Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МЕНСКУ МОГУЦЬ ЗАКРЫЦЬ АСЯРОДАК БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ — КІНАТЭАТАР "ЗЬМЕНА"


Альгерд Невяроўскі, Менск

Афіцыйна закрыць "Зьмену" і яшчэ адзін кінатэатар, "Сучасьнік", папрасілі самі працаўнікі "Кінавідэапракату". Прычына — страты. У "Зьмене" малая заля, усяго на 97 чалавек, памяшканьне даўно чакае рамонту. Кінатэатар знаходзіцца на першым паверсе жылога дому і мае агульныя камунікацыі з кватэрамі. З гэтае прычыны "Кінавідэапракат" ня хоча браць будынак "Зьмены" на свой балянс — каб не плаціць за магчымы рамонт усяго жылога дома.

Дырэктар "Зьмены" Ніна Макрыцкая спрабавала абараніць кінатэатар, які ўжо даўно стаў асяродкам беларускай культуры, але ў "Кінавідэапракаце" яе аргумэнтвў не прынялі. Тады яна зьвярнулася з адкрытым лістом да старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава. Адказу пакуль няма.

Гаворыць Ніна Макрыцкая:

(Макрыцкая: ) "Я інфармую, як жыў і існаваў гэты кінатэатар цягам васьмі гадоў, калі я тут дырэктарам. Ён мае шэраг напрацовак, ёсьць сувязі з творчымі саюзамі, з тэрытарыяльнымі арганізацыямі. Гэты кінатэатар любяць, творчыя людзі прыходзяць сюды выступаць. Гэты кінатэатар — ляўрэат прэміі раёну ў намінацыі "Прапаганда нацыянальнай культуры". Я прыкладу ўсе намаганьні, каб наш кінатэатар не закрылі".

Дырэктар "Зьмены" хоча й надалей праводзіць культурніцкія імпрэзы, літаратурныя вечарыны з удзелам вядомых пісьменьнікаў, дэманстраваць мастацкія й дакумэнтальныя фільмы на тэмы гісторыі й культуры Беларусі. Іншага такога месца няма ня толькі ў Менску, але і ва ўсёй Беларусі.

Кіраўніцтва "Кінавідэапракату" настойвае на эканамічным характары рашэньня і не прызнае магчымага ціску на спадарыню Макрыцкую за яе дзейнасьць.

Гаворыць намесьнік генэральнага дырэктара "Кінавідэапракату" Сяргей Дрожынаў:

(Дрожынаў: ) "Дырэктару кінатэатра была прапанаваная пасада ў нашай управе — мэтадыст па працы зь беларускім кіно ў любым кінатэатры гораду. Яна складае плян работы і выбірае ў залежнасьці ад мерапрыемства любы кінатэатар гораду. У чым мы нішчым культуру, патлумачце мне?"

Такім чынам, спадарыні Макрыцкай прапанавалі пасаду мэтадыста, а не дырэктара, няхай і ў іншым кінатэатры. Як вядома, менавіта дырэктар кінатэатра вызначае ня толькі рэпэртуар, але і час дэманстрацыі, здачу залі ў арэнду для правядзеньня імпрэзаў, выставаў. Такіх магчымасьцяў у спадарыні Макрыцкай можа больш ня быць.

Вось меркаваньне вядомага кінэматаграфіста Ўладзімера Халіпа:

(Халіп: ) "Кінавідэапракат" робіць гэта не ўпершыню. Тут адбываліся прэм'еры ўсіх нашых фільмаў, і гэта выклікала вялікую незадаволенасьць ідэалягічных кіраўнікоў пасьля 1995 году. Каму спадабаецца, напрыклад, што тут паказваюць фільмы пра Забэйду-Суміцкага, пра Слуцкае паўстаньне? Цяпер, калі йдзе татальная зачыстка ідэалягічнай прасторы Беларусі, калі зьнішчаныя часопісы і Саюз пісьменьнікаў, трэба дабіваць і больш дробныя ўстановы накшталт кінатэатра "Зьмена".

У абарону кінатэатра "Зьмена" ўжо выступілі прадстаўнікі Саюзу пісьменьнікаў і Саюзу кінэматаграфістаў, а таксама Таварыства беларускай мовы.


XS
SM
MD
LG