Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СТАВЯЦЦА Ў БЕЛАРУСІ ДА ЎЦЕКАЧОЎ І ЎРАДЖЭНЦАЎ ЧАЧЭНІІ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Нядаўняе затрыманьне ў Менску чачэнца Сайпудзі Ўмхаева, які, паводле некаторых дзяржаўных мэдыяў, нібыта быў баявым паплечнікам вядомага баевіка Салмана Радуева, падштурхнула мяне пацікавіцца, як жывецца ў Беларусі чачэнцам.

Лаіса Заўтаева ўжо некалькі гадоў жыве ў Менску. Яе родны дом ў Грозным быў разбураны глыбіннай бомбай, і ўсёй сям'і Заўтаевых, хто застаўся жывы, нічога не заставалася, як разьехацца, хто куды. 70-гадовая маці з адной з дачок трэці год жыве ў палятачным лягеры ўцекачоў у Інгушэціі, яшчэ адна сястра з сям’ёй знайшла прытулак ва Ўладзікаўказе, а Лаіса з мужам дабраліся да Менску. Беларускага грамадзянства ў яе дагэтуль няма, але не таму, што нешта перашкаджала – проста Заўтаевы дагэтуль ня вырашылі, ці будуць заставацца ў Беларусі. Спачатку беларусы сустрэлі іх не вельмі ветліва. Чачэнцаў на кожным кроку ў нечым падазравалі. Калі не ў датычнасьці да тэрарыстаў, дык у сувязях з чачэнскай мафіяй. Ва ўсялякім разе, свой бізнес мужу гэтак і не ўдалося наладзіць, і дагэтуль матэрыяльна яны жывуць цяжка. Распавядае Лаіса Заўтаева:

(Заўтаева: ) "Магу сказаць дакладна, што ў бізнэсе працаваць чачэнцам тут проста немагчыма, бо адразу падазраюць, што займаецца махінацыямі, нешта крадзе ці што іншае. Перш за ўсё, гэтак думаюць прадстаўнікі уладаў, зь якімі даводзіцца сутыкацца. Аднак стаўленьне простых людзей, асабліва апошнім часам, стала лепшым. Канешне, калі нейкая бабулька паглядзіць па тэлевізары пра выбух дома, то у яе адпаведныя настроі да чачэнцаў, але большасьць людзей, мне здаецца, ужо разабраліся, што гэта за вайна”.

Сама Лаіса тэлевізійных рапартажаў з Чачэніі не глядзіць пасьля таго, як гэтым летам пабывала ў Грозным і ў Інгушэціі ў сваякоў. Таму што расповядам пра быццам бы наладжваньне мірнага жыцьця ў Чачэніі яна цяпер зусім ня верыць.

(Заўтаева: ) "Гляджу рэпартаж толькі таму, што магу некага знаёмага пабачыць, а так не хачу і чуць. Гэта цалкам лухта – тое, што паказваюць. Фактычна там працягваецца вайна, а галоўнае, працягваюць зьдзеквацца над людзьмі. Уявіце, што каб праехаць з Інгушэціі ў Грозны, мы мінулі 18 блокпастоў, і на кожным з нас бралі грошы. Раней я бачыла гэтых 18-гадовых салдацікаў па тэлевізары і мне было іх шкада, а цяпер я ведаю, што ўсе яны фактычна займаюцца рабаўніцтвам”.

Лаіса распавяла, як вымагаюць грошы з цудам ацалелых жыхароў Чачэніі расейскія ваеннаслужачыя. Салдаты могуць стаць ля дарогі і накіраваць на мінакоў аўтаматы – і гэта ужо будзе блокпост, і прыйдзецца плаціць ад 100 рублёў да некалькіх соцень. Ці БТР з афіцэрамі на шалёнай хуткасьці можа прыціснуць грамадзянскую машыну да абочыны, і тады прыйдзецца плаціць ужо каля тысячы рублёў. Усё гэта Лаіса ня проста бачыла, а сама перажыла. У дадатак кожны дзень чула ад расейскіх салдатаў абразы, нецэнзурную лаянку і пагрозы гвалту, якія нават ня можа паўтарыць. Яна дакладна ведае выпадкі, калі гэтыя пагрозы спраўджваліся, і вінаватых ніколі не каралі.

(Заўтаева: ) "Няма ані мірнага жыцьця, ані будучыні, ані справядлівасьці. Няма працы, адукацыі, ніякіх пэрспэктываў. Галоўнае, што ад такога становішча няма паратунку, і таму людзі бягуць, хто куды”.

Паводле Заўтаевай, шмат чачэнцаў у тым ліку празь Беларусь бягуць на захад і знаходзяць прытулак у дэмакратычных краінах. Прыкладам, пляменьнік Лаісы гэтак зьехаў у Бэльгію. Лаіса кажа, што у Чачэніі яго хутчэй за ўсё за нешта б затрымалі, хаця ён ніколі не ваяваў ні на чыім баку. А тыя, хто хоць некалькі дзён пабываў пад арыштам у Чачэніі, на усё жыцьцё застаюцца альбо інвалідамі, альбо трапляюць у чорныя сьпісы падазроных.

Лаіса Заўтаева лічыць, што ўсяго ў Беларусі жыве некалькі соцень чачэнцаў, і многія зь іх хацелі б зьехаць, бо апасаюцца за сваю будучыню. Калі гэтых людзей, як затрыманага чачэнца Ўмхаева, вышлюць у Расею, там іх могуць абвінаваціць ў сувязях з рухам супраціву за незалежнасьць Чачэніі.
XS
SM
MD
LG