Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягвае скарачацца дзяржаўная дапамога пацярпелым ад Чарнобылю


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Яўсеенка:) "Людзі, якія жывуць у Чарнобыльскай зоне – як прыгонныя. Там шмат самасёлаў, шмат перасяленцаў. Перасяленцы прыехалі з гарачых кропак і радуюцца ўжо таму, што ў іх ёсьць, таму змагацца за свае правы не жадаюць. Але ж толькі той, хто змагаецца, чагосьці дасягае."

Алесь Яўсеенка ўзначальвае гомельскую філію Беларускага Гельсынскага камітэту. Паводле праваабаронцы, чарнобыльскі рэгіён вобласьці знаходзіцца ў лідарах па колькасьці скаргаў грамадзянаў на парушэньні іх правоў мясцовымі ўладамі, міліцыяй, кіраўнікамі прадпрыемстваў. Праваабаронца бачыць тут сувязь менавіта з чарнобыльскай катастрофай. Чарнобыль зламаў звыклыя схемы адносінаў паміж людзьмі, спарадзіў, акрамя мэдычных, шмат псыхалягічных ды сацыяльных праблемаў, а ўлады не навучыліся іх улічваць, працуюць па-старому. Для іх па-ранейшаму галоўным застаецца адміністрацыйны мэтад вырашэньня праблемаў, заўважае Алесь Яўсеенка. Прыкладам, гомельская вэртыкаль паспрабавала рэгуляваць нават такія рэчы, як лячэньне дзяцей і іхныя адпачынкі за мяжой. Вось што з гэтага атрымалася.

(Яўсеенка :) "Асабліва церпяць дзеці, якім патрэбны шматразовы адпачынак. Бо ёсьць такі загад, што дзеці могуць недзе адпачыць толькі раз на год. Нават калі яны стаяць на ўліку як астматыкі ці хворыя на цукроўку. Прыкладам, дзеці былі ў летнім школьным лягеры, а потым праз Асацыяцыю ідзе размеркаваньне на адпачынак за мяжу, але ім ўжо не даюць дакумэнты з паліклінікі, бо быццам яны ўжо адпачылі".

Гэтак улады рэгулююць дабрачынную дапамогу. І пры гэтым, адзначае Алесь Яўсеенка, штогод скарачаюцца і параграмы дзяржаўнай дамапогі чарнобыльцам. Ён лічыць, што гэта нэгатыўна адбіваецца на дабрабыце людзей, іх настроі і, урэшце, на здароўі, і без таго падарваным наступствамі аварыі. Далей тэму працягвае наш гомельскі карэспандэнт Казімір Яноўскі.

(Яноўскі: ) "Сацяльную абарону ад наступстваў Чарнобыльскай аварыі беларускія грамадзяне па-сапраўднаму адчулі толькі недзе ў 1991 годзе. Тады Вярхоўны Савет прыняў адмысловы закон, але ўжо праз 4 гады, у 1995 г., пры Аляксандры Лукашанку пачалі мэтадычна адбіраць розныя льготы і дапамогі.

Першымі ў гэтым шэрагу былі ліквідатары. Паводле указу Лукашэнкі ім скасавалі льготы па аказаньні мэдычных паслугаў і праезьдзе ў гарадзкім транспарце. У наступным годзе шматлікія населеныя пункты былі пераведзеныя зь ліку забруджаных у чыстыя. Жыхары іх пазбавіліся так званых "грабавых" выплатаў, а школьнікі яшчэ і бясплатнага харчаваньня.

Памятаю, як працівіліся гэтаму ў Сьветлагорску: да пратэстных лістоў гараджанаў тады далучаліся яшчэ і мясцовыя ўлады. Чаго нельга сказаць пра іхную цяперашнюю пазыцыю.

Розныя сацыяльныя дапамогі мясцоваму насельніцтву скасоўваліся з зайздроснай нязьменнасьцю. Дакладней, адначасна з тым, як гібела эканоміка. Ужо на пачатку сёлетняга году грашовых дапамогаў пазбавіліся ўсе грамадзяне, што жывуць у зоне 1-5 кюры. Спыненыя таксама даплаты студэнтам. Значна зьменьшаныя асігнаваньні на харчаваньне школьнікаў у забруджаных раёнах. І вось нядаўна, 1 жніўня, адмысловым дэкрэтам скасаваныя даплаты ўсім непрацуючым пэнсіянэрам, што жывуць на забруджаных тэрыторыях.

Ніна Мацюкова, пэнсіянэрка зь вёскі Старое Сяло Веткаўскага району сказала з гэтай нагоды.

(Мацюкова: ) "Канешне, нам грошы патрэбныя. А што ж гэта? У бальніцу ідзі – плаці.Нават гэтую трубку для аналізу праглынуць – і тое 20 тысяч трэба заплаціць. УЗІ зрабіць – 6 тысяч. І гэта ў чарнобыльскай зоне!?"

Зьвяртаю ўвагу на тое, што у рэпартажы з Гомлі згадвалася пра акцыі пратэсту жыхароў вобласьці супраць палітыкі ўладаў па скарачэньні чарнобыльскіх праграмаў дапамогі. Паводле Алеся Яўсеенкі, барацьба вядзецца і цяпер. Падымаюць голас пратэсту палітычныя і грамадзкія арганізацыі, спрабуюць дапамагчы сумленныя вучоныя, дактары. Але, заўважае Алесь Яўсеенка, за апошні час актыўнасьць простых жыхароў вобласьці ў змаганьні за свае сацыяльныя правы зьнізілася."Шмат людзей, якія расчараваліся ў магчымасьці нешта зьмяніць. Калі гадамі няма станоўчага выніку, то ў людзей апускаюцца рукі," – адзначае праваабаронца і заяўляе:

(Яўсеенка: ) "Я лічу, што гэта вінаватая антыгуманная палітыка ўладаў. Яна накіраваная толькі на падтрыманьне існуючай сыстэмы," – гэтак ацэньвае дзеяньні беларускіх уладаў у галіне Чарнобыля гомельскі праваабаронца Алесь Яўсеенка.

Напрыканцы нагадаю пра справы зьніклых беларускіх апазыцыянэраў. Ёсьць наступная нагода: Ірына Красоўская і Зінаіда Ганчар зьвярнуліся да сьледчага, які вядзе справу аб зьнікненьні іхных мужоў, з просьбай дазволіць адвакату Гары Паганяйлу быць іх прадстаўніком у справах сьледзтва. Але сьледчы адмовіў. Ірына Красоўская лічыць, што гэтым прадэманстраванае нежаданьне дапускаць да справы прафэсійных юрыстаў, якія б прадэманстравалі непрафэсіяналізм сьледчых ці нежаданьне кіраўнікоў пракуратуры высьветліць праўду ў гэтай справе.

1201 дзень мінуў ад зьнікненьня Юрыя Захаранкі, 1061 дзень шукаюць Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі быў скрадзены 777 дзён таму.
XS
SM
MD
LG