Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАКОНЧЫЛАСЯ СУДОВАЕ СЬЛЕДЗТВА Ў СПРАВЕ ЖУРНАЛІСТАЎ МІКОЛЫ МАРКЕВІЧА І ПАЎЛА МАЖЭЙКІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Адвакат Сяргей Цурко нагадаў суду важныя акалічнасьці, якія высьветліліся падчас допыту супрацоўніка КГБ Віталя Салаўя. А менавіта, што матэрыялы арыштаваных нумароў “Пагоні” сьледзтва атрымала з парушэньнямі Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Доказы, атрыманыя з парушэньнем заканадаўства, ня маюць юрыдычнай сілы. Таму яны ня могуць быць пакладзеныя ў аснову абвінавачаньня, — зазначыў адвакат.

Галоўны спэцыяліст па Інтэрнэт-праграмах Гарадзенскага ўнівэрсытэту Юры Тарасевіч выступіў у судзе сьведкам. Ён засьведчыў, што ў крымінальнай справе ёсьць раздрукоўкі тэкстаў “Пагоні”. Але нельга адназначна сьцьвярджаць, што гэтыя тэксты былі ўзятыя менавіта з сайту газэты. А якраз на такім цьверджаньні грунтуецца абвінавачаньне. Вось што сказаў сам Юры Тарасевіч:

(Тарасевіч: ) “Гэта магло быць дзе заўгодна. Магло быць, а магло і ня быць у Інтэрнэце. Магло не пакідаць цьвёрдага дыску. Магло ўвогуле зьявіцца невядома адкуль”.

Мікола Маркевіч зьвярнуў увагу суду на такую акалічнасьць. У дакумэнтах КГБ і пракуратуры за 5 верасьня мінулага году гаворыцца пра факт публікацыі або надрукаваньня крамольных тэкстаў у “Пагоні” №36. Хаця ўвесь наклад у той жа дзень увечары арыштавалі ў друкарні. Газэта так і ня выйшла — значыць, з самага пачатку існавала нейкая фальсыфікацыя, — лічыць ён.

Адвакат Сяргей Цурко паўторна падаў хадайніцтва наконт прыпыненьня працэсу. А судзьдзя Тацяна Клімава зноў адмовілася яго задаволіць. Пэрыяд судовага сьледзтва сёньня закончыўся. Працэс працягнецца 18 чэрвеня а 10-й раніцы ў Ленінскім раённым судзе Горадні. У гэты дзень адбудуцца спрэчкі паміж бакамі.
XS
SM
MD
LG