Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ЗАКЛІКАЮЦЬ УЛАДЫ БЕЛАРУСІ ПЕРАГЛЕДЗЕЦЬ СТАЎЛЕНЬНЕ ДА ПРАЦЭСУ НАД ЖУРНАЛІСТАМІ “ПАГОНІ”


Валер Каліноўскі, Горадня

Прадстаўніцтва амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі было на судзе найбольшым. Яго ўзначальваў міністар-консул у адстаўцы Джозэф О’Ніл, які ў адсутнасьць Майкла Козака выконвае абавязкі амабсадара ЗША ў Беларусі. Спадар О’Ніл выказаў свае ўражаньні ад гэтага працэсу і пазыцыю Злучаных Штатаў Амэрыкі. Спадар О’Ніл ня ўзяўся прадказаць судовы вырак у справе Маркевіча і Мажэйкі.

(О’Ніл: ) “Я мяркую, што ёсьць дастаткова разумныя людзі ва ўрадзе Беларусі, якія здольныя зразумець, што настолькі вялікая палітычная ўвага з-за межаў краіны дае ім падставы перагледзець сваё стаўленьне да гэтай справы. Я хацеў бы падкрэсьліць, што гэты працэс над журналістамі не прыносіць ніякай карысьці ні ўраду Беларусі, ні ейнаму прэзыдэнту”.

На судзе знаходзіліся дыпляматы з амбасадаў Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Чэхіі, Польшчы, Францыі, іншых дэмакратычных дзяржаваў і прадстаўнікі КНГ АБСЭ. Гэты факт натхніў спадара О’Ніла на наступнае абагульненьне:

(О’Ніл: ) “Людзі ўсяго сьвету сочаць за гэтым працэсам. І я спадзяюся, што беларускія дзяржаўныя дзеячы, якія ініцыявалі гэты працэс у судзе, разумеюць, што нічога добрага краіне гэта не прынясе. На Ўсход і на Захад ад Беларусі большасьць судоў ніколі не прынялі б да разгляду падобную справу. Сумна і сорамна, што такое абвінавачаньне разглядаецца цяпер у судзе ў наш час. Мой урад і прадстаўнікі іншых урадаў, якія прысутнічалі ў судзе, разумеюць неабходнасьць свабоднай і незалежнай прэсы. І працэсы, падобныя да гэтага, адцягваюць Беларусь ад руху да сапраўднай і свабоднай дэмакратыі”.

Сёньня, як і ўжо шмат дзён гэтага працэсу, усе жадаючыя не змаглі патрапіць на працэс, і частка людзей была вымушаная стаяць ля ўваходу ў будынаак суда. Адзін зь іх, краязнаўца Аляксандар Талерчык параўнаў працэс зь дзеяньнямі царскай улады:

(Талерчык: ) “13 чэрвеня 1833 году ў Горадні адбываўся судовы працэс над 11 паўстанцамі на чале зь Міхалам Валовічам. Той мураўёўскі і сёньняшні лукашэнкаўскі працэсы — гэта адна і тая ж палітыка”.

Іншы гарадзенец, Аляксандар Міхальчык быў ня менш катэгарычны ў вызначэньні сваёй пазыцыі:

(Міхальчык: ) “Гэта суд над праўдаю, і мы разумеем, што гэта суд заказны. Мы бачым, што ў нашай краіне зьнікаюць людзі, і гэтыя факты не расьсьледуюць. Загады паступаюць зьверху. Цяперашні суд — гэта суд над свабодай слова, над сумленьнем, суд над беларускім народам”.

Журналіст Анджэй Пісальнік разам зь іншымі калегамі Мажэйкі й Маркевіча выказаў гатоўнасьць зноўку выйсьці на несанкцыянаваную акцыю пратэсту, калі Мажэйка і Маркевіч ня будуць апраўданыя. Нягледзячы на тое, што яны рызыкуюць зноў трапіць пад адміністратыўны арышт.

(Пісальнік: ) “Усе бачаць, што гэты працэс — і мажлівы пакаральны прысуд, а тым больш зьняволеньне — будуць перадусім гвалтам нашых журналісцкіх правоў. Кожны можа апынуцца ў гэтай сытуацыі. І я ня ведаю, ці заўтра да мяне таксама ня прыйдзе пракурор з абвінаваўчым заключэньнем”.
XS
SM
MD
LG