Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: УЛАДА І ГРАМАДЗКІЯ АРГАНІЗАЦЫІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Праблему аналізуе актывістка Асацыяцыі няўрадавых арганізацыяў Алена Валынец:

(Валынец: ) “Асамблея ўжо рэгіструецца паўгода, і паўгода нам ня могуць даць адказу — станоўчага альбо адмоўнага. І яшчэ ведаю, што тры месяцы камісія па рэгістрацыі пры Мінюсьце не зьбіралася, і пэўна за гэты час ніводнае грамадзкае аб’яднаньне не зарэгістравалася”.

Гэтая размова з актывісткай незарэгістраванай Асацыяцыі недзяржаўных арганізацыяў Аленай Валынец была запісаная за дзень да таго, як стала вядома, што ў Мінюсьце 18 верасьня ўсё ж атрымала рэгістрацыйнае пасьведчаньне адна грамадзкая арганізацыя — гэта быў толькі тыдзень таму створаны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, у які зьліліся БПСМ (і Саюз моладзі Беларусі (былы камсамол краіны).

Такім чынам, тое, што па паўгода не ўдаецца зрабіць недзяржаўным актывістам, лёгка робяць іхныя калегі, якія жывуць зь бюджэту. Чаму гэта магчыма ў краіне, дзе абвешчаная роўнасьць усіх перад законам, спытаўся я ў Алены Валынец. Яна тлумачыць праблему тым, што ў сёньняшняй Беларусі чыноўнікі, а не закон вырашаюць, якая арганізацыя карысная, а якая шкодная.

(Валынец: ) “Хутка рэгіструюцца толькі сацыяльныя грамадзкія арганізацыі, кшталту арганізацыі інвалідаў. Бо лічыцца, што яны як бы не ўяўляюць пагрозы для дзяржавы. А ўсе астатнія, у статутах якіх ёсьць рэчы, якія могуць падацца шкоднымі, зьведваюць праблемы. Гэта моладзевыя недзяржаўныя арганізацыі, культурніцкія ды іншыя, якія заўгодна. Акрамя сацыяльнага кірунку, усё ім можа падацца шкодным і будзе спыняцца”.

Паводле Алены Валынец, фармальнай прычынай звычайна ёсьць заўвагі да рэгістрацыйных дакумэнтаў ці цяжкасьці з атрыманьнем юрыдычнага адрасу, але на самой справе прычыны хаваюцца значна глыбей. Пра адну зь іх распавядае наш баранавіцкі карэспандэнт Алесь Горбач:

(Горбач: ) “Баранавіцкі клюб спажыўцоў і падаткаплатнікаў быў створаны летась у лістападзе. Як патлумачылі заснавальнікі гэтага грамадзкага аб’яднаньня, неабходнасьць у стварэньні такой арганізацыі многія зь іх адчулі, ня раз сутыкнуўшыся з дрэнным абслугоўваньнем ці няякаснымі таварамі.

Аднак чаму ўзьнікла неабходнасьць ствараць новую арганізацыю, калі існуе Таварыства абароны правоў спажыўцоў? — з такім пытаньнем зьвярнуўся я да Вольгі Майсюк, якая на ўстаноўчым сходзе клюбу была абраная яго старшынёй. І вось што пачуў у адказ:

(Майсюк: ) “Па-першае, Таварыства абароны правоў спажыўцоў — гэта прыдзяржаўнае аб’яднаньне. Дастаткова, думаю, сказаць, што ў Баранавічах узначальвае мясцовае аддзяленьне гэтай арганізацыі дырэктар самага буйнога ў горадзе ўнівэрмагу. Ці трэба камэнтар? Па-другое, мне падаецца, што такіх аб’яднаньняў чым больш, тым лепш. Працы хопіць усім”.

