых, чым больш людзей будзе імкнуцца да выкананьня Канстытуцыі і законаў, тым хутчэй Беларусь зробіцца прававой дзяржавай і ўвойдзе ў сям’ю эўрапейскіх краінаў”.


Наш сёньняшні экспэрт Алеся Карнейчык таксама адзначыла, што беларускае грамадзтва паступова, але паварочваецца да праблемы правоў дзяцей. Па традыцыі асноўная роля належыць дзяржаве, але ўсё большую актыўнасьць дэманструе і недзяржаўны сэктар. У Беларусі дзецям дапамагаюць больш за 50 дзіцячых цэнтраў, адчыніліся 68 дзіцячых прытулкаў — гэта дзяржаўныя ўстановы, і дзейнічае ўжо некалькі дзясяткаў грамадзкіх арганізацыяў.

Магчыма ўжо казаць, што займацца дзіцячай праблематыкай становіцца нават модна, лічыць Алеся Карнейчык. Яна вітае ініцыятыўнасьць людзей, але засьцерагае ад павярхоўнасьці. Паводле зьвестак наўкоўкі, у грамадзтве распаўсюджанае меркаваньне, што за парушэньне правоў дзяцей трэба караць дарослых. На гэтым меркаваньні грунтуецца і праект новага закону ў абарону дзяцей, які падрыхтаваны ў Нацыянальным сходзе.

У праекце прапануецца ўвесьці для бацькоў крымінальную адказнасьць за дрэннае абыходжаньне зь дзецьмі, што Алеся Карнейчык лічыць недапушчальным.

(Карнейчык: ) “Ніколі праблемы адных нельга вырашаць коштам іншых. Гэтыя бацькі ў большасьці сваёй таксама пакутуюць, у тым ліку з-за нястачы адукацыі. Яны проста ня ведаюць, як вырашаць праблемы, што ўзьнікаюць у дзяцей”, — лічыць Алеся Карнейчык і заклікае з роўнай павагай ставіцца як да правоў дзяцей, гэтак і да правоў іхных бацькоў.
XS
SM
MD
LG