Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АКТЫВІСТЫ ЛІГІ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА НЕ ЗАДАВОЛЕНЫЯ ДЗЕЙНАСЬЦЮ ПРАДСТАЎНІЦТВА ААН У БЕЛАРУСІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня раніцай каля брамы прадстаўніцтва ААН сабралася больш за 10 актывістаў арганізацыі, якая называе сябе Лігай правоў чалавека, і проста людзей, пацярпелых ад уладаў. У кожнага зь іх свая гісторыя. Некага незаконна высялілі з кватэры, нехта пацярпеў ад міліцыі, у некага па віне дзяржавы загінулі родныя і блізкія. Але з кіраўніком місіі ААН Нілам Бунэ гэтыя людзі хацелі сустрэцца ня толькі дзеля таго, каб ён ім дапамог вырашыць уласныя праблемы.

Гаворыць адна зь лідэраў Лігі правоў чалавека Кацярына Садоўская:

(Садоўская: ) “Мы прыйшлі ў ААН, каб гэтая арганізацыя патрабавала ад беларускага кіраўніцтва выконваць дэклярацыі. Мы да іх прыходзім ужо ня першы раз, аднак усе нашыя заявы засталіся без адказу. Мы пратэстуем супраць такой дзейнасьці ААН. Гэтая арганізацыя не выносіла праблемы захаваньня правоў чалавека ў Беларусі на Генэральную асамблею. У нас судзяць незаконна журналістаў, галоўнаму рэдактару “Рабочага” выносяць сёньня прысуд. Двух журналістаў у нас ужо адправілі на “хімію”, і гэтага адправяць”.

Паводле спадарыні Садоўскай, сёньняшні дзень быў абраны для сустрэчы зь Нілам Бунэ невыпадкова. Сёньня споўнілася роўна тры гады ад зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Актывісты лігі лічаць, што гэта найбольш яскравы прыклад парушэньня ў Беларусі правоў чалавека.

Шэф прадстаўніцтва ААН у Беларусі Ніл Бунэ сустрэўся з прадстаўнікамі лігі, і гутарка працягвалася больш за паўтары гадзіны. Гаворыць Ніл Бунэ:

(Бунэ: ) “Я азнаёміўся з усімі матэрыяламі, якія вы да нас дасылалі, і ў курсе сытуацыі. Я ведаю, што многія з вас патрапілі ў дастаткова цяжкія жыцьцёвыя сытуацыі. Менавіта таму каля двух гадоў таму мы ўжо сустракаліся з вамі ў гэтым офісе. У выніку той сустрэчы мы атрымалі даволі шмат матэрыялаў, якія былі апрацаваныя, перакладзеныя на ангельскую мову і накіраваныя ў Камісію правоў чалавека ААН у Жэнэве. Па выніках гэтай сустрэчы я яшчэ раз паінфармую Камісію правоў чалавека аб вашых скаргах і, магчыма, зробім адпаведны сьпіс гэтых скаргаў з просьбай разабрацца”.

Разам з тым Ніл Бунэ адзначыў, што камісія ААН ня мае шырокіх паўнамоцтваў, і з гэтае прычыны справа абароны праваў чалавека не заўсёды эфэктыўная. Неэфэктыўнасьць працы камісіі, паводле Ніла Бунэ, стала адной з прычынаў нядаўняй адстаўкі Вярхоўнага камісара ААН у правох чалавека Мэры Робінсан.

Актывісты Лігі правоў чалавека былі ня цалкам задаволеныя адказамі Ніла Бунэ, аднак усе непаразуменьні яны вырашылі высьветліць падчас будучага круглага стала з удзелам праваабаронцаў, прадстаўнікоў ААН і ўладаў.
XS
SM
MD
LG