Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНСТЫТУЦЫЙНЫ СУД ПАЧАЎ ВЫСЬВЯТЛЯЦЬ, ЦІ АДПАВЯДАЕ КАНСТЫТУЦЫІ ПАТРАБАВАНЬНЕ МЕЦЬ У ПАШПАРЦЕ ШТАМП ДАЗВОЛУ НА ВЫЕЗД ЗА МЯЖУ


Ігар Карней, Менск

Судовая вытворчасьць у справе скасаваньня дазвольнага штампу ў пашпартах беларускіх грамадзянаў распачатая паводле ініцыятывы дэпутата палаты прадстаўнікоў Уладзімера Парфяновіча.

Аднадумцы Парфяновіча зьвярнуліся ў Канстытуцыйны суд з патрабаваньнем скасаваць ганебную практыку, якая супярэчыць артыкулу 30 Канстытуцыі, дзе запісана: “Грамадзяне Беларусі маюць права вольна перамяшчацца... пакідаць межы Рэспублікі Беларусь і бесьперашкодна вяртацца назад”.

У Канстытуцыйным судзе пакуль ніяк не камэнтуюць верагоднасьць таго, ці будзе ўрэшце адменены штамп. А вось што мяркуе з гэтай нагоды былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў:

(Пастухоў: ) “Мяркую, што ўрэшце суд вынясе станоўчае рашэньне. Але іншая праблема, якая можа паўстаць, — ці будзе выконвацца рашэньне Канстытуцыйнага суду”.

(Карэспандэнт: ) “Іншымі словамі, рашэньне можа быць, але пашпартна-візавымі службамі яно будзе ігнаравацца?”

(Пастухоў: ) “Верагодней за ўсё, так яно і будзе. Улады ня лічацца з рашэньнямі, калі гэта супярэчыць, так бы мовіць, вэртыкальным інтарэсам. А цяперашні рэжым якраз зацікаўлены, каб уводзіць шматлікія перашкоды на выезд, кантраляваць усё і ўсіх. Няма ніякай зацікаўленасьці з боку ўлады даць поўны дазвол усім грамадзянам краіны выяжджаць свабодна за мяжу”.

Вельмі чакаюць вынікаў працы Канстытуцыйнага суду ініцыятары перагляду практыкі дазволу на выезд. Праўда, Уладзімера Парфяновіча цяпер у Менску няма — пасьля афармленьня дазволу на выезд ён ад’ехаў на адпачынак у Харватыю. А ягоная дарадца Марыя Восіпава лічыць, што апасеньні спадара Пастухова цалкам рэальныя, але глядзець на сытуацыю трэба пад крыху пад іншым вуглом.

(Восіпава: ) “Калі ў нас на руках будзе заключэньне Канстытуцыйнага суду, мы даб’емся ўключэньня на восеньскай сэсіі пытаньня ў парадак дня, і тады з закону пра ўезд–выезд, на падставе якога ставяцца гэтыя штампы, проста будуць выключаныя адпаведныя артыкулы. Прынамсі, зрабіць гэта будзе лягчэй. Іншая справа, што падымецца лямант наконт адтоку бюджэтных сродкаў.

Ёсьць яшчэ адзін аргумэнт для ігнараваньня рашэньня — дзяржаўныя таямніцы. У прыватнасьці, людзі, якія давалі падпіску пра неразгалошваньне дзяржаўных сакрэтаў. Контрааргумэнт — што праз Расею і цяпер можна зьехаць куды заўгодна, ня дзейнічае.

Але ў нас ня так шмат носьбітаў дзяржсакрэтаў, каб абмяжоўваць усіх грамадзянаў Беларусі. Значыцца, неабходная нейкая адказнасьць для такой катэгорыі людзей. Але гэта не павінна ствараць праблемы для шараговага грамадзяніна. Чаму чыноўнік павінен вырашаць, ехаць мне за мяжу ці не? І чаму я мушу плаціць пяць мінімальных заробкаў? Сёньня гэта вялікія грошы; людзям есьці няма за што”.

Для пашпартна-візавай службы штамп сапраўды ёсьць вялізным артыкулам даходаў. Цягам апошніх трох гадоў тэрмін дзейнасьці штампу акрэсьлены пяцьцю гадамі (дагэтуль чалавек мог выбіраць адвольны тэрмін) і кошт паслугі складае 50 тысяч рублёў. Пасьля заканчэньня гэтага тэрміну эпапэя з адстойваньнем у чэргах АВІРаў, запаўненьнем анкетаў распачынаецца ад пачатку. Да таго ж, гарантыі, што якомусьці чыноўніку не захочацца, каб вы ня трапілі за мяжу, ніхто не дае.

Многія назіральнікі прагназуюць і яшчэ адзін варыянт разгортваньня падзеяў. Калі Канстытуцыйны суд прыме станоўчае для ўладальнікаў пашпартоў рашэньне, і штамп дазволу на выезд урэшце будзе скасаваны, пашпартна-візавая служба бяз роздуму пасьпяшаецца ажыцьцявіць праект абавязковага афармленьня другога пашпарту. Прынамсі, кошт на яго ўжо вядомы — 60 тысяч рублёў. Так што чэргі ля АВІРаў ня зьнікнуць у любым выпадку.
XS
SM
MD
LG