Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЖО ТЫДЗЕНЬ БОЛЬШ ЗА 200 ТУРКАЎ-МЭСХЕТЫНЦАЎ ПРАЦЯГВАЮЦЬ БЕСТЭРМІНОВУЮ ГАЛАДОЎКУ Ў КРАСНАДАРСКІМ КРАІ РАСЕІ


Юры Дракахруст, Прага

Галадоўку пачалі 20 чэрвеня 26 мэсхетынскіх сем’яў, у панядзелак да іх далучылася яшчэ каля 150 чалавек. Усяго ў Краснадарскім краі пражывае каля 20 тысячаў туркаў-мэсхетынцаў. Пасьля таго, як на Кубані быў прыняты мясцовы закон, які абмяжоўвае знаходжаньне ў краі нелегальных мігрантаў, жыцьцё туркаў-мэсхетынцаў у краі стала невыносным. Губэрнатар Аляксандар Ткачоў прыняў рашэньне, што ўсе замежныя грамадзяне, што ня маюць дакумэнтаў для рэгістрацыіі, будуць выдаленыя за межы краю. Як паведамляе “Независимая газета” ужо некалькі дзясяткаў чалавек сілаю пасадзілі ў цягнік і адправілі ў суседні Растоў. У 1944 годзе Сталін ужо высяляў туркаў-месхетынцаў з паўдзённай Грузіі ва Ўзбэкістан, у выніку дэпартацыі загінула 17 тысячаў чалавек, траціна народу.

Краснадарскія ўлады больш гуманныя за таварыша Сталіна, высяляюць толькі ў Растоў. Але данскія казакі ўжо заявілі, што ня пусьцяць туркаў да сябе ў Растоўскую вобласьць, на чыгуначным вакзале і на мяжы з Кубаньню ўжо зьявіліся казацкія дазоры.

“Независимая газета” піша, што ў Краснадарскім краі ўлады фармуюць адмысловыя канвойныя роты для выдаленьня чужынцаў. Больш за тое, адміністрацыйнае пакараньне пагражае і карэннаму мясцоваму жыхару, калі ён дасьць прытулак незаконнаму мігранту.

Краснадарскія ўлады ў апраўданьне сваіх рашэньняў спасылаюцца на досьвед Эўропы, там, маўляў, з незаконнымі мігрантамі таксама не цырымоняцца.

Аднак варта заўважыць, што асноўная колькасьць мэсхетынцаў, ратуючыся ад пагромаў ва Ўзбэкістане, прыехала на Кубань ў канцы 1980-х гадоў, яшчэ ў адзіным Савецкім Саюзе, грамадзянамі якога яны былі. Зьдзелкі на дамы, у якіх яны сяліліся, часам не афармляліся, але мэсхі жывуць у іх ужо больш за 10 гадоў, спраўна плацячы падаткі. Зараз атрымліваецца замкнёнае кола: мэсхі зьвяртаюцца па расейскае грамадзянства, ім адмаўляюць з-за адсутнасьці рэгістрацыі, а ў рэгістрацыі адмаўляюць з-за адсутнасьці легальнага жытла. А калі няма ані рэгістрацыі, ані грамадзянства – прэч з краю.

Ня толькі праваабаронцы, але і пракуратура лічыць краснадарскую практыку парушэньнем ня толькі міжнародных, але і расейскіх фэдэральных законаў. Ускосна з асуджэньнем краснадарскіх парадкаў выступіў на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі і прэзыдэнт Пуцін, які сказаў, што трэба пазбавіцца велікадзяржаўнага шавінізму і зрабіць так, каб кожны прадстаўнік самай малой нацыянальнасьці адчуваў сябе ў Расеі, як дома. Але пакуль мэсхетынцаў на Кубані высяляюць зь іх дамоў. Расейскія праваабаронцы мяркуюць, што на самой справе адміністрацыя прэзыдэнта падтрымлівае дзеяньні краснадарскага губэрнатара ці прынамсі ня робіць нічога, каб спыніць іх. Дарэчы, сам губэрнатар Ткачоў публічна заяўляе, што яго палітыка падтрымліваецца Крамлём.

Варта сказаць, што шмат хто на Кубані ўхваляе такую самадзейнасьць мясцовых уладаў. За апошнія 10 гадоў ў край прыехала каля мільёну чалавек. Аднак, як піша ўжо цытаваная “Независимая газета”, спасылаючыся на меркаваньні некаторых краснадарцаў, губэрнатар Ткачоў толькі на словах змагаецца з незаконнай міграцыяй, а на самой справе разьвязвае траўлю людзей неславянскіх нацыянальнасьцяў, у тым ліку і тых, хто зьяўляецца грамадзянамі Расеі і прапісаны ў краі. Тысячы туркаў-мэсхетынцаў, асырыйцаў, курдаў – працягвае газэта – робяцца людзьмі па-за законам, бяз права і магчымасьці весьці нармальнае жыцьцё.

Бестэрміновая галадоўка мэсхаў на Кубані – крык адчаю гэтых людзей.
XS
SM
MD
LG