Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ІСНУЕ Ў БЕЛАРУСІ ЗАБАРОНА НА ПРАФЭСІЮ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Чорны каляндар:

Ад зьнікненьня Юрыя Захаранкі мінула 1229 дзён, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага скралі 1089 дзён таму, Зьміцер Завадзкі зьнік 805 дзён таму.



Ці існуе ў Беларусі такая зьява, як забарона на прафэсію? Адказ на гэтае пытаньне наш аўтар Алег Грузьдзіловіч прапануе пашукаць з дапамогаю экспэрта Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца на нядаўніх прыкладах з працы беларускіх журналістаў.

(Бастунец: ) “Ідуць на біржу, ідуць на рынак, хаця зараз туды ісьці — не найлепшы шлях. Яшчэ ёсьць шлях заснаваць іншы сродак масавай інфармацыі, паспрабаваць распачаць сваю справу, аднак гэта вельмі цяжка з фінансавага боку, і зарэгістраваць новыя мэдыі нялёгка зараз у Беларусі”.

Гэта быў экспэрт Цэнтру дапамогі мэдыям Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, якога я запрасіў быць нашым сёньняшнім суразмоўцам у абмеркаваньні праблемы свабоды друку ў Беларусі. Паводле словаў Андрэя Бастунца, свабода друку па-беларуску — гэта свабода дзяржавы закрываць непажаданыя мэдыі ды судзіць журналістаў–іншадумцаў.

Праўда, міністэрства інфармацыі ў асобе міністра Міхаіла Падгайнага прытрымліваецца іншае думкі. Міністар лічыць, што калі недзяржаўныя журналісты церпяць ад судоў ды ўладаў, дык самі вінаватыя, бо парушалі законы й пастановы. Аднак спадар Бастунец называе гэтыя аргумэнты ня вартымі даверу. Ён распавёў, што апошнім часам дзясяткі журналістаў апынуліся “на вуліцы”, бо іхныя выданьні аказаліся зачыненымі, як ён лічыць, з-за палітычных прычынаў. Гэта гарадзенская газэта “Пагоня”, сталічныя выданьні “Свободные новости” і “Беларуская маладзёжная”.

Палітычна матываванымі лічыць наш экспэрт звальненьні журналістаў і некаторых дзяржаўных выданьняў. У прыватнасьці, з тых літаратурных газэтаў і часопісаў, якія ўвайшлі ў створаны Міністэрствам інфармацыі голдынг, а таксама пры рэарганізацыі Беларускай тэлевізіі. Аднак, на думку экспэрта, праблема ня толькі ў тым, што ў дадзеным выпадку груба парушаліся правы грамадзянаў на прафэсію незалежна ад палітычных поглядаў. Ён адзначае небясьпечную для грамадзтва тэндэнцыю, калі і недзяржаўныя мэдыі пачынаюць пазбаўляцца ад апазыцыйна настроеных грамадзянаў, каб ня мець цяжкасьцяў у дачыненьнях зь дзяржаваю. Гэта, на думку Андрэя Бастунца, ёсьць шляхам у адваротны бок ад той свабоды грамадзкай думкі, якая стала нормаю за мінулыя 10 гадоў.

Засьцярогі экспэрта ілюструе рэпартаж нашага віцебскага карэспандэнта Браніславы Станкевіч:

(Станкевіч: ) “Віцебская журналістка Тацяна Чабатарова, вырашыўшы ўладкавацца на мясцовую радыёстанцыю “Новы стыль”, ад пачатку меркавала, што будучых працадаўцаў будуць найперш цікавіць ейныя прафэсійныя якасьці, а не палітычныя перакананьні... І, паводле словаў спадарыні Тацяны, першая размова з галоўным рэдактарам Уладзімерам Цьвікам цалкам гэта пацьвердзіла”.

(Чабатарова: ) “Мне патрэбная была праца, і я сабе падумала: “Чаму б не абыйсьці мясцовыя радыёкампаніі?” Такім чынам я трапіла на радыё “Новы стыль”, і тады паміж намі зь Цьвікам атрымалася такая размова: ён сказаў, што патрэбны рэдактар інфармацыйнае службы, і добра, што да нас прыйшоў чалавек з журналісцкай адукацыяй, якога ня трэба будзе вучыць, як рабіць навіны, як іх рэдагаваць ды гэтак далей. Патрэбна толькі навучыцца, як працаваць у студыі: пульт вывучыць ды трошкі паставіць голас”.

