Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІ ПРАВААБАРОНЦА МЯРКУЕ, ШТО ЛУКАШЭНКА НЯ ВЫКАНАЎ ПЕРАДВЫБАРЧЫЯ АБЯЦАНЬНІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Як “становішча, у якім ня бачна зьменаў да лепшага”, ацэньвае дырэктар расейскага Інстытуту правоў чалавека Валянцін Гефтэр сытуацыю з выкананьнем палітычных і грамадзянскіх правоў у Беларусі. Вядомы праваабаронца апошні раз наведваў Беларусь напярэдадні леташніх прэзыдэнцкіх выбараў. Ён згадвае, што Аляксандар Лукашэнка тады абяцаў дэмакратызацыю ўсіх сфэраў жыцьця грамадзтва, калі застанецца пры ўладзе.

Днямі Валянцін Гефтэр зноў пабываў у Беларусі ў складзе дэлегацыі міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Human Rights Watch”. Паводле атрыманай інфармацыі праваабаронца зрабіў выснову, што свае абяцаньні Лукашэнка ня выканаў.

(Гефтэр: ) “Усе былыя тэндэнцыі захаваліся. Перш за ўсё гэта тычыцца судовай сыстэмы, свабоды слова і распаўсюду інфармацыі, дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, і асабліва тых, хто займаецца палітыкай у рэчышчы, не пажаданым для ўлады. Ім была паабяцаная дэмакратызацыя, ва ўсялікім разе, заяўлялася, што будуць выконвацца законы, якія гарантуюць іхныя правы, але на справе гэтага не адбываецца. Вольна дыхаць не даюць”.

Валянцін Гефтэр лічыць, што ў Беларусі дагэтуль не пераадоленая небясьпечная мяжа, за якой парушэньні правоў людзей становяцца масавай зьявай, у тым ліку з палітычных прычынаў могуць зьнікаць людзі. Дарэчы, шанцы на тое, што ўмяшальніцтва найвышэйшых расейскіх палітыкаў можа дапамагчы высьвятленьню справаў зьніклых беларускіх апазыцыянэраў, Валянцін Гефтэр ня схільны лічыць вялікімі. Ён спасылаецца на досьвед Расеі, дзе спэцслужбы таксама не зацікаўленыя ў высьвятленьні гучных справаў.

(Гефтэр: ) “Мы ў Расеі часта бачылі, што нават палітычны загад з самога верху не заўсёды ўспрымаецца сілавікамі як загад дзейнічаць. Вось і ў дапамозе расьсьледаваньню справаў зьніклых беларусаў так можа быць — наверсе загадаюць дапамагаць, а спрацуюць карпаратыўныя інтарэсы сілавікоў, і ўсё спыніцца. Трэба, каб палітычны ціск на гэтую “пэдаль” не спыняўся. Расея павінная прадэманстраваць, што яна зацікаўленая ня толькі ў інтарэсах “Балтыкі”, МТС, нафтавых фірмаў, але і ў выкананьні правоў людзей”.

Ягоная калега Анна Нэйстат зь міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Human Rights Watch” паведаміла Радыё Свабода, што яны маюць намер узнавіць праграмы, накіраваныя на вывучэньне становішча з правамі чалавека ў Беларусі й дапамогу мясцовым праваабаронцам.
XS
SM
MD
LG