Працаваць на спажывецкай дзялянцы новаму аб’яднаньню не дазволілі. Берасьцейскае абласное ўпраўленьне юстыцыі тры разы давала адтэрміноўку ў рэгістрацыі Баранавіцкага клюбу спажыўцоў і падаткаплатнікаў і ўрэшце адмовіла цалкам. Прычыну такога рашэньня чыноўнікаў Вольга Майсюк бачыць найперш у тым, што сёньняшні рэжым не вітае ніякую незалежную ініцыятыву. У дадзеным жа выпадку, на думку мае суразмоўцы, відавочнае жаданьне дзяржавы захаваць сваю манаполію на абарону правоў спажыўцоў праз свае, прыдзяржаўныя структуры.

Мірыцца з такім парадкам заснавальнікі аб’яднаньня ня сталі й падалі скаргу ў абласны суд. Суд прыняў пад увагу тое, што менавіта дзеяньні Ўпраўленьня юстыцыі прывялі да адмоўнага выніку ў рэгістрацыі Баранавіцкага клюбу спажыўцоў і падаткаплатнікаў, таму і абавязаў чыноўнікаў узнавіць працэс рэгістрацыі.

На гэтым тыдні рашэньне суду ўступіла ў сілу, і цяпер заснавальнікі клюбу чакаюць ліста з чарговай адтэрміноўкай у рэгістрацыі. Гэта яшчэ не гарантуе, што арганізацыя ўсё ж будзе зарэгістраваная”.


Заўважу, што арганізацыя, пра якую распавёў Алесь Горбач, не займаецца палітыкай. Менавіта такія аб’яднаньні прадстаўляе і наш экспэрт Алена Валынец. Але, заўважае наш экспэрт, гэта не гарантуе арганізацыі ад праблемаў, бо галоўны паказчыкам для чыноўніка ёсьць тое, што арганізацыя зьявілася на сьвет самастойна, без загаду зьверху.

Вось статыстыка. Паводле зьвестак Алены Валынец з 5 тысяч грамадзкіх аб’яднаньняў у Беларусі амаль палова не зарэгістраваная — звычайна з-за відавочных перашкодаў уладаў. Збольшага адсутнасьць рэгістрацыі шкодзіць аб’яднаньню, але і тут ёсьць выключэньні.

Прыкладам, у Берасьці існуе аб’яднаньне, у якое ўваходзяць больш за 50 маладых прыхільнікаў чысьціні ў горадзе. Яны самастойна ладзяць суботнікі, нават ачышчалі ад сьмецьця мясцовую раку. Улады такой актыўнасьці, відаць, радыя, таму пакуль да хлопцаў не чапляюцца. І ўсё ж Алена Валынец перакананая, што палітыку дзяржавы адносна няўрадавых арганізацыяў вызначаюць не мясцовыя чыноўнікі.

(Валынец: ) “Усё ж ініцыятыва сыходзіць ад найвышэйшага кіраўніцтва нашай дзяржавы. Ня думаю, што гэта сыходзіць ад нейкіх чыноўнікаў, ад міністра юстыцыі ці сябраў камісіі па рэгістрацыі. Натуральна, што ўсё адбываецца з-за галоўнага кіраўніцтва”, — лічыць актывістка Асацыяцыі няўрадавых арганізацыяў Алена Валынец.


* * *
З навінаў тыдня пра справы зьніклых адзначу красамоўны адказ Аляксандра Лукашэнкі на пытаньне, зададзенае яму падчас прэсавай канфэрэнцыі ў аўторак — пра ягоную асабістую ролю ды пра ролю ягонага найбліжэйшага атачэньня ў гэтых справах. Паводле Лукашэнкі, ён ня ведае, каб нехта з прэзыдэнцкай адміністрацыі падазраваўся ў датычнасьці да зьнікненьняў апазыцыянэраў. Выходзіць, ён не чытаў рапартаў генэрала Лапаціка і палкоўніка Алкаева, але паверыць у гэта цяжка.
XS
SM
MD
LG