Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧАЎСЯ СУД НАД АДВАКАТАМ АКСЁНЧЫКАМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Суд, які пачаўся сёньня ў Ленінскім судзе Менску, журналісты ўжо назвалі першым палітычным працэсам над адвакатам. Нагадаю, у перадапошні дзень працэсу над групоўкай Ігнатовіча, сёлета ў красавіку, адвакат Аксёнчык заявіў, нібыта прэзыдэнт краіны спрычыніўся да развалу справы Завадзкага — тым, што прызначыў быццам галоўнага падазраванага ў гэтай справе Віктара Шэймана на пасаду генэральнага пракурора.

Пракуратура палічыла словы адваката паклёпам на генэральнага пракурора і завяла на яго крымінальную справу. Сьледзтва сьцьвярджае, што ў справе Завадзкага няма дакумэнтаў, якія б сьведчылі супраць Віктара Шэймана, і таму словы Аксёнчыка зьяўляюцца паклёпам. Аксёнчык лічыць інакш.

(Аксёнчык: ) “Я прашу суд запатрабаваць пэўныя тамы справы Завадзкага, вывучыць пэўныя старонкі, у якіх ёсьць зьвесткі пра магчымую датычнасьць Шэймана да выкраданьняў, у тым ліку Захаранкі ды Ганчара з Красоўскім. Што такія дакумэнты ў справе ёсьць, можа пацьвердзіць і Вольга Завадзкая. А тое, што сьледзтва па маёй справе не прызнае наяўнасьці гэтых дакумэнтаў, я лічу спробай схаваць гэтыя злачынствы”.

Адваката Аксёнчыка чакаюць два гады турмы, калі суд прызнае яго вінаватым. Але ці ёсьць спадзяваньні на апраўданьне?

У журналістаў, якія асьвятляюць працэс, іх мала. Пачнем з таго, што суд ужо абвесьцілі закрытым, і прадстаўнікоў мэдыяў з залі выдалілі. Аксёнчык гэтым абураўся, заяўляў, што ў ягонай справе няма ніякіх дзяржаўных сакрэтаў, але судзьдзя да яго не прыслухалася.

Другі паказчык — гэта незвычайна хуткі тэмп разгляду справы. Уражаньне такое, быццам судзьдзя Валянціна Крывая прыслухалася да крытыкі Аляксандра Лукашэнкі, які нядаўна абвінаваціў некаторых судзьдзяў у штучным замаруджваньні гучных працэсаў. Валянціна Крывая пасьлядоўна пераадольвае ўсе перашкоды на шляху да хуткага прысуду. Прыкладам, яна рашуча адхіліла адвод Аксёнчыка пракурору Аляксею Стуку, які кіраваў сьледчай групай па справе адваката. Паводле судзьдзі, гэта не прычына для адхіленьня пракурора ад удзелу ў працэсе.

Гэтак жа рашуча было адхіленае хадайніцтва аб спыненьні судовага працэсу на той падставе, што сваё скандальнае выказваньне на адрас Віктара Шэймана Аксёнчык прамаўляў у якасьці адваката. З тым, што закон абараняе адваката ад крымінальнага перасьледу за ягоныя выказваньні ў судзе, Валянціна Крывая не палічылася.

Справа працягваецца. У якасьці сьведкаў пракуратурай запрошаныя сьледчыя Міхальчук і Бранчаль, якія вялі справу аб выкраданьні Завадзкага. Заўтра яны павінныя выступіць у судзе.

А вось з выклікам у суд сьведкі Вольгі Завадзкай, пра што хадайнічаў Аксёнчык, судзьдзя не пагадзілася. Маўляў,таму, што маці зьніклага апэратара ОРТ падчас суду над выкрадальнікамі яе сына давала падпіску аб неразгалошваньні сакрэтаў сьледзтва. Вольга Завадзкая, як і Ігар Аксёнчык лічаць гэтае рашэньне накіраваным на тое, каб схаваць ад грамадзтва праўду пра справы зьніклых людзей.
XS
SM
MD
LG