Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ГОРАДНІ АДБЫЛІСЯ ПІКЕТЫ Ў ПАДТРЫМКУ “ПАГОНІ”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Пікеты ў цэнтры гораду працягвалі паўтары гадзіны. А 19-й гадзіне акцыя закончылася. Кожнага разу ў пікеце ўдзельнічалі 20 чалавек. Яны стаялі ланцугом і трымалі партрэты двух журналістаў, таксама ўрывак з Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, а менавіта: “Права кожнага чалавека на свабоду палітычных пераканьняў, магчымасьць выказваць іх, свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі — усякімі сродкамі, незалежна ад дзяржаўных межаў”.

Нагадаю, што ў панядзелак журналістаў засудзілі да абмежаваньня свабоды: Міколу Маркевіча — на 2,5 гады, Паўла Мажэйку — на 2 гады. За іхную прафэсійную дзейнасьць. Я пацікавіўся ва ўдзельніцы пікету Ірыны, зь якой мэтай яны стаяць на Савецкай плошчы:

(Ірына: ) “Мы знаходзімся тут з мэтаю паведаміць тым, хто ня ведае пра тое, што быў вынесены прысуд двум журналістам, якія сказалі праўду пра сёньняшняе нашае жыцьцё, пра Лукашэнку. Частка людзей ведае і падтрымлівае нас. Частцы ўсё роўна. А частка — пытаецца, падыходзіць, цікавіцца. Так што я думаю, што гэты пікет патрэбны. Трэба выходзіць ледзь ня кожны дзень. Ну і падышлі міліцыянты, ня ведаем, што будзе далей”.

Усё абышлося. Міліцыя ня стала затрымліваць пікетоўцаў. Яшчэ адзін з удзельнікаў акцыі Зьміцер удакладніў, дзеля чаго яны выйшлі на вуліцу з партрэтамі журналістаў.

(Зьміцер: ) “Справа ў тым, што мы стаім тут для таго, каб паведаміць нашым гарадзенцам і гасьцям гораду аб тым, што адбыўся такі прысуд. І ў сувязі з тым, што на сёньняшні дзень няма ў нас такіх сродкаў, якія напішуць праўду. Газэты закрываюцца. А па тэлебачаньні і радыё будзе паведамляцца тое, што падабаецца прэзыдэнту. А народ павінен ведаць праўду, што гэта абсурдны прысуд. Гэта ламаньне правоў чалавека і абмежаваньне свабоды слова і свабоды распаўсюджваньня інфармацыі”.

Апошнюю акцыю спрабавалі спыніць міліцыянты. Абараняць пікетоўцаў сталі пажылыя людзі. Яны абурана гаварылі: “Людзі стаяць і нікому не перашкаджаюць. І хай стаяць. Бо ў газэтах праўды ўсё адно не прачытаеш. Прызвычаіліся адно дубінкамі махаць, ледзьве што. Міліцыі плоцяць добра. А на пэнсію не пражыць”.
XS
SM
MD
LG