Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З НАГОДЫ ДРУГОЙ ГАДАВІНЫ ЗЬНІКНЕНЬНЯ ЗЬМІТРА ЗАВАДЗКАГА Ў МЕНСКУ ПРАЙШОЎ "ЛАНЦУГ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ"


Альгерд Невяроўскі, Менск

Зьміцер зьнік 7 ліпеня 2000 году па дарозе ў аэрапорт "Менск-2". Сёньня, у другую гадавіну зьнікненьня, ягоная маці Вольга й жонка Сьвятлана выступілі з заклікам да грамадзянаў Беларусі ня быць абыякавымі да іхнага болю, прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу й запатрабаваць ад уладаў даць нарэшце адказ на пытаньне: "Што здарылася зь іхным сынам і мужам?" Да закліку дадаваўся тэкст заявы ў пракуратуру з патрабаваньнем распавесьці пра вынікі расьледваньня ў справе зьніклых.

На заклік адгукнулася каля 150 чалавек – актывісты партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, палітыкі й простыя грамадзяне, прычым ня толькі зь Менску, але й іншых гарадоў. За гэтай акцыяй назірала нямала міліцыянтаў у форме й у цывільным. Вось, што сказаў іхны начальнік, які не захацеў называць сябе:

(Міліцэйскі начальнік: ) "Нават ня ведаю, што тут адбываецца, што тут будзе. Калі пікет, то несанкцыяваны, ня можа быць. А калі так людзі з партрэтамі пастаяць, то нічога".

Вольга й Сьвятлана Завадзкія гавораць, што галоўная мэта гэтай акцыі – яшчэ раз нагадаць грамадзтву пра трагедыю сем'яў зьніклых людзей. Гаворыць спадарыня Вольга:

(Вольга Завадзкая: ) "Гэтая акцыя – напамін людзям, што такое адбываецца ў нашай краіне, як папярэджаньне ўсім. Калі мы ня будзем на гэта зьвяртаць увагі, то любыя грамадзяне Беларусі могуць зьнікаць. Чым больш людзі будуць пра гэта ведаць, тым яны будуць больш актыўна думаць, што адбываецца ў нас у краіне, і якім чынам сябе абараніць. Гэта прававая акцыя".

А вось што сказала жонка Зьмітра Сьвятлана:

(Сьвятлана Завадзкая: ) " Чым больш праходзіць часу, тым нам становіцца ўсё цяжэй і цяжэй. Я хачу, каб усе зразумелі, што калі зьнікае чалавек, то боль не знікае, а становіцца ўсё большым".

Жонка бізнэсмэна Анатоля Красоўскага Ірына лічыць, што людзям трэба пастаянна нагадваць пра лёс зьніклых:

(Красоўская: ) " Гэтыя нашыя акцыі перашкаджаюць уладам спакойна спаць, але наўрад ці яны набліжаюць раскрыцьцё гэтай справы. Аднак я думаю, што такія акцыі прымушаюць людзей задумацца чаму гэтак адбываецца".

Каля ўдзельнікаў ланцуга прыпыняліся машыны й спыняліся мінакі, бралі інфармацыйныя матэрыялы пра Зьмітра Завадзкага, цікавіліся лёсамі зьніклых. Вось што гаварылі гэтыя людзі:

(Спадар: ) "Нідзе ў сьвеце такога няма. Трэба, каб гэта зьнікла назаўсёды ва ўсім сьвеце".

(Спадарыня: ) "Акцыя, безумоўна, патрэбная, людзі мусяць патрабаваць. Гэта жахліва, трэба разьбірацца. Каб такое адбывалася ў нашай краіне – гэта жахліва".

(Іншая спадарыня: ) "Жахліва! У мяне двое дзяцей, і я за іх пастаянна баюся. Я лічу, што тут трэба ўсім разам неяк паўстаць".

Лідэры БНФ Вінцук Вячорка і АГП Анатоль Лябедзька, палітык Міхаіл Марыніч, жонка Віктара Ганчара Зінаіда лічаць вельмі добрым тое, што сёньняшняя акцыя праводзілася ня нейкай партыяй, а роднымі зьніклага Завадзкага, і гэта дало магчымасьць удзельнічаць у ёй людзям розных палітычных поглядаў.

А вось што сказаў экс-кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Ганчарык, які таксама стаяў на плошчы з партрэтам Зьмітра:

(Ганчарык: ) "Амаль год мінуў ад часу прэзыдэнцкіх выбараў, і тэма зьніклых людзей цяпер набывае асаблівую актуальнасьць. Будзе гадавіна, і што зрабіў Лукашэнка? Ён гаварыў, што ён вінаваты. У гэтым сэнсе ён мае рацыю, бо стварыў рэжым, які не дае адказу, а дае магчымасьць вось так распраўляцца зь людзьмі. Таму трэба, каб людзі зразумелі, што гэта праўда і што трэба мяняць гэты рэжым".

Сёньня ўсе недзяржаўныя беларускія газэты зьмясьцілі партрэт Зьмітра Завадзкага і патрабаваньне да ўладаў даць адказ, што здарылася з калегам-журналістам.
XS
SM
MD
LG