Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК АБАРАНІЦЬ ПРАВЫ БЕЛАРУСКІХ ГРАМАДЗЯНАЎ У РАСЕІ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пачнем з успаміну падманутага ў Расеі будаўніка з Воршы Сяргея Жураўскага, якому давялося фактычна задарма папрацаваць у Смаленскай вобласьці:

(Жураўскі: ) "Увогуле за гэтыя 8 месяцаў, якія я там прабыў, зьмянілася на аб’екце больш як сотня чалавек. Прыкладна 90% зь іх падманулі, не заплацілі. І прыкладна на 80% усё гэта былі людзі зь Беларусі, якія прыехалі, скарыстаўшыся аб’явамі ў службе занятасьці. Былі тут хлопцы з Гарадка, зь Віцебску, з Обалі, з Багушэўску, з Воршы. Прктычна ўсіх “кінулі”.

Такіх гісторыяў у памежных з Расеяй раёнах Беларусі можна пачуць шмат. Прычым цікава, што пра падманы беларусаў у Расеі вядома сёньня найбольш з пабытовых аповядаў пацярпелых, але не з афіцыйных крыніцаў. Дзяржава падобным фактам падкрэсьлена не надае ўвагі, фактычна ўскладаючы адказнасьць за недарэчнасьці непасрэдна на тых, хто мусіў у пошуках заробкаў ехаць на ўсход. Між тым, тутэйшыя жыхары нярэдка трапляюць на працу ў Расею – у тым ліку і на нелегальную працу! – менавіта праз беларускія афіцыйныя структуры. Сьведчаньнем гэтаму – гісторыя ўраджэнца Воршы Сяргея Жураўскага, пра якую распавядае наш віцебскі карэспандэнт Браністава Станкевіч:

(Станкевіч: ) "Аб’яву пра пошук супрацоўнікаў у расейскую фірму Сяргей Жураўскі ўбачыў увосень мінулага году ў Аршанскім цэнтры занятасьці. Аб’ява была зьмешчаная на адмысловым стэндзе для вакансіяў, і калі ён выявіў жаданьне ўладкавацца на прапанаваную працу, у ягонай прысутнасьці супрацоўнікі цэнтру скантактаваліся з прадстаўнікамі фірмы, і неўзабаве ён скіраваўся на сваё новае месца працы. Распавядае Сяргей Жураўскі:

(Жураўскі: ) "Я паехаў у Смаленскую вобласьць, Угранскі раён, на працу ў фірму, якая тут, у Віцебскай вобласьці ды ў самім Віцебску, падала сваю рэкляму ў службу занятасьці. Паабяцалі прыстойную аплату – 300 даляраў на месяц і вышэй. Трэба было будаваць нейкі аб’ект нафтахіміі. Фірма называлася Таварыства з абмежаванай адказнасьцю СІТЭК, генэральны дырэктар Яўген Ланг”.

Шэраговыя працаўнікі былі збольшага беларускія грамадзяне. Іх амаль ўсіх потым падманулі – не заплацілі амаль ніякіх грошаў.

Паводле Сяргея Жураўскага, фірма СІТЭК знайшла адмысловы сродак разьліку са сваімі працаўнікамі: каб не плаціць ім грошай, людзей падманам вывазілі за “аб’ект” ды проста пакідалі на дарозе. Сам Сяргей Жураўскі атрымліваў каля тысячы расейскіх рублёў у месяц, што складае прыкладна 30 даляраў замест абяцаных трохсот. Ён лічыць, што яму плацілі хаця б нейкія грошы толькі з-за таго, што ён быў “асабліва каштоўны супрацоўнік” – інакш кажучы, адзіны на ўсё будаўніцтва адмысловец… І, як сьцьвярджае спадар Жураўскі, менавіта ягоная адукацыя дазволіла яму зразумець, што будаўніцтва заводу ня толькі ня мае тут пэрспэктывы, але, магчыма, нават зьяўляецца “шырмаю” для нейкай іншае дзейнасьці фірмы СІТЭК. Якой менавіта дзейнасьці, ён палічыў за лепшае не высьвятляць ды як найхутчэй уцячы з сумнеўнага “аб’екту”…


Сяргей Жураўскі паскардзіўся на сваіх былых працадаўцаў у расейскую пракуратуру, але ніякіх вынікаў гэта пакуль не дало. А без рашэньня пракуратуры падаваць у расейскі суд ён лічыць дарэмным. Тым больш ня верыць ён у магчымасьць абараніць свае правы ў беларускім судзе. Ён мяркуе, што падманшчыкі з Расеі далі хабар беларускім чыноўнікам са службы занятасьці за тое, каб тыя ня ўмешваліся ў іхную незаконную дзейнасьць. А значыць, яны падкупяць і судзьдзяў. Становішча з працаўладкаваньнем беларускіх грамадзянаў у Расеі я папрасіў пракамэнтаваць вядомага эканаміста, дэпутата Вярхоўнага Савета Паўла Данейку:

(Данейка: ) "Перш за ўсё, людзі зьяжджаюць, бо ня могуць нармалёва зарабляць. Гэта тычыцца і будаўнікоў, і мэнэджэраў. Прыкладам, у Санкт-Пецярбургу да 80% аднаўленьня складу вышэйшых мэнэджэраў ідзе зь Беларусі, гэта паводле кадравых агенцтваў гораду. А людзей прымушае шукаць заробкаў у іншых краінах незадаволенасьць станам справаў у сябе дома”.

Павал Данейка пры гэтым зазначае, што збольшага абмен працоўнай сілай ёсьць прыкметай рынку. Маўляў, ня толькі эўрапейцы едуць працаваць у Амэрыку, але і амэрыканцы ў Эўропу. Але урады дзяржаваў-удзельніц гэтага рынку павінны дамовіцца пра правілы такога абмену і сачыць за іх выкананьнем. І вось тут наш экспэрт канстатуе, што працоўнае заканадаўства паміж Беларусьсю і Расеяй , нягледзячы на размовы пра саюз, вельмі недасканалае. Да таго ж, не выконваюцца нават тыя законы, якія прынятыя. Таксама экспэрт зьвярнуў увагу на высокую ступень карумпаванасьці ў Беларусі і Расеі, што падвышае рызыкоўнасьць любога сумеснага бізнэсу.

(Данейка: ) "На мой погляд, нашаму грамадзяніну бараніць свае правы ў заходніх краінах яшчэ складаней, але рызыка аказацца падманутым там усё ж меншая. Таму людзі самі павінны ўсё ўзважваць, перш чым робяць выбар, куды ім ехаць працаваць – на захад ці ўсход”.

Скончу праграму наступнай навіной. Ірына Красоўская, жонка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, зьвярнулася ў пракуратуру са скаргай на сьледчага, які адмовіў ёй у магчымасьці мець свайго юрыдычнага прадстаўніка на час сьледзтва. Красоўская спасылалася на Канстытуцыю, якая гарантуе юрыдычную дапамогу грамадзянам ў іх стасунках зь дзяржавай. Але пракуратура вырашыла, што яе сьледчы меў рацыю і скаргу не задаволіла.
XS
SM
MD
LG