Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДЗЯРЖАЎНЫ АБВІНАВАЎЦА ЗАПРАСІЎ ДВА ГАДЫ ЗЬНЯВОЛЕНЬНЯ ДЛЯ ЖУРНАЛІСТА ПАЎЛА МАЖЭЙКІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёньня на працэсе журналістаў “Пагоні” Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі пачаліся судовыя спрэчкі. Першым слова атрымаў дзяржаўны абвінаваўца Ўладзімер Рабаў. Ён зазначыў, што разгляданая справа аб паклёпніцтве на прэзыдэнта ўскладненая тым, што падобная судовая практыка адсутнічае.

Пракурор Рабаў падкрэсьліў, што абодва журналісты віны не прызналі. Затым перайшоў да ўласнай ацэнкі паказаньняў абвінавачаных і сьведкаў. Ён паўтарыў тэзы абвінавачаньня, складзенага перад судом у пракуратуры. А менавіта, што паклёп у публікацыях “Пагоні” ёсьць — і менавіта паклёп на Лукашэнку.

Наклады двух нумароў газэты пракуратура сканфіскавала ў друкарні. Чытачы іх ня ўбачылі. Аднак пракурор лічыць, што газэта была распаўсюджаная, паколькі верш “Абяшчаў, абяшчаю, буду абяшчаць” прачыталі дзьве працаўніцы друкарні.

Дзяржаўны абвінаваўца таксама лічыць, што абодва арыштаваныя нумары апынуліся на сайце “Пагоні”, хаця супрацоўнікі рэдакцыі гэта адмаўлялі. А матэрыялы з сайту былі атрыманыя супрацоўнікам КГБ з парушэньнем заканадаўства — значыць, яны ня маюць юрыдычнай сілы, з чым згадзіўся сам Уладзімер Рабаў. Але ўсё адно папрасіў суд таксама іх улічыць.

Пасьля гэтага пракурор папрасіў Міколу Маркевіча і Паўла Мажэйку прызнаць вінаватымі ў паклёпніцтве на прэзыдэнта ды ізаляваць іх ад грамадзтва. Паўла Мажэйку — на два гады пазбавіць волі ў калёніі агульнага рэжыму.

У гэты момант з лавы падхапіліся некалькі хлопцаў з транспарантам “Мажэйку і Маркевіча — апраўдаць”. Раздаліся выгукі “Ганьба!” Судзьдзя Тацяна Клімава паднялася і пакінула залю. Яна сказала, што ў працэсе робіцца перапынак да заўтрашняй раніцы.

Перад судовым будынкам журналістаў чакалі прыхільнікі. Мікола Маркевіч зьвярнуўся да іх:

(Маркевіч: ) “У мяне такое ўражаньне, што яны, гэтыя пракуроры, жывуць дагэтуль у 1937 годзе. Яны выдатна разумеюць, што судзяць яны не Міколу Маркевіча і Мажэйку Паўла. Сёньня яны судзяць права кожнага з нас крытыкаваць гэтую ўладу. Сёньня яны судзяць права кожнага з нас мець адказы на тыя пытаньні, якія нас хвалююць. Калі зьнікаюць людзі і грамадзкая думка, і сродкі масавай інфармацыі наўпрасткі зьвязваюць імя прэзыдэнта Лукашэнкі з забойствамі сваіх палітычных апанэнтаў, дык ці ж Маркевіч і Мажэйка ў гэтым вінаватыя?”

У сераду а 10-й раніцы ў Ленінскім раённым судзе Горадні працягнецца судовы працэс над журналістамі.
XS
SM
MD
LG