Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬЛЕДЧЫЯ ЗАЦЯГВАЮЦЬ РАЗГЛЯД КРЫМІНАЛЬНАЙ СПРАВЫ СУПРАЦЬ ПАМОЧНІЦЫ ПРАКУРОРКІ МЕНСКАГА РАЁНУ ТАМАРЫ КНЯЗЕВАЙ


Галіна Абакунчык, Менск

Сьледчыя Менскай абласной пракуратуры прызначылі паўторную псыхіятрычную экспэртызу Князевай і яе былому прыёмнаму сыну Мікіту, якога Князева сыстэматычна катавала. Новыя бацькі хлопчыка адмаўляюцца аддаваць малога на новае абсьледаваньне й вінавацяць уладу ў наўмысным зацягваньні сьледзтва.

Гісторыю пра пазбаўленьне бацькоўскіх правоў Тамары Князевай за сыстэматычнае зьбіцьцё непаўнагадовага прыёмнага сына Мікіты мы ўжо распавядалі. Нагадаю, што артыкул крымінальнага кодэксу, паводле якога была распачатая крымінальная справа супраць Князевай, прадугледжвае пазбаўленьне волі ад трох да пяці гадоў. Акрамя таго, адказчыцы давядзецца вяртаць дзяржаве службовую кватэру, якую яна атрымала й на былога прыёмнага сына. Аднак сьледзтва доўжыцца яшчэ зь лютага, а да суда справа так і не даведзена. Акрамя таго, днямі пацярпеламу й адказчыцы прызначаная новая псыхіятрычная экспэртыза ў Навінках. Гаворыць сьледчы Андрэй Сярбун.

(Сярбун:) "Гэта паўторная псыхіятрычная экспэртыза ў РКПБ "Навінкі". Вынікі экспэртаў першай інстанцыі пярэчаць адзін другому. З тымі вынікамі, якія ў мяне ёсьць, ня можна прыняць рашэньне ў справе. На будучыню я вам нічога сказаць не магу."

Андрэй Сярбун адмовіўся паведаміць вынікі якой экспэртызы яго не задаволілі. Але цяперашняя маці Мікіты паведаміла, што тыдзень таму сьледчы выклікаў яе, каб пазнаёміць з дакумэнтамі крымінальнай справы, якую ён намерваўся перадаваць у суд. Аднак з невядомай прычыны гэта зроблена не было. Спадарыня Кацярына адмаўляецца адпраўляць малога на новае абсьледаваньне, бо, паводле яе, праваахоўнікі вядуць нейкую сваю гульню й наўмысна зацягваюць сьледзтва. Гаворыць маці Мікіты.

(Маці:) "Цягнуць рызіну - што тут сказаць? Экспэртызу праходзілі ў абласной пракуратуры: дзіця здаровае, разумнае. Усе гэтыя вынікі ёсьць у справе. Нікуды дзіця я больш не павязу."

Заявіла спадарыня Кацярына. Сацыяльны пэдагог школы, дзе вучыўся Мікіта, Ніна Чумак заяўляе, што гэты выпадак сьведчыць пра беспакаранасьць супрацоўнікаў праваахоўчых ворганаў і прававую безабароннасьць дзяцей у Беларусі. Гаворыць Ніна Чумак.

(Чумак:) "Гэты выпадак паказвае, што недасканалая заканадаўчая база не дазваляе спаўна абараніць інтарэсы дзіцяці. Зараз адкрытым застаецца пытаньне пра магчымасьць крымінальнай адказнасьці Князевай, а таксама пра абарону гонару й годнасьці дзіцяці. І самае галоўнае - пра матэрыяльную кампэнсацыю яму, бо мы ведаем па крымінальнай справе, што матэрыяльныя інтарэсы ў яе былі."

Сказала Ніна Чумак. Адвакаты хлопчыка зьвярнуліся па дапамогу праваабарончых арганізацыяў Беларусі й у выпадку зацягваньня справы намерваюцца зьвярнуцца да міжнародных структураў.
XS
SM
MD
LG