Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗАКОН АБ СВАБОДЗЕ ВЕРАВЫЗНАНЬНЯ ПРЫНЯЛІ ЗА 2 ГАДЗІНЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Законапраект пагаршае ўмовы рэгістрацыі рэлігійных грамадаў, уводзіць цэнзуру рэлігійнай літаратуры, зацьвярджае прыярытэт праваслаўнай царквы ў грамадзтве. За гэты закон прагаласавала 85 дэпутатаў, супраць – 2.

Дэпутаты перагледзелі сваё ўчарашняе рашэньне перанесьці гэты законапраект на восень, знайшоўшы нейкія юрыдычныя памылкі. Акрамя таго, было сабрана больш за 70 подпісаў на імя віцэ-сьпікера Ўладзімера Канаплёва з прапановай разглядзець гэты законапраект яшчэ на гэтай сэсіі. Учора ў кулюарах давялося выпадкова пачуць выказваньне дэпутата Гаварушкіна, які зазначаў, што ведае імёны ўсіх, хто галасаваў супраць разгляду гэтага законапраекту, і што зь імі будзе праведзеная пэўная праца. Паводле інфармацыі з кулюараў, незгаворлівых вазілі нават у будынак праваслаўнага экзархату і паказвалі агітацыйныя фільмы.

Разгляд вельмі складанага законапраекту прайшоў без дэбатаў, артыкулы прымаліся пайменным галасаваньнем, усе папраўкі, за выняткам прапановаў з прэзыдэнцкай адміністрацыі, адхіляліся. На абмеркаваньне 43 артыкулаў хапіла 2 гадзіны часу. Адзінай, хто выступіў супраць парушэньня рэглямэнту і ціску на дэпутатаў, стала Вольга Абрамава. Яна назвала праштурхоўваньне гэтага законапраекту "абортам парлямэнцкай працэдуры" і пакінула залю паседжаньняў. Гаворыць Вольга Абрамава:

(Абрамава: ) “На мой погляд, нічога добрага нам далейшае разьвіцьцё падзеяў не абяцае – гэта патэнцыял міжканфэсійнага канфлікту. Дзяржава не павінна быць датычнай да такіх рэчаў і правакаваць стварэньне такога канфлікту”.

Гэты законапраект ушчамляе інтарэсы канфэсіяў, не залічаных законам да так званых традыцыйных. Памочнік епіскапа Саюзу Хрысьціян веры эвангельскай Аляксандар Вялічка паведаміў, што вынікам прыняцьця новага закону стане скасаваньне ў іх саюзе каля 150 абшчынаў:

(Вялічка: ) “150 будуць закрытыя на 100 адсоткаў, пад пытаньнем яшчэ каля 70 – у асноўным гэта сельскія абшчыны, зь сярэднім узростам вернікаў каля 60 гадоў”.

Аляксандар Вялічка зазначыў, што ў палаце прадстаўнікоў яму адкрыта сказалі, што ставілася мэта менавіта на такі вынік. Паводле ягоных ацэнак, пацерпяць і іншыя пратэстанцкія канфэсіі, усяго да 500 рэлігійных грамадаў могуць спыніць існаваньне. Прадстаўнікі пратэстантаў назваюць гэты закон вяртаньнем да сталінсікх парадкаў. У прыватнасьці, яны абураныя ўвядзеньнем рэлігійнай цэнзуры, надзвычайнымі паўнамоцтвамі для Камітэту ў справах рэлігіяў, абмежаваньнямі для рэгістрацыі.

Аляксандар Вялічка кажа, што магчымыя розныя пратэстныя акцыі ў адказ, нават радыкальныя захады, такія, як прынцыповая адмова ад перарэгістрацыі – пратэстанцкія цэрквы ў савецкі час дзесяцігодзьдзямі існавалі ў падпольлі.

(Вялічка: ) “Я прадбачу такія захады, як нядаўна ў Магадане: цэлыя абшчыны, сотні людзей будуць падаваць заявы ў амбасады з просьбай дазволіць эміграцыю ў сувязі з рэлігійнымі прыцясьненьнямі. Я прадбачу вялікую хвалю эміграцыі”.

Аляксандар Вялічка паведаміў, што цяпер сваю рэакцыю на гэты законапраект выпрацоўвае Каардынацыйная Рада пратэстанцкіх цэркваў Беларусі. Ён лічыць, што праваслаўныя няшмат выйграюць ад гэтага рэпрэсіўнага ў стасунку да пратэстантаў закону:

(Вялічка: ) “Любая рэлігія, якая спрабуе дамінаваць, дэградуе, тым больш калі выкарыстоўвае палітычныя мэтады”.
XS
SM
MD
LG