Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАЗГЛЯД СПРАВЫ АЛЕСЯ ПУШКІНА ПЕРАНЕСЬЛІ НА ПАНЯДЗЕЛАК


Любоў Лунёва, Менск

Мастак Алесь Пушкін суткі правёў у міліцэйскім пастарунку пасьля таго, як учора ўвечары паспрабаваў наладзіць пэрформанс у цэнтры Менску. Не пасьпеў ён выставіць партрэты, як на яго кінуліся міліцыянты. Пушкіна павалілі на зямлю і зашчапілі на ягоных руках кайданкі. Міліцыянты доўгі час намагаліся зацягнуць мастака ў міліцэйскі “варанок” на вачах абураных людзей. Жанчыны пачалі крычаць. Сабраўся натоўп.

Алеся Пушкіна прывезьлі ў дзяжурную частку ўпраўленьня міліцыі Маскоўскага раёну Менску і трымалі там усю ноч і ўвесь наступны дзень без вады і ежы. Паколькі сам мастак не пажадаў размаўляць зь міліцыянтамі, тыя, паводле словаў дзяжурных, “пакрыўдзіліся на яго” і, відаць, з гэтае прычыны не даставілі ў суд зранку.

Кіраўнік Маскоўскага ўпраўленьня ўнутраных справаў Іван Мікуліч так патлумачыў гэта Радыё Свабода:

(Мікуліч: ) “Адпусьцілі б мы яго, магчыма — а магчыма, я б разгледзеў ягоную справу, аштрафаваў і адпусьціў яшчэ ўчора. Я ж быў на працы. магчыма, ён быў бы пакараны не па максымуме. Мы ж ня ставім мэты трымаць чалавека і зьдзекавацца зь яго. Але ж ён не называе сваіх дадзеных. Ён сам загнаў сябе ў кут”.

Толькі а 17-й гадзіне міліцыянты павялі Алеся Пушкіна да адміністрацыйнай судзьдзі Надзеі Рэўтскай, кабінэт якой знаходзіцца ў будынку РУУСа. Перад журналістамі, якія намагаліся трапіць у суд, супрацоўнікі міліцыі дзяжурнай часткі зачынілі дзьверы і не прапускалі прайсьці да кабінэта судзьдзі. Міліцыянт Анатоль Чырыкаў паведаміў мне, што журналістам Радыё Свабода няма чаго рабіць у такой установе і што нібыта сама судзьдзя загадала яму не прапускаць журналістаў. Прыйшлося зьвязвацца з судзьдзёй па тэлефоне. Яна патлумачыла, што міліцыянты ўсё гэта прыдумалі, і загадала ім прапусьціць прадстаўнікоў прэсы. У судовым паседжаньні Алесь Пушкін папрасіў, каб яму далі час заключыць дамову з адвакатам і судзьдзя перанесла разгляд справы на панядзелак. Алесь Пушкін у судовай залі паведаміў Радыё Свабода:

(Пушкін:) "Рускі лейтэнант сарваў зь мяне беларускі крыжык. Гэта як знак. У гэтым галоўная прычына брутальных адносінаў да мяне з боку міліцыянтаў Маскоўскага РУУСа. На маё патрабаваньне размаўляць са мной па-беларуску, размаўляў толькі адзін чалавек – Зьміцер Пенкін. Прыемны чалавек з пачуцьцём гумару. Ён нават пачаставаў мяне кавай. Калі я прасіў папіць ці ў прыбіральню, вадзіў мяне толькі ён. Астатнія адмаўляліся... Маскоўсі РУУС – гэта дом смутку, плачу і скрыгату зубоўнага. У камэры за сьценамі чутна, як нехта плача, чутныя крокі, перамовы..."

У Алеся Пушкіна гэта ўжо ня першая судовая справа за пэрфоманс. У 1989 годзе за шэсьце па праспэкце (тады яшчэ – Леніна) у Дзень Волі яго пакаралі ўмоўна на два гады. Ён ня меў права пакідаць сваё месца жыхарства – вёску Бабры Віцебскай вобласьці – без дазволу ўладаў. У 1999 годзе Пушкіна зноў пакаралі на два гады ўмоўна за пэрфоманс, калі ён выкінуў вазок гною перад будынкам адміністрацыі Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG