Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МЯНЧУК ФЁДАР БАЎХ ПАДАЎ СКАРГУ Ў ЭЎРАПЕЙСКІ СУД ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА НА НЯМЕЧЧЫНУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пэнсіянэр Фёдар Баўх зь Менску праз суд у Страсбуры будзе дамагацца, каб Нямеччына зьмяніла сваё заканадаўства. Прэтэнзіі Фёдара Баўха да Нямеччыны бяруць пачатак у 1999 годзе, калі яму адмовілі ў просьбе на эміграцыю як габрэйскаму ўцекачу.

Паводле нямецкіх законаў, прынятых з прычыны віны Нямеччыны ў перасьледзе габрэяў падчас другой усясьветнай вайны, права на эміграцыю ў гэтую краіну маюць і беларускія габрэі. Фёдар Баўх вырашыў скарыстацца гэтым правам і падаў адпаведныя дакумэнты ў нямецкую амбасаду. Пры гэтым яму давялося пазначыць у дакумэнтах, што паводле веравызнаньня ён хрысьціянін (уваходзіць у царкву “Новае жыцьцё”, якая блізкая да пратэстантаў).

Аднак амбасада Нямеччыны ў Беларусі адмовіла яму ў дазволе на эміграцыю, а праз колькі месяцаў гэтую адмову пацьвердзіла міністэрства замежных справаў Нямеччыны. Тады Фёдар Баўх зьвярнуўся ў адміністрацыйны суд Бэрліна, аднак і суд ня стаў на ягоны бок, абгрунтаваўшы сваё рашэньне тым, што спадар Баўх належыць да хрысьціянскай рэлігіі, і гэта супярэчыць пагадненьню аб эміграцыі, якога дасягнуў у 1997 годзе ўрад Гельмута Коля з Цэнтральнай радай габрэяў Нямеччыны.

Пасьля гэтага Фёдар Баўх і вырашыў зьвярнуцца ў Эўрапейскі суд правоў чалавека ў Страсбуры. Грамадзянін Беларусі спасылаецца на Эўрапейскую канвэнцыю правоў чалавека, якая гарантуе роўнасьць правоў, незалежна ад веравызнаньня.

(Баўх: ) “Яны лічаць, што толькі той габрэй мае права на эміграцыю ў Нямеччыну, хто не вызнае ніводнай рэлігіі, альбо вызнае юдаізм. Гэта парушае правы людзей. Прычым яны не папярэджвалі пра гэтыя патрабаваньні, а ўмовай ставілі толькі габрэйскае паходжаньне. Але калі б мяне папярэдзілі, што габрэям, якія спавядаюць Ісуса, у Нямеччыну нельга, то я б яшчэ падумаў, ці варта эміграваць у такую краіну”.

У нямецкай амбасадзе адмовіліся камэнтаваць гэтую сытуацыю, спаслаўшыся на правіла, паводле якога рашэньні адносна візаў не камэнтуюцца. Тады мы спыталіся ў прадстаўнікоў габрэйскай грамады ў Бэрліне, ці магчымая адмова ў атрыманьні дазволу на эміграцыю паводле прычынаў, на якія паказвае Фёдар Баўх.

Наш суразмоўца ў Бэрліне быў зьдзіўлены гісторыяй Фёдара Баўха. Паводле досьведу габрэйскіх эмігрантаў у Берліне, рэлігійнае пытаньне нават ня значыцца ў анкетах, якія запаўняюць эмігранты. У Бэрліне згадалі толькі, што прадстаўнікам некаторых рэлігіяў уезд у Нямеччыну сапраўды забаронены, аднак ці выпадак зь беларускім грамадзянінам падпадае пад гэтае правіла — невядома.

Між тым, Фёдар Баўх настойвае на судовым працэсе.

(Баўх: ) “Мой выпадак можа быць не адзінкавым, таму я буду дамагацца, каб улады Нямеччыны прывялі сваё заканадаўства ў адпаведнасьць з Эўрапейскай канвэнцыяй правоў чалавека”, — заяўляе менскі пэнсіянэр. Як грашовую кампэнсацыю за маральныя страты ён патрабуе спагнаць з уладаў Нямеччыны 5 тысяч эўра.
XS
SM
MD
LG