Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ЦІ Ў НАШАЙ КРАІНЕ ЗАБАРОНЕНЫ ЧОРНЫ КОЛЕР?” — ПЫТАЮЦЦА ЗАТРЫМАНЫЯ Ў МЕНСКУ ІНДУІСТЫ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня судзьдзя Ўладзімер Карноў разглядаў справы кіраўніка індуісцкай суполкі Тацяны Акаданавай і Тацяны Жылевіч. Тацяну Акаданаву міліцыянты абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця. Тацяну Жылевіч — у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі і ва ўдзеле ў шэсьці. Астатнія затрыманыя сябры індуісцкай суполкі пакараныя штрафамі па 200 тысяч рублёў. Гаворыць Тацяна Акаданава:

(Акаданава: ) “Я лічу, што гэта абуральнае бяспраўе. Чаму звычайныя людзі — напрыклад, хрысьціяне — маюць права прыходзіць у парк са сваякамі, сябрамі, а я са сваёй духоўнай сям’ёй ня маю права прыйсьці ў парк і адпачыць там? Хіба я ізгой у гэтым грамадзтве? Чаму мне не дазваляюць хадзіць у рытуальным адзеньні? Яно прыстойнае, чыстае — ну, чорнага колеру. Дык што з таго? Ці ў нашай краіне забаронены чорны колер? Канечне, гэта дзяржаўная палітыка. Лукашэнку карысна мець адну нейкую канфэсію, якая будзе мець статус дзяржаўнай, каб яе кантраляваць. Астатнія — вальнадумцы. Мы не заклікаем да гвалту. Мы кажам, што Бог — гэта любоў. Ён ёсьць у сэрцы кожнага з нас”.

Сьведкі Тацяны Акаданавай абвяргаюць, што яна арганізавала шэсьце. Яны таксама працягваюць настойваць на тым, што і самога шэсьця не было. Калі ў судзе будзе даказаная віна Тацяны Акаданавай, яе чакае альбо штраф ня мянш як на паўтара мільёна рублёў, альбо ад 10 да 15 сутак арышту.

Судзьдзя Ўладзімер Карноў і Тацяне Акаданавай, і Тацяне Жылевіч прызначыў вынясеньне прысуду на заўтра. Ён пагадзіўся дапытаць участковага міліцыянта, які складаў пратакол на Акаданаву, і прагледзець апэратыўную відэастужку, каб пераканацца, ці насамрэч не падпарадкоўвалася міліцыянтам Тацяна Жылевіч.
XS
SM
MD
LG