Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СУД ПАДТРЫМАЎ ПАТРАБАВАНЬНІ КРЫШНАІТАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сем рэлігійных грамадаў крышнаітаў, якія ўжо 10 гадоў існуюць у Беларусі, вырашылі злучыцца ў адзінае аб’яднаньне. Яны правялі адпаведныя сходы вернікаў, падрыхтавалі неабходныя дакумэнты і летась у траўні перадалі іх у Камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў.

Празь месяц чыноўнікі паведамілі крышнаітам, што іхны статут не зусім адпавядае заканадаўству і папрасілі яго дапрацаваць. Вернікі выканалі гэтае патрабаваньне і ў жніўні зноў накіравалі дакумэнты ў камітэт. З таго часу мінуў ужо амаль год, але ніякага адказу крышнаіты так і не атрымалі, хаця паводле закону чыноўнікі мусілі гэта зрабіць за месяц.

Адзін з кіраўнікоў незарэгістраванага аб’яднаньня крышнаітаў Сяргей Малахоўскі перакананы, што чыноўнікі Камітэту ў справе рэлігіяў наўмысна зацягвалі працэс рэгістрацыі. Гаворыць Сяргей Малахоўскі:

(Малахоўскі: ) “У нас ёсьць меркаваньне, што ўсе гэтыя зацяжкі зьвязаныя з этапамі прыняцьця новага закону аб рэлігійных арганізацыях. Яны цягнуць да прыняцьця новага закону. Калі ён будзе прыняты, ім будзе значна прасьцей нас не зарэгістраваць ужо на законнай падставе”.

Праўда, самі прадстаўнікі камітэту сёньня запэўнівалі судзьдзю Валерыя Есьмана, што зацягваньне справы рэгістрацыі мела аб’ектыўныя прычыны. Спачатку некалькі месяцаў ішла рэарганізацыя камітэту, а потым была прызначаная адмысловая рэлігіязнаўчая экспэртыза статуту крышнаітаў.

Вернікі сьцьвярджалі, што гэтая экспэртыза не патрэбная, бо яна праводзіцца толькі ў выпадку рэгістрацыі новай для Беларусі канфэсіі, а асобныя крышнаіцкія грамады ўжо даўно зарэгістраваныя. Зрэшты, гэтая экспэртыза ўжо закончаная, але яе вынікі крышнаітам пакуль невядомыя. У выніку судзьдзя абавязаў чыноўнікаў на працягу месяца даць адказ крышнаітам — будзе зарэгістраванае іх аб’яднаньне ці не.

Прадстаўнік камітэтуАляксандар Калінаў так пракамэнтаваў гэтае рашэньне:

(Калінаў: ) “Рашэньне суду законнае, таму будзем яго выконваць”.

А вось меркаваньне прадстаўніка крышнаітаў Сяргея Малахоўскага:

(Малахоўскі: ) “Паводле фармальных падставаў, мы ня можам гэтае рашэньне суду лічыць незаконным, але фактычна камітэт атрымаў яшчэ адзін месяц адтэрміноўкі”.

Сяргей Малахоўскі дадаў, што, калі іхнае аб’яднаньне ня будзе зарэгістраванае, крышнаіты зноў будуць адстойваць свае правы ў судзе.
XS
SM
MD
LG