(Станкевіч: ) “Наступныя два тыдні Тацяна Чабатарова вывучала спэцыфіку новае працы, якая істотна адрозьнівалася ад ейнага газэтнага досьведу. Дарэчы, досьвед гэты немалы: Тацяна доўгі час супрацоўнічала зь недзяржаўнай газэтай “Віцебскі кур’ер”, працавала карэспандэнтам у газэтах “Витебские деловые новости” ды “Віцебская трыбуна”. А падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў яна ўзначальвала прэсавы цэнтар віцебскага Маладога Фронту ды сама ўдзельнічала ў мабілізацыйнай кампаніі... Апазыцыйныя палітычныя погляды і згулялі сваю ролю ў тым, што на сталую працу на радыё “Новы стыль” Тацяну Чабатарову не ўзялі. Кандыдатура журналісткі Тацяны Чабатаровай не задаволіла заснавальнікаў радыёкампаніі.

Дарэчы, іхныя імёны ды прозьвішчы шэраговым супрацоўнікам невядомыя, і ўвогуле іх мала хто бачыў на ўласныя вочы. Тацяне ўдалося даведацца пра іх толькі тое, што адзін з заснавальнікаў працуе ў кампаніі Velcom, а другі — у БелCел...”

(Чабатарова: ) “Ты хоць ведаеш, каго бярэш да сябе на працу?”— да яго зьвярнуліся заснавальнікі. Ён ім адказвае: “Не, а што такое? Яна журналістка, я яе ведаю...” Яны яму кажуць: “А ты ведаеш ейныя палітычныя перакананьні, што гэта за чалавек?” Ён кажа: “Не”. Я яшчэ ўдакладняла: “Уладзімер, ты мне кажы наўпрост — калі ты не бярэш мяне на працу з-за нейкіх прафэсійных момантаў, што я не падыходжу, дык ты мне так і скажы, я не пакрыўджуся. Таму што раптам я, праўда, ня здольная на гэтую працу, як кажуць, не народжаная... Ён кажа: “Не! Тыя заснавальнікі цябе ў вочы ня бачылі, каб нешта казаць пра тое, падыходзіш ты ці не падыходзіш”... Дзесяць разоў прасіў прабачэньня: “Ты прабач, я тут ні пры чым — нада мною 10 начальнікаў... Пасьля гэтага мне было вельмі непрыемна. Непрыемна, што ў нашай краіне адбываюцца такія рэчы — што чалавека могуць ня ўзяць на працу або звольніць з працы з-за таго, што ён не падзяляе погляды афіцыйнае ўлады”.

(Станкевіч: ) “Казала беспрацоўная журналістка зь Віцебску Тацяна Чабатарова, якой, відаць, каб уладкавацца на працу па прафэсіі, давядзецца мяняць палітычныя погляды. Цяжка, аднак, уявіць, як гэта магчыма зрабіць пры цяперашнім нязьменным палітычным курсе краіны”.


* * *
Напрыканцы традыцыйна нагадаем апошнія навіны са справаў зьніклых беларускіх апазыцыянэраў. У Менску распачаўся суд па хадайніцтве сваякоў зьніклага больш за тры гады таму Юрыя Захаранкі пра прызнаньне яго памерлым. Здавалася, звычайная судовая працэдура ператварылася ў складанае разьбіральніцтва і зацягнулася на цэлы тыдзень. А ўся праблема ў тым, што пацярпелы бок настойвае на прызнаньні Захаранкі памерлым ад дня зьнікненьня, 7 траўня 1999 году, а пракуратура дамагаецца, каб адлік вёўся ад прыняцьця судовага рашэньня.

“Атрымліваецца, быццам гэтыя тры гады Юры Мікалаевіч жыў сярод нас і нічога зь ім ня здарылася!”,— абураюцца сваякі Захаранкі.

Судовыя слуханьні адновяцца 9 верасьня.

А сёньня спаўняецца 45 гадоў Віктару Ганчару. Напярэдадні ягоная жонка Зінаіда Ганчар наведала менскую пракуратуру, куды аднесла шэраг хадайніцтваў у расьсьледваньні справы пра выкраданьне ейнага мужа. У тым ліку яна запатрабавала дапытаць цяперашняга генэральнага пракурора Віктара Шэймана, якога лічыць адным з падазроных у замове гэтага злачынства.
XS
SM
MD
LG