Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВІКТАРУ ІВАШКЕВІЧУ ДАЛІ ДВА ГАДЫ “ХІМІІ”


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў будынак Першамайскага суду прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, каб выказаць падтрымку рэдактару газэты “Рабочы” Віктару Івашкевічу. Сярод прысутных былі калегі-журналісты, прадстаўнікі францускай і амэрыканскай амбасадаў і АБСЭ.

Віктара Івашкевіча судзілі за артыкул “Злачынца павінен сядзець у турме”, надрукаваны летась у газэце “Рабочы” падчас выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі. У артыкуле згадваліся некаторыя факты пра дзейнасьць Лукашэнкі і ягонага атачэньня. Пракуратура абвінаваціла рэдактара ў паклёпе на Лукашэнку і распачала крымінальную справу.

Судовае паседжаньне было закрытым. Судзьдзя Ўладзімер Кобышаў патлумачыў гэта тым, што прысутнасьць вялікай колькасьці журналістаў прывядзе да распаўсюду зьвестак, пра якія будзе ісьці гаворка ў судовай залі.

Прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі ў часе апытаньня не падтрымалі пазыцыю абвінавачаньня. Яны спаслаліся на тое, што наклад газэты быў канфіскаваны — таму, на іхную думку, і не было распаўсюду друкаваных зьвестак. Прадстаўнік КГБ увогуле заявіў, што ўсе матэрыялы па справах фонда Эсамбаева, “Торгэкспо” ды іншых фірмаў, пра якія ішла гаворка, зьнішчаныя.

Сёньня судзьдзя Ўладзімер Кобышаў дазволіў прысутнічаць толькі на агалошваньні выніковай часткі прысуду. Прысуд — два гады абмежаваньня волі — выклікаў хвалю абурэньня сярод прысутных.

Адвакат Віктара Івашкевіча Тацяна Станкевіч патлумачыла Радыё Свабода, што пакараньне “хіміяй” на два гады — гэта не канчатковы прысуд. Паколькі ў часе сьледзтва была абвешчаная амністыя, то пазьней адзін год “хіміі”, магчыма, будзе скасаваны. Вось як Віктар Івашкевіч пракамэнтаваў прысуд:

(Івашкевіч: ) “Я не лічу сябе вінаватым. Я і на судзе заявіў, што ўсё там праўда. Само сьледзтва адваротных зьвестак ня мае. Дзяржаўныя чыноўнікі далі такія даведкі, што абвергнуць ці пацьвердзіць факты яны ня могуць, пачынаючы з КГБ і пракуратурай. А паказаньні сьведкаў зь Міністэрства інфармацыі... Яны казалі: “Нас падставілі, выкарысталі, як драўляных салдатаў Урфіна Джуса, а цяпер жадаюць на нас усё сьпіхнуць”.

Ды й сам прысуд! Ну, калі я вінаваты, то садзі на пяць гадоў, а, калі невінаваты — вызваляй. А тут такі хітры кампраміс. З кім кампраміс, я яшчэ не разумею. З аднаго боку, грамадзкасьць патрабуе спыніць рэпрэсіі, з другога — рэпрэсія ажыцьцяўляецца ня ў поўным аб’ёме. Ніякі кампраміс, ніякая палітыка, якая, магчыма, тычыцца не мяне — не са мной гэта кампраміс. А з кім? Трэба думаць”.

На думку Віктара Івашкевіча, прысуд ёсьць дэманстрацыяй ціску ўладаў на незалежную прэсу:

(Івашкевіч: ) “Гэта адзін з тых крокаў у задушэньні свабоднай, дэмакратычнай прэсы ў нашай несвабоднай, недэмакратычнай дзяржаве”.

Цягам пяці дзён адвакатка Віктара Івашкевіча падасьць скаргу ў Менскі гарадзкі суд, каб адмяніць гэты прысуд.
XS
SM
MD
LG