Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯРГЕЙ КАВАЛЁЎ: МЫ ВЫСЬВЕТЛІМ, ЯК УВОГУЛЕ СТАВІЦЦА БЕЛАРУСКІ АФІЦЫЁЗ ДА ГЭТАЙ КРЫВАВАЙ ПРАБЛЕМЫ


Ірына Халіп, Страсбур

Гэтая камісія была створаная Юрыдычным камітэтам Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. У склад камісіі ўвайшлі дзесяць дэпутатаў зь Нямеччыны, Літвы, Гішпаніі, Расеі, Украіны, Бэльгіі, Латвіі, Турцыі, Кіпра і Вялікабрытаніі. Старшынём камісіі абраны вядомы праваабаронца, дэпутат Дзярждумы Расеі Сяргей Кавалёў.

(Кавалёў: ) “Падрабязнасьці пакуль паведаміць не магу. Таму што, так бы мовіць, гэтага падкамісія яшчэ не абмяркоўвала. Мы не абмяркоўвалі падрабязнасьці мандата, мы ня ведаем дакладна нашых паўнамоцтваў.

Што я магу прадбачыць? На жаль, гэтая падкамісія – зь верагоднасьцю 0,95 – ня знойдзе заказчыкаў зьнікненьняў. З той жа агромністай верагоднасьцю ня вызначыць арганізатараў гэтых зьнікненьняў. І выканаўцаў таксама.

На што ж мы можам з упэўненасьцю спадзявацца? Я думаю, што амаль напэўна вынікам нашай працы будуць дакладныя, дакумэнтальныя зьвесткі аб тым, як менавіта беларускія ўлады рэагуюць на гэтыя справы, як яны праводзяць уласнае дасьледаваньне, наколькі энэргічны яны шукаюць зьніклых, як увогуле ставіцца беларускі афіцыёз да гэтай крывавай праблемы”.

Намесьнікам Сяргей Кавалёва па працы ў камісіі абраны ангельскі дэпутат Мак-Намара. На гэтым тыдні камісія павінна таксама сабрацца яшчэ некалькі разоў і выпрацаваць стратэгію сваёй працы.

Сёньня ў Страсбур прыехалі лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і ягоны намесьнік Яраслаў Раманчук. У сьпісе беларускай апазыцыйнай дэлегацыі прозьвішча Раманчука раней не было, але, як высьветлілася, яго запрасіла ўзяць удзел у працы Асамблеі Народная партыя. А вось дэпутатаў палаты прадстаўнікоў Зінаіды Пяньковай і Андрэя Лосева пакуль у Страсбуры не відаць. Хутчэй за ўсё, яны проста цягнуць час да пятніцы, да пачатку дыскусіі аб сытуацыі ў Беларусі. У Парлямэнцкай Асамблеі, дарэчы, ужо ніхто ня будзе зьдзіўлены, калі яны ня зьявяцца там увогуле.
XS
SM
MD
LG