Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ АДБЫЎСЯ СУД НАД УДЗЕЛЬНІКАМІ ЛАНЦУГА НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Тыдзень таму, 8-га ліпеня, гарадзенская міліцыя затрымала 10 чалавек. Яны стаялі на пешаходнай вуліцы Савецкай з партрэтам Зьмітра Завадзкага ў руках. На мінулым тыдні тры адміністрацыйныя справы разгледзеў Ленінскі суд гораду. Два з затрыманых атрымалі вусную заўвагу судзьдзі, а кіраўніка мясцовай арганізацыі “Моладзь Аб’яднанай грамадянскай партыі” Ўладзімера Чырвоненку пакаралі штрафам 200 тысячаў рублёў.

Справы ўдзельнікаў “ланцуга неабыякавых людзей” сёньня разглядалі тры судзьдзі. Судзьдзя Ігар Лойша абвесьціў вусную заўвагу Віктару Бабкіну, а пратакол адносна Зьмітра Іваноўскага вярнуў назад у міліцыю, бо ў ім частка тэксту зробленая алоўкам.

Судзьдзя Ала Боўсук разглядала справу Ірыны Данілоўскай. Апошняя патлумачыла, што трымала партрэт тэлеапэратара ОРТ Завадзкага і больш нічога не рабіла. Міліцыянты ёй сказалі, што затрымалі б нават за партрэты Кіркорава ці Пугачовай – як за незаконную рэкляму.

Абаронца затрыманай Сяргей Мальчык сказаў суду, што лічыць затрыманьне перавышэньнем паўнамоцтваў з боку міліцыянтаў. Да пошукаў Зьмітра Завадзкага падлучыліся і сродкі масавай інфармацыі, і грамадзяне. Тым самым яны спрыяюць міліцыі, – сказаў абаронца. Судзьдзя Боўсук вырашыла вызваліць ад адказнасьці Ірыну Данілоўскую, абвесьціўшы ёй вусную заўвагу.

Справы Юрыя Корыкава і Алега Саланікова разглядала судзьдзя Козел. Падчас разбору першай кіраўнік рэгіянальнага праваабарончага цэнтру “Вясна” Сяргей Мальчык заявіў пратэст і пакінуў залю. Ён палічыў, што судзьдзя замест таго, каб выслухаць сьведку, пачала яго дапытваць.

Судзьдзя Козел абвесьціла перапынак у разглядзе абедзьвюх справаў да наступнага дня. Заўтра павінна таксама разглядацца адміністрацыйная справа Сьвятланы Нех. Яна – апошняя з затрыманых удзельнікаў “ланцуга неабыякавых людзей”.
XS
SM
MD
LG