Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАД ЦІСКАМ ГРАМАДЗКАСЬЦІ РАЗГЛЯД ЗАКОНАПРАЕКТУ “АБ СВАБОДЗЕ СУМЛЕНЬНЯ” ПЕРАНЕСЬЛІ НА ВОСЕНЬ


Валер Каліноўскі, Менск

У першым чытаньні гэты законапраект быў прыняты ў канцы травеня. Без апублікаваньня ў СМІ і без уліку шматлікіх пратэстаў вернікаў яго вынесьлі на другое чытаньне. Са зваротамі вернікаў дэпутатаў проста не пазнаёмілі. Як патлумачыў Валеры Ліпкін, старшыня Камісіі ў справе правоў чалавека, міжнацыянальных дачыненьняў і СМІ, які прадстаўляў гэты законапраект, “думка дэпутатаў павінна складацца на падставе меркаваньня афіцыйных структураў”.

Але насуперак гэтым словам была праігнараваная нават такая важная афіцыйная структура як КГБ — дэпутатам не раздалі экспэртнае заключэньне за подпісам Леаніда Ерына, у якім сьцьвярджаецца, што прыняцьце гэтага законапраекту можа выліцца ў шматлікія акцыі пратэсту з удзелам замежных назіральнікаў.

Напярэдадні з заявай выступіла амбасада ЗША, якая выказалася гэтак: “ствараецца ўражаньне, што асноўная мэта законапраекту — перашкодзіць дзейнасьці рэлігійных групаў, якія беларускі ўрад аднясе да нетрадыцыйных”.

Фармальнай падставай для адмовы ў прыняцьці гэтага законапраекту сталі парушэньні рэглямэнту. Некалькі перагаласаваньняў не прывялі да выніку, якога хацела кіраўніцтва, дэпутаты перанесьлі пытаньне на восень. Але сапраўднай прычынай гэтага стаў ціск грамадзкасьці.

У палаце прадстаўнікоў быў раздадзены зварот дзясяткаў лідэраў пратэстанцкіх, юдэйскіх, уніяцкіх грамадаў, у якім яны рашуча скрытыкавалі законапраект, які “вяртае грамадзтва да таталітарных парадкаў мінулага, вяртае да сталінскай нормы “дваццаткі”, уводзіць цэнзуру рэлігійнай літаратуры, абцяжарвае рэгістрацыю грамадаў. Прычым, у законапраекце нават не прыхавана, на чыю карысць вылучаныя гэтыя захады — у прэамбуле запісаная “вызначальная роля” праваслаўнай царквы”.

Перанёсшы разгляд законапраекту на восень, палата прадстаўнікоў праігнаравала прапанову Вольгі Абрамавай аб публікацыі гэтага дакумэнту ў газэтах. Спадарыня Абрамава ўпэўненая, што гэты закон адмыслова штурхаюць, каб дагадзіць Расейскай праваслаўнай царкве.

(Абрамава: ) “Прымаючы такі закон, мы павінны ўлічваць, што непазьбежным ягоным наступствам стане процістаяньне пратэстантаў і праваслаўных, прычым яно пяройдзе на нізавы ўзровень і будзе датычыць ня толькі герархаў”.

Акрамя яе, супраць гэтага закону рэзка выступіў былы кіраўнік КГБ Беларусі Ўладзімер Ягораў, які ўпэўнены, што грамадзтву падкідваюць “зброю запаволенага дзеяньня”, і ня бачыць ніякай патрэбы ў папраўках у існы закон 1992 году.

Прадстаўнікі пратэстанцкіх і іншых грамадаў сьвяткуюць невялікую перамогу і рыхтуюцца працягваць супраціў прыняцьцю дыскрымінацыйнага законапраекту. Гаворыць памочнік біскупа Саюзу хрысьціянаў веры эвангельскай Аляксандар Вялічка:

(Вялічка: ) “Мы маем намер прапанаваць камісіі па правах чалавека сваіх экспэртаў, якія узялі б удзел у дапрацоўцы законапраекту, і маем намер ініцыяваць пратэставыя мерапрыемствы”.
XS
SM
MD
LG