Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ПАРУШЭНЬНЕ ПРАВОЎ ІНВАЛІДАЎ У БЕЛАРУСІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Згадвае актывістка Беларускага Гельсынскага камітэту Ванда Панамарэнка Ванда Панамарэнка:

(Панамарэнка: ) “Да нас зьвярнуўся малады чалавек, які служыў у войску, дзе яго моцна зьбілі. Яго камісавалі й далі 3-ю групу інваліднасьці, так званую працоўную групу. Але яму вельмі балелі ногі, працаваць ён ня мог і зьвяртаўся паўсюль, каб яму вызначылі сувязь паміж інваліднасьцю і службай у войску. Тады значная прыбаўка да пэнсіі атрымліваецца”.

Загадчыца грамадзкай прыёмнай Беларускага Гельсынскага камітэту Ванда Панамарэнка ведае шмат падобных гісторыяў. Большасьць зь іх ня мае шчасьлівага заканчэньня, хаця некаторым заяўнікам шанцуе. Вось у дадзеным выпадку былому салдату ўдалося дапамагчы — былі сабраныя неабходныя паперы, на падставе якіх чыноўнікі мусілі перагледзець справу хлопца.

“Але падобных перамогаў над бюракратыяй ня шмат. Інвалід — гэта заўсёды чалавек слабейшы за здаровага, яму складаней абараняцца, ён ізаляваны ня толька фізычна, але і маральна. У Беларусі быць інвалідам надзвычай цяжка”, — лічыць Ванда Панамарэнка.

Паводле зьвестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у Беларусі 410 тысяч інвалідаў. Самай цяжкай непрацаздольнай 1-й групы сярод іх — 64 тысячы. Узровень грашовай дапамогі інвалідам нават у межах адной групы значна адрозьніваецца. Прыкладам, калі інвалід 1-й групы — вэтэран Айчыннай вайны, ён атрымлівае 74 тысячы рублёў пэнсіі, а такі ж інвалід зь дзяцінства мае толькі 32 тысячы.

Ванда Панамарэнка лічыць, што праблемы інвалідаў Беларусі абумоўленыя найперш цяжкім станам эканомікі, а па-другое, бяздушным стаўленьнем некаторых чыноўнікаў. Інвалідаў становіцца болей, а сродкаў на іх у бюджэце меней. Каб укласьціся ў бюджэт, чыноўнікі ідуць на розныя маніпуляцыі з групай інваліднасьці.

Падобную гісторыю распавядае наш карэспандэнт Віталь Сямашка:

(Сямашка: ) “Былому трактарысту Рыгору Радковічу з Самахвалавічаў — 40. Пасьля аварыі, якая адбылася дзесяць гадоў таму, ён перанес сорак апэрацыяў, якія скончыліся ампутацыяй правай нагі. Прабыў шэсьць гадоў з апаратам Ілізарава, прайшоў праз апраменьваньні, хіміятэрапію.

З-за наяўнасьці інфэкцыі ў касьцях ды крыві ў любы момант можа пацекчы гной з кульці, якую прыйдзецца рэампутаваць. А кульці тае засталося на 14 сантымэтраў. Нажыў гіпэртанію 1-й ступені, інфаркт міякарда. Беларуская дзяржава цынічна прысвойвае яму зараз 3-ю групу інваліднасьці — гэта значыць, пры наяўнасьці мізэрнае пэнсіі поўную “свабоду” шукаць працу. Рыгор Іванавіч камэнтуе гэта нешматслоўна:

(Радковіч: ) “Уладкавацца на працу? Каму патрэбны вартаўнік без адной нагі?! Сына ў школку выправіць, купіць яму адзеньнне, падручнікі — праблематычна. Цешча ў хаце ляжыць — другі інсульт. Ня рухаецца і не размаўляе. А 3-я група— 45 тысяч рублёў на месяц”.

Зьвярнуцца на Радыё Свабода спадара Радковіча прымусіў публічна абвешчаны намер ураду адмяніць ільготы на лекі, камунальныя выплаты, бясплатны праезд у транспарце.

(Радковіч: ) “Прыкладам, зараз пэнсіянэр плаціць 10% за лекі. Калі прыйдзецца плаціць усе 100 — гэта ўсё. За што жыць?! У Прыбалтыцы ў свой час прыбралі льготы, але зрабілі адчувальны дадатак да пэнсіі”.

(Карэспандэнт: ) “Рыгор Іванавіч, калі адным радком выказацца: гэтае становішча не задавальняе вас таму...”

(Радковіч: ) “Таму што для інвалідаў яно роўнае сьмерці”.


Як ні жахліва гэта гучыць, але некаторыя прадстаўнікі ўлады быццам сапраўды зацікаўленыя, каб жыцьцё інваліда было карацейшае. Магчыма, з прычынаў эканоміі сродкаў ці проста з-за нізкай маральнасьці. І ўсё ж наш экспэрт адзначае, што такіх няшмат, збольшага супрацоўнікі сацыяльных службаў сумленна выконваюць сваю справу.

Пры гэтым Ванда Панамарэнка прызнае, што дзяржава ня выпрацавала мэханізму барацьбы зь нядобрасумленнымі чыноўнікамі, якія вырашаюць лёс інвалідаў. Невядома ніводнага выпадку, каб быў пакараны той, хто занізіў інваліду групу. Самі інваліды ў Беларусі таксама недастаткова арганізаваныя, каб пасьпяхова змагацца за свае правы. Яны рэдка зьвяртаюца ў суд па абарону сваіх правоў, больш спадзяюцца на міласэрнасьць чыноўнікаў. Часта — дарэмна, лічыць праваабаронца.

Як больш-менш арганізаваную сілу магчыма вылучыць інвалідаў-калясачнікаў, інвалідаў-афганцаў ды ліквідатараў Чарнобыльскай аварыі. “Усім інвалідам бракуе салідарнасьці, але яшчэ больш — спачуваньня і дапамогі здаровых людзей”, — падсумоўвае размову Ванда Панамарэнка зь Беларускага Гельсынскага камітэту.


* * *
Дазвольце нагадаць пра справы зьніклых беларускіх апазыцыянэраў. На жаль, і гэты тыдзень не прынес зрухаў у расьсьледаваньні справаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. Пракуратура Беларусі працягвае сьцьвярджаць, што шукаюць злачынцаў, якія скралі гэтых людзей, але вынікаў няма.

Затое пракуратура пасьпяхова перасьледуе тых, хто абараняе правы пацярпелых у гэтых справах. Гэтак, было прад’яўленае абвінавачаньне ў паклёпе былому адвакату Ігару Аксёнчыку, які выказваў падазрэньні ў датычнасьці да справаў зьніклых найвышэйшых кіраўнікоў краіны. Аксёнчыка пракуратура нарэшце знайшла, у адрозьненьне ад ахвяраў палітычных злачынстваў.
XS
SM
MD
LG