Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ФРУНЗЕНСКІМ СУДЗЕ МЕНСКУ ЗАВЕРШЫЛІСЯ СУДЫ НАД ІНДУІСТАМІ


Любоў Лунёва, Менск

Старшыню індуісцкай суполкі Тацяну Акаданаву суд пакараў штрафам на 1,5 мільёна рублёў за арганізацыю несанкцыянаванага шэсьця. Вось як яна сама камэнтуе гэты прысуд:

(Акаданава: ) “Я ня проста ўражаная. У мяне няма словаў. Калі нарэшце выслухала міліцыянта, які мне ў вочы нахабна хлусіў, калі судзьдзя бачыў гэты фарс і ўсё роўна назваў мяне вінаватай — гэта абуральна. Я раней ніколі не сутыкалася з нашымі праваахоўчымі органамі і з нашай судовай сыстэмай. Я ўбачыла, што Беларусь — неправавая дзяржава. Такіх паняцьцяў, як свабода і справядлівасьць, няма ў лексыконе дзяржчыноўнікаў.

Мы будзем, канечне, падаваць апэляцыю ў гарадзкі суд, але я разумею, што гэта нічога ня дасьць... Мы выйдзем да грамадзкасьці й спытаемся: “Што адбываецца ў гэтай краіне? Хто мы? Ці маем мы тут нейкія правы?” Мы выйдзем проста як грамадзяне Рэспублікі Беларусі, як вернікі адной зь пяці асноўных рэлігіяў пад назвай індуізм”.

Нагадаем, што 13 ліпеня каля двух дзясяткаў індуістаў, апранутых у рытуальнае адзеньне, ішлі ў парк 60-годзьдзя ўтварэньня СССР для сумеснай мэдытацыі. Міліцыянты груба затрымалі іх, пакідалі ў “варанкі” і да суду ўтрымлівалі ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Амаль усе яны былі пакараныя вялізнымі штрафамі на суму больш за 200 тысяч рублёў.

Сёньня такім жа штрафам пакаралі Тацяну Жылевіч, студэнтку лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Яна абвінавачвалася ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці й непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. У судовай залі Тацяна паведаміла Радыё Свабода:

(Жылевіч: ) “Я студэнтка і атрымліваю стыпэндыю 20 тысяч рублёў. У нас малыя стыпэндыі. Для мяне гэты прысуд — папросту вар’яцтва. Атрымліваецца, што я ўвесь год буду галодная. Я не змагу ні паесьці, ні зьняць неабходныя мне для навучаньня матэрыялы на ксэраксе. За што? Мы ніколі не займаліся палітыкай, толькі выконвалі рэлігійныя абрады. Як можна так абыходзіцца з сумленнымі людзьмі, якія ніколі не парушаюць закон? Мая вера цікавіць мяне больш за ўсё на сьвеце. Гэта сэнс майго жыцьця.

Цяпер нам кажуць, што мы ня маем права зьбірацца ні на вуліцы, ні на кватэры... Бяспраўе. Я думала, што мы жывем у дэмакратычнай краіне, а гэта мне нагадвае жахі з газэтаў пра падзеі 1936 году. Мы не чакалі, што такое можа здарыцца”.

Сябры суполкі індуістаў зьвярнуліся ў Менгарвыканкам з заяўкай на правядзеньне мітынгу на Кастрычніцкай плошчы. Яны паведамілі Радыё Свабода, што калі ім не дадуць дазволу — выйдуць самавольна.
XS
SM
MD
LG