Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАЎЛУ МАЖЭЙКУ ЗАБАРАНЯЮЦЬ ПРАЦАВАЦЬ ПА СПЭЦЫЯЛЬНАСЬЦІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Яшчэ ў нядзелю, калі толькі Павал Мажэйка прыехаў у папраўчую ўстанову, яе начальнік Юры Кузьміч быў ня супраць таго, каб Павал, які мае ўнівэрсытэцкі дыплём настаўніка гісторыі, працаваў у школе або нават, як у Горадні, у газэце. Распавядае спадар Кузьміч:

(Кузьміч: ) “Усё, чым кіруемся пры падборы на працу, — гэта прынцыпам не нашкодзіць. Як у лекараў! І важна не стварыць умовы, каб чалавек паўтоўна не ўчыніў злачынства, ці, каб у яго зьявіліся зьвязаныя з гэтым праблемы. У нас ёсьць час... Патрэбна цягам пяці, нават, дзесяці дзён уладкавацца на працу”.

Улічваючы, што суд не абмяжоўваў род заняткаў асуджанаму “за паклёп на прэзыдэнта” Паўлу Мажэйку, жлобінскія актывісты дэмакратычных суполак дапамаглі яму знайсьці працу ў мясцовай рэклямна-іфармацыйнай газэце “Нюанс”. Тут, паводле словаў старшыні суполкі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Марата Афанасьева, Павал змог бы зарабляць прыкладна 150 тысячаў рублёў на месяц.

Аднак начальнік папраўчае ўстановы Кузьміч забараніў Мажэйку ўладкоўвацца ў газэту. Перамену свайго стаўленьня да працы ў газэце патлумачыў гэтак.

(Кузьміч: ) “Я выбіраю. Дакладней, прэрагатыву на ўладкаваньне асуджанага на працу мае адміністрацыя папраўчае ўстановы”.

Заява некалькі дзіўная, бо асуджаныя да папраўчых работаў у большасьці выпадкаў мусяць самі шукаць сабе працу.

Працягваў сёньня пошукі ў будаўнічых арганізацыях і Павал. Дзяжурны папраўчай установы спадар Рудзь ведае пра гэта:

(Рудзь: ) “Сёньня ён хадзіў у 40-вы трэст, але пакуль безвынікова”.

Сам Павал, як падалося, маральна падрыхтаваны да розных няўзгодаў. Ён нават плянуе занатоўваць жыцьцё на гэтак званай “хіміі”. Вось што распавядаў калега падчас нашай сустрэчы ў Жлобіне:

(Мажэйка: ) “Я лічу, што першы месяц будзе даволі цяжка ў пляне нейкай акліматызацыі тут. Зусім іншы рэжым жыцьця, чым быў у мяне раней. Канечне, я буду весьці нейкія нататкі таго, што тут адбываецца: як жывуць людзі, пра што гавораць, урэшце рэшт, што ядуць.

Пляную таксама займацца самаадукацыяй. Прынамсі, я думаю, што гэты вось своеасаблівы ўнівэрсытэт будзе мне карысны на будучыню”.
XS
SM
MD
LG