Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАЗІРАЛЬНІКІ АЦЭНЬВАЮЦЬ ПРЫСУД ЖУРНАЛІСТАМ “ПАГОНІ” ЯК ПАЛІТЫЧНЫ


Валер Каліноўскі, Горадня

Прадстаўнікі грамадзкасьці як зь Беларусі, так і з-за межаў краіны, сёньня пасьля абвяшчэньня выраку выказвалі сваё абурэньне жорсткім рашэньнем суду. Гаворыць кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) “Тое, што асудзілі Мікалая Маркевіча, чалавека дастаткова вядомага ў краіне, які 5 гадоў сядзеў, умоўна кажучы, на адной лаўцы разам з Лукашэнкам, – я упэўнены, што без рэзалюцыі, без указаньняў Лукашэнкі тут не абышлося – негалосных, натуральна. І прысуд, безумоўна, трэба ацэньваць як дастаткова жорсткі, бо ён фактычна не дае магчымасьці ім працаваць па сваёй асноўнай прафэсійнай рабоце і вылучае іх на пэўны час з грамадзкага, журналісцкага жыцьця”.

“У Польшчы такі прысуд і нават працэс быў бы немагчымы”, – упэўнены адзін зь лідэраў беластоцкіх беларусаў журналіст Яўген Вапа:

(Вапа: ) “Гэта азначае для гэтых людзей проста разьвітаньне са сваёй прафэсіяй, а гэта маральнае пакараньне, якое ёсьць вельмі глыбокім, тое што іх пазбаўляюць права выконваць сваю прафэсію, якую яны хацелі рабіць.

Для мяне як для журналіста, я ня бачу ў гэты момант іншага месца, як быць тут, у Горадні, разам з маімі сябрамі”.

Вядомы палітык Уладзімер Нісьцюк упэўнены, што гэта палітычны працэс на замову найвышэйшага кіраўніцтва краіны:

(Нісьцюк: ) “Гэты прысуд палітычны, і што ён палітычны, няма ніякіх сумневаў. Ёсьць яшчэ адна праблема: я думаю, што юрыдычныя сілы ўлады працавалі над праектам гэтага прысуду, таму што ёсьць спроба зрабіць добра і Захаду, не пасадзіўшы ў турму, за краты, і зрабіць добра сабе, каб прадэманстраваць свой твар, жорсткі твар, стаўленьне да тых, хто супраць улады. Але мне думаецца, што заходнія дэмакратыі ацэньваюць гэты прысуд, так як ён каштуе, а ня так, як думае Лукашэнка ітыя ягоныя прыслужнікі, якія яго стварылі. Таму мне думаецца, што палітычную мэту ён выканае зусім ня тую, якую плянуе Лукашэнка”.

Думку Ўладзімера Нісьцюка падзяляе прадстаўнік польскай амбасады Марэк Буцько:

(Буцько: ) “Ад самага пачатку, калі пачаўся гэты працэс, мы лічылі, што не павінна было дайсьці да прысуду. Паводле нашай ацэнкі, журналісты проста выказалі свой погляд. За гэта ў Эўропе журналістаў ня судзяць. Шкада, што ў Беларусі гэты сумны факт меў месца. Мяркую, што гэта не спрыяе свабодзе слова і ёсьць крокам назад у параўнаньні з тым, у кім кірунку рухаецца зараз Эўропа”.
XS
SM
MD
LG