Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ І ЎЛАДА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Акапян: ) “Сабаку так не ганяюць, як мяне тры гады ганяюць. Мяне, маю жонку, маіх дочак-малалетак. За два гады чатыры кватэры давялося зьмяніць, бо міліцыянты даводзяць гаспадарам: чаго тыя каўказцаў без пашпартоў трымаюць? У мяне ёсьць пашпарт, але гэта пашпарт грамадзяніна Армэніі, а беларускі пашпарт мне не даюць, хаця я з 1991 году ўвесь час жыву ў Беларусі”, — кажа салігорскі прадпрымальнік Акоп Акапян, які тры гады беспасьпяхова дамагаецца беларускага грамадзянства.

Год таму Салігорскі раённы суд вызначыў як юрыдычна даказаны факт тое, што сям’я Акапянаў дзесяць гадоў трывала жыве ў Салігорску. Паводле закону, гэта ёсьць падставай для выдачы беларускіх пашпартоў, аднак пашпартна-візавая служба Салігорску Акапянам адмаўляецца даць пашпарты.

Праваабаронцы зь Беларускага Гельсынскага камітэту, якія дасьледавалі справу Акапянаў, кажуць, што прадстаўнікі ўлады нібыта сфальсыфікавалі некаторыя іхныя дакумэнты. Узьнікае пытаньне: а навошта ўсё гэта спатрэбілася супрацоўнікам пашпартнай службы?

Сяргей Аніська з Гельсынскага камітэту падазрае міліцыянтаў у карумпаванасьці:

(Аніська: ) “Беларускі Гельсынскі камітэт упершыню сутыкаецца з фактам, калі міліцыянт не выконвае пэўнае рашэньне суду. Інакш Акапяны б ужо свае пашпарты атрымалі. Што перашкаджае? У мяне вэрсія адна. Магчыма, яна спрэчная, але... Акапян — прадпрымальнік, і, відаць, нехта захацеў на ягонай праблеме нажыцца”.

Праваабаронца кажа, што ўсё больш выпадкаў, калі асобы пры ўладзе, карыстаючыся сваім службовым становішчам, вымагаюць з грамадзянаў грошы. Прадпрымальнікаў сярод такіх ахвяраў вымагальніцтва — большасьць, бо з каго ж яшчэ браць грошы, як ня зь іх.


* * *
Гэта была гісторыя салігорскага бізнэсоўца Акапяна. А вось герой наступнага рэпартажу са Шклова Ўладзімер Зубрыновіч нядаўна страціў ганаровы статус прадпрымальніка. Распавядае наша магілёўская карэспандэнтка Марыя Ўсьціновіч:

(Усьціновіч: ) “Шклаўчанін Уладзімер Зубрыновіч быў арыштаваны і абвінавачаны ў спробе крадзяжу дзьвюх сьвіней. Ён правёў у сьледчым ізалятары больш як паўгода і быў асуджаны абмежаваньнем волі.

Уладзімер Зубрыновіч называе ўсё, што зь ім здарылася, бессаромным парушэньнем законнасьці й сваіх правоў. Ён хоча, каб супрацоўнікі міліцыі, якія рабілі гэта, былі пакараныя. Часткова гэта яму ўдалося.

Рэч у тым, што на кватэры і лецішчы Ўладзімера Зубрыновіча былі канфіскаваныя рэчавыя доказы на суму каля 5 тысяч амэрыканскіх даляраў. У тым ліку золата, розная тэхніка, будаўнічыя матэрыялы, вопратка, алькаголь і харчы. За час расьсьледаваньня справы Зубрыновіча рэчавыя доказы ў большасьці зьніклі, і толькі пасьля скаргі ў Магілёўскую абласную пракуратуру яму вярнулі некаторыя зь іх на суму менш як тысяча даляраў.

У выніку службовага расьсьледаваньня некалькі супрацоўнікаў Шклоўскага райаддзелу міліцыі атрымалі вымовы, а начальнік крымінальнага вышуку Аляксандар Ракіцкі вызвалены ад займанай пасады.

Менавіта гэты чалавек, лічыць Уладзімер Зубрыновіч, стаў ініцыятарам прыцягненьня былога прадпрымальніка да крымінальнай адказнасьці. З-за валоданьня інфармацыяй пра тыя справы міліцыянта, якія не сумяшчальныя зь дзейнасьцю ахоўніка правапарадку.

Уладзімер Зубрыновіч вынікамі службовага расьсьледаваньня не задаволены. Ён лічыць, што ў адносінах на міліцыянтаў трэба пачаць крымінальную справу.

(Зубрыновіч: ) “Іхныя дзеяньні падпадаюць пад пэўныя артыкулы Крымінальнага кодэксу — службовыя злоўжываньні і крадзёж. Аднак дабіцца справядлівасьці вельмі цяжка. Вельмі складаны гэты працэс, і законнасьць ігнаруецца на кожным кроку”.

Варта заўважыць, што спадар Зубрыновіч хоць і дамогся адхіленьня ад пасады міліцыянта, які скраў ягоныя рэчы, пакуль не зрабіў галоўнага — яму не ўдалося адмяніць прысуд, што быў вынесены яму самому”.


Праналізаваўшы гэтую гісторыю, праваабаронца Сяргей Аніська зрабіў наступную рэмарку. Ён заўважыў, што ў грамадзтве яшчэ даволі распаўсюджанае нэгатыўнае стаўленьне да прадпрымальнікаў, і гэта ёсьць тым фонам, які спрыяе перадузятасьці адносна іх і міліцыянтаў, і судзьдзяў. Магчыма, самі прадпрымальнікі павінныя паклапаціцца пра тое, каб звычайныя людзі ставіліся да іх лепш, мяркуе праваабаронца.


* * *

Пры канцы – галоўная навіна тыдня адносна справаў зьніклых апазыцыянэраў. Вядомы адвакат Гары Паганяйла паведаміў пра патрабаваньні адхіліць ад пасадаў генэральнага пракурора Віктара Шэймана і міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава. Маўляў, яны ня маюць маральнага права кіраваць ведамствамі, якія расьсьледуюць справы зьніклых, бо самі могуць увайсьці у лік падазраваных асобаў.

Таксама прагучаў заклік да дэпутатаў парлямэнту правесьці расьсьледаваньне магчымай датычнасьці Аляксандра Лукашэнкі да гэтых зьнікненьняў. Адказу парлямэнту пакуль няма.
XS
SM
MD
